Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Блізкае святло з далёкім прыцэлам. Як Рудзенск стаў галоўным пастаўшчыком на топавыя аўтазборачныя канвееры

02.02.2024

У нас было адразу тры падставы адправіцца ў Пухавіцкі раён. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня яго ўтварэння, мясцовы пасёлак Рудзенск адзначыць першы юбілей у статусе горада-спадарожніка Мінска, а яго горадаўтваральны завод аўтакампанентаў з рэактыўнай хуткасцю выходзіць на новую арбіту развіцця. Цяпер тут завяршаюць імпартазамяшчальны праект па асваенні апошняга пакалення святлодыёдных фар і ліхтароў для аўтамабіляў, аўтобусаў, грузавікоў, трактароў і камбайнаў.

Узлёт па вертыкалі

...23-гадовы Антон Шайко напэўна добра запомніць 2023-і як год, у якім ён двойчы пабываў у Кітаі і ўпершыню па 12 гадзін ляцеў над воблакамі ва ўтульным крэсле авіялайнера. Гаворыць, ад перажытага стрэсу ўсю дарогу праспаў, хоць з-за розніцы часавых паясоў у сутках не было ночы - днём вылятаў з Мінска, потым з Масквы і ў промнях асляпляльнага 35-градуснага сонца прызямляўся ў Шанхаі, гэтак жа, пакінуўшы змрок ззаду, у зваротным напрамку:

- Упершыню ў чэрвені лятаў усяго на 4 гадзіны - забраць прататыпы вырабаў у кітайскага партнёра. А вось другая камандзіроўка ў верасні доўжылася 12 дзён, нас было чацвёра - вялікі гонар для мяне, вобразна кажучы, жаўтаротага юнака, апынуцца ў адной кампаніі з дырэктарам, галоўным інжынерам і намеснікам галоўнага тэхнолага. У Шанхаі, Гуанчжоу і Тайчжоу пабывалі на прамысловых прадпрыемствах, якія ўразілі небывалымі маштабамі: уявіце абсталяванне на некалькі паверхаў, на ім пад ціскам адліваюць дэталі з пластыку адразу пяці колераў. У гарадах 10-20-мільённіках здзівіла вялікая колькасць зялёнай расліннасці і поўная адсутнасць аўтамабільных затораў. Хоць машын шмат. Як размаўлялі? На англійскай мове. У дырэктара свабоднае валоданне тэхнічнай і размоўнай мовай - калі мы нешта не разумелі, перакладаў.

Мой субяседнік - вядучы інжынер-канструктар ААТ "Рудзенск", дзе другі год рэалізуецца імпартазамяшчальны інвестпраект па распрацоўцы і выпуску святлодыёдных фар, ліхтароў і святлоадбівальных устройстваў не толькі для ўсіх буйнейшых аўтазборачных прадпрыемстваў Беларусі, такіх як "МТЗ, "БЕЛАЎТАМАЗ", "БЕЛАЗ", "Гомсельмаш", але і расійскіх - "Група ГАЗ", "КАМАЗ", "Солерс", "АўтаВАЗ", "Растсельмаш". Малады спецыяліст родам са Светлагорскага раёна. Прыйшоў на прадпрыемства якраз у 2022-м пасля заканчэння профільнага факультэта БНТУ са спецыялізацыяй "оптыка, электронныя і лазерныя прыборы і сістэмы" і стаў не проста ўдзельнікам глабальнай мадэрнізацыі - аўтарам ноу-хау.

- Калі праектуецца мадэль святлотэхнічнага вырабу, трэба дакладна падлічыць шлях прамянёў ад крыніцы святла і ўсіх адбівальных паверхняў па правілах Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, міжнародных і нацыянальных патрабаваннях і стандартах. Гэта робіцца з дапамогай карціравання паверхняў і разлікаў у спецыяльнай камп'ютарнай праграме. У Антона атрымліваецца ідэальна, відавочна, таму яму і ўдалося замяніць нямоцны рассейвальнік са шкла на полікарбанатны і доследным шляхам даказаць яго эфектыўнасць, - удакладняе дэталі Аляксей Зубенка, галоўны канструктар ААТ "Рудзенск". - Шкляная лінза ўсярэдзіне фары награваецца ад крыніцы святла, а калі на яе ўздзейнічаюць мароз і снег, можа даць трэшчыну. Камандная работа, у якой Антон быў галоўным выканаўцам, дазволіла прадпрыемству перайсці на новыя пакаленні больш надзейных кампанентаў.

Санкцыі - да ліхтара

ААТ "Рудзенск" і сёння гатовы прапанаваць пакупнікам дзясяткі найменняў і сотні мадыфікацый святлатэхнікі. Ільвіная доля ідзе на экспарт. Але цяпер на завяршальнай стадыі асваенне вытворчасці імпартных аналагаў аўтамабільных святлодыёдных фар, ліхтароў і складаных камплектуючых да іх. Больш за Br12 млн - арыенціровачны кошт праекта. У мінулым годзе асвоілі Br9,5 млн, актыўна закуплялі абсталяванне. Вытворчы індэкс прадпрыемства вырас амаль на чвэрць, пасля амаль 50-працэнтнага прыросту на год раней. На фінішы чакаюць прыбаўку ў аб'ёмах яшчэ на трэць.

- Плануем асвоіць выпуск шасці найменняў фар і ліхтароў для камплектацыі аўтамабільнай, аўтобуснай і сельгастэхнікі. На мадэрнізацыю, закупку абсталявання і аснасткі атрымалі фінансавую падтрымку інавацыйнага фонду Мінскага аблвыканкама, а апынуўшыся ў пераліку "Адзін раён - адзін праект", змаглі куплю часткі абсталявання прафінансаваць на льготных умовах - пад 8 працэнтаў гадавых. Так хутчэй дапаможам нашым і расійскім топавым канвеерным аўтазборачным прадпрыемствам, якія сутыкнуліся з санкцыйнымі праблемамі - раптоўна на рынку зніклі імпартныя кампаненты, а без фар транспартны сродак проста не можа выехаць на дарогу. Другі момант: краіна не будзе траціць валюту на іх закупку, наадварот, стане зарабляць, - прадаўжаем размову з Андрэем Салановічам, дырэктарам ААТ "Рудзенск".

На імклівы рост заказаў, безумоўна, паўплывалі санкцыі. Да 2022 года маленькаму заводу колькасцю ўсяго паўтысячы чалавек было няпроста канкурыраваць з заходнімі гігантамі, тымі ж немцамі, напрыклад, якія забяспечвалі фарамі ўвесь расійскі аўтапрам.

- Якасць нашых вырабаў будзе на ўзроўні еўрапейскіх стандартаў па надзейнасці, мехабароненасці, факусіроўцы светлавога патоку, інакш не зможам іх сертыфікаваць, -гаворыць кіраўнік акцыянернага таварыства. - Серыйную вытворчасць некаторых пачнём ужо з сярэдзіны года. Працэс гэты не хуткі - ад паўгода да года. Перш чым купіць святлотэхнічныя вырабы, вытворцы грузавікоў або трактароў павінны занесці іх у сваю канструктарскую дакументацыю і пацвердзіць адпаведнасць патрабаванням краіны-спажыўца. Гэта стане магчыма толькі пасля амалагацыі, гэта значыць пацвярджэння такой жа адпаведнасці нашай вытворчасці.

Вытворчасць ліцця з пластмасы ў ААТ "Рудзенск" загружана кругласутачна, без выхадных з 8 раніцы да 8 вечара працуюць у інструментальным цэху. У мінулым годзе завод апынуўся сярод лідараў па росце колькасці работнікаў - плюс 133. Але рабочыя і спецыялісты яшчэ патрабуюцца, патрабуюцца, патрабуюцца…

- Ставім задачу па аўтаматызацыі зборачных ліній, каб зменшыць долю ручной працы, але сёння нам патрэбны інжынеры-тэхнолагі, канструктары і асабліва такія самародкі, як Антон Шайко, - рэзюмуе дырэктар.

"Панаехаўшыя"

У аддзеле галоўнага канструктара ААТ "Рудзенск", дзе працуе наваспечаны тэхнічны геній, з 14 супрацоўнікаў 6 - маладыя спецыялісты, і ўсе не мясцовыя. На прадпрыемстве да моладзі з дыпломамі, якія пахнуць свежай друкарскай фарбай (18 прыбылі ў мінулым годзе, 70 заявак пададзена ў бягучым), асабліва прыемныя адносіны - адразу пакой у інтэрнаце, дапамога ў набыцці мэблі і ўсяго неабходнага, пастаноўка на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На жаль, будаваць жыллё для работнікаў у прадпрыемства магчымасці няма, прыбытак ідзе на тэхразвіццё і добраўпарадкаванне завода - карпусы ў будаўнічым рыштаванні… Але могуць хадайнічаць перад райвыканкамам аб уключэнні ў гарадскія праграмы льготнага крэдытавання.

Рэальныя перспектывы ў шматдзетных сем'яў, у гэтым годзе ключы ад уласных кватэр атрымаюць дзве. Для Антона Шайко гэта пакуль толькі мара. Значным бонусам стане мэтавае накіраванне ад прадпрыемства на бясплатнае навучанне ў магістратуру. А там не за гарамі і аспірантура - хлопец гарыць жаданнем яшчэ падвучыцца.

Клопат пра моладзь актыўна праяўляе і Пухавіцкі райвыканкам - каб хлопцы і дзяўчаты, мясцовыя і тыя, што апынуліся ўдалечыні ад дома, не засумавалі. У дзень нашага прыезду Антон Шайко, напрыклад, начышчаў парадны касцюм і адгладжваў белую кашулю з бабачкай - рыхтаваўся да раённага маладзёжнага балю ў вядомым на ўсю краіну парк-атэлі "Версаль" вёскі Сяргеевічы. Да таго цэлы месяц з прафесійным харэографам развучваў паланэз, астон дэнс, польку і вальс. Традыцыя ў раёне з'явілася ў мінулым годзе. Для аматараў спартыўнага адпачынку - турзлёты і сплавы па рэках на байдарках.

Працоўныя рэсурсы - галоўная праблема прадпрыемства, якое імкліва развіваецца, з 665 супрацоўнікаў якога 263 (!) даводзіцца штодзень дастаўляць з Мінска, Гатава і іншых населеных пунктаў Мінскага, Уздзенскага, Асіповіцкага раёнаў. Удумайцеся, амаль кожнага другога!

Сярод іх, дарэчы, і мясцовая легенда - Данута Вікенцьеўна Кулеш, вядучы інжынер па падрыхтоўцы вытворчасці аддзела развіцця і спецыяліст па ідэалагічнай рабоце па сумяшчальніцтве, бесперапынны стаж работы якой у ААТ "Рудзенск" больш за 53 гады. У мінулым годзе прэм'ер-міністр асабіста ўручыў ёй медаль "За працоўныя заслугі". Заслужаны супрацоўнік больш за гадзіну дабіраецца на работу з Гатава.

Гэта, вядома, лепшы доказ адданасці прафесіі і прадпрыемству, але і факусіруе наш інтарэс да развіцця самога горада - спадарожніка Мінска. Але пра гэта крыху пазней, а пакуль зазірнём у Пухавіцкі лясгас, які таксама стаў удзельнікам пула "Адзін раён - адзін праект".

Грошы ў рост

Беларуская дрэваапрацоўка не менш востра адчула ўплыў санкцый, толькі, на жаль, не ў плюс, а ў мінус. Праўда, толькі на некаторы час.

- Раней пастаўлялі піламатэрыялы ў асноўным на еўрапейскі рынак. Цяпер развярнуліся ў іншы бок, змянілася лагістыка. Рынкі сталі далей. Таму і спатрэбіўся такі праект. Праз пару месяцаў завяршаем будаўніцтва комплексу - 4 сушыльныя камеры, кацельня на дранцы, вытворчыя будынкі. Больш падрыхтаваная драўніна важыць менш, такім чынам, скарачаюцца затраты на яе перавозку, і каштуе сухая дошка на рынку даражэй, - праводзіць экскурсію па будпляцоўцы, дзе нават у мароз кіпіць работа, дырэктар дзяржаўнай лесагаспадарчай установы Аляксандр Ракіцкі. - На кожным кубе дадаткова будзем зарабляць 25 долараў. За мінулы год вырабілі дошкі, што ў асноўным і ідзе на экспарт, 1700-1800 кубоў. Лёгка падлічыць дадатковую выручку.

На месцы, дзе завяршаецца будаўніцтва сушыльнага комплексу, пуставалі 47 будынкаў былой ПМК-20 і 7,5 га зямлі. Цяпер тут два дрэваапрацоўчыя цэхі, з'явяцца яшчэ і рамонтныя майстэрні.

Кошт праекта больш за Br5 млн, крэдытных грошай лясгасу спатрэбілася і таго менш - Br1,7 млн, у асноўным будаўніча-мантажныя работы і абсталяванне - за свой кошт. Умовы вельмі камфортныя: пагашэнне асноўнага доўгу - пасля ўводу комплексу ў эксплуатацыю.

- Дадаткова хочам набыць стругальны станок - зможам рабіць вагонку, падлогавую дошку, піламатэрыялы для рэалізацыі на экспарт і на ўнутраным рынку, - удакладняе дырэктар і ўжо думае, як запоўніць 20 новых рабочых месцаў да 402 па штатным раскладзе. Выйсце адно - падняць зарплату, за 2023 год сярэдняя па лясгасе 1756 рублёў у месяц.

Зноў галоўны наратыў - рабочыя рукі патрабуюцца, патрабуюцца, патрабуюцца...

Трэнды на арбіце спадарожніка

Пухавіцкі раён у прынцыпе вельмі спецыфічны. Кожную раніцу і вечар у вакзалаў і аўтастанцый броўнаўскі рух: электрычкі і маршруткі дастаўляюць тысячы людзей з бліжэйшых вёсак, раёнаў і гарадоў, уключаючы Мінск, і наадварот. Тры чвэрці эканомікі рэгіёна фарміруе не сельская гаспадарка (сельгасарганізацыі ў даверным кіраванні або філіялы і прыватныя), а больш за 100 прамысловых прадпрыемстваў, якія павялічылі аб'ём вытворчасці ў мінулым годзе на 13,1 працэнта да ўзроўню 2022-га і ў 3 разы - да 2015 года, калі тут толькі з'явіўся горад-спадарожнік. І практычна на кожным прадпрыемстве рэалізуюцца інавацыйныя праекты, удасканальваюцца тэхналогіі, ствараюцца навінкі.

Напрыклад, пабываўшы ў ААТ "Пухавіцкі доследна-эксперыментальны завод", мы даведаліся, што да свайго 95-годдзя таварыства атрымала лепшы падарунак - дагавор на пастаўку маскоўскаму метрапалітэну 36 тыс. т цюбінгаў (унікальная прадукцыя: вага самага лёгкага чыгуннага кальца для пракладкі тунэляў пад зямлёй амаль 5,5 т, а самага цяжкага - 21 т). Гэта ў 3 разы больш за гадавую магутнасць прадпрыемства і гарантаванае паступленне экспартнай выручкі ў краіну. Паралельна з цюбінгамі тут выпускаюць чыгунныя люкі і ліўневыя рашоткі ўсіх відаў - таксама ёмістая ніша на рынку збыту.

Аляксандр Кончанка, вось ужо 35 гадоў нязменны дырэктар, доўга расказваў аб праграме мадэрнізацыі, гатоўнасці вучыць і дастаўляць работнікаў з суседніх раёнаў і рэкордных заработках у ліцейцы - па Br4-5 тыс. у месяц, пры сярэднямесячнай зарплаце па году Br1850.

А ў ААТ "Машхарчпрад" (буйнейшы ў краіне вытворца і экспарцёр бульбянога пюрэ, у тройцы лідараў на рынку чыпсаў), амаль як і на заводзе аўтакампанентаў, кожны трэці работнік не з мясцовых. Прычым ёсць прыезджыя з не вельмі і блізкіх Магілёўшчыны, Віцебшчыны і Брэстчыны. Шмат выпускнікоў магілёўскага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій.

Акрамя таго, зразумела, без якіх-небудзь ільгот і прэферэнцый каля Мінскай ЦЭЦ-5 у пасёлку Дружным разрастаецца прамзона. Толькі таму, што там ёсць усё неабходнае для любога інвестара - электраэнергія, чыгуначная ветка і камунікацыі. Больш за 20 невялікіх прадпрыемстваў колькасцю да 100 чалавек займаюцца перапрацоўкай другаснай сыравіны, пракатам і ліццём, дрэваапрацоўкай, выпускаюць падкладку пад ламінат.

Не гаворачы ўжо пра будаўніцтва заводаў амінакіслот і камбікорму для сельгасжывёлы і рыбы Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Па стратэгічным плане да 2035 года прамзона ЦЭЦ-5 і кластар БНБК аб'яднаюцца ў прамысловы парк "Рудзенск" плошчай 1,4 тыс. га.

Ці ўсё ведае статыстыка?

А цяпер дарэчы пагаварыць, з якімі ж вынікамі сустракае юбілей горад-спадарожнік Мінска, які стаў своеасаблівай візітнай карткай раёна. Прычым у 2014 годзе, калі такі ж статус адначасова атрымалі Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Смалявічы і Фаніпаль, менавіта на агламерацыю Рудзенск - Дружны ўскладаліся самыя вялікія надзеі - чарадзе бліжэйшых вёсак наканавана было знікнуць пад бетонным фундаментам індустрыяльных дзевяціпавярховак. Да 2030 года распрацоўшчыкі генплана горадабудаўнічай палітыкі Мінска прагназавалі прырост мясцовага насельніцтва з 11,5 тыс. да 81 тыс.

Галоўным козырам раёна стала гістарычна сфарміраваная канцэнтрацыя прамзон і каля іх - пасёлкаў гарадскога тыпу. Свіслач - завод горнага воску, Праўдзінскі - торфабрыкетны, Светлы бор - кардонная фабрыка, Дружны - ЦЭЦ-5 і крыху пазней Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, Рудзенск - аднайменнае прадпрыемства па выпуску аўтакампанентаў. Таму мінчанам, якія перасяліліся сюды, у сталіцу давялося б ездзіць хіба што толькі ў гандлёва-забаўляльныя молы, тэатры, кіно і на атракцыёны. Рабочых месцаў, бадай што, хапіла б усім. Дарэчы, у адрозненне ад іншых гарадоў-спадарожнікаў. Акрамя таго, за 6 км ад Мар'інай Горкі вёска Антанова - геаграфічны цэнтр Беларусі.

Але што цяпер нам гавораць афіцыйныя статсправаздачы? Насельніцтва г.п. Рудзенск не толькі не павялічылася, але нават зменшылася - з 2680 да 2671, а ў Дружным вырасла толькі на 10 працэнтаў - плюс 917 чалавек. Так сабе вынік, пры тым што райцэнтр недалічыўся больш за тысячу.

І генплан падкарэкціравалі: чакаюць цяпер толькі 41 тыс. насельніцтва да 2035 года, з іх 25,5 тыс. разлічваюць "прывезці" з Мінска. Але чаму прагнозы не збыліся? Гэта пытанне я адрасавала намесніку старшыні Пухавіцкага райвыканкама Наталлі Літвінчук.

- Спадарожнікам сталіцы хоць і лічыцца Рудзенск, але ў перспектыўныя гарадскія межы ўваходзяць таксама пасёлак Дружны, вёскі Рог, Крыніца, Варшаўка, Рудзенск-2, Востраў, плюс землі садоўніцкіх таварыстваў. З 2014 года насельніцтва агламерацыі Рудзенск - Дружны вырасла з 11,5 тыс. да 13,3 тыс. чалавек, і гэта далёка не дакладныя звесткі, таму што немагчыма ўлічыць усіх, хто прыязджае сюды кожны дзень на работу або здымае жыллё. Паводле нашых ацэнак, у Дружным ужо рэальна 13-14 тыс. Ёсць выпадкі, што людзі ў Мінску здаюць кватэру і пасяляюцца тут. Транспартныя зносіны цудоўныя, практычна маятнікавыя. Да Мінска на маршрутцы - 25 мінут, з Рудзенска кожную гадзіну ідзе электрапоезд. Так, пакуль ён не можа даць мінчанам і працоўным мігрантам з іншых рэгіёнаў выгадныя жыллёвыя праграмы, як Смалявічы, затое актыўна прыцягвае іх на работу. Больш за 2300 малых і сярэдніх прадпрымальніцкіх структур забяспечылі 40 працэнтаў падатковых паступленняў мясцовага бюджэту ў мінулым годзе.

У чарзе на жыллё ў раёне ўжо 4,3 тыс. чалавек (прыкладна пароўну ў горадзе і вёсках) толькі шматдзетных сем'яў у ёй 537, з іх 372 - у сельскай мясцовасці. Хоць у параўнанні з 2014 годам будуецца на дзве трэці больш. На 2024 год для шматдзетных запланаваны да ўводу ў эксплуатацыю 80-кватэрны дом у Дружным.

Раён наш з вялікім патэнцыялам, у дзявятку буйнейшых па аб'ёме прамысловай вытворчасці ўваходзім, па ўзроўні заработнай платы ў першай пяцёрцы, - каменціруе лічбы намеснік старшыні райвыканкама. - У мінулым годзе добра спрацавалі практычна ўсе, але ААТ "Рудзенск" у тройцы бясспрэчных лідараў. Прэстыжны праект, хуткімі тэмпамі ідзе перааснашчэнне зборачнай, ліцейнай і інструментальнай вытворчасці, расце заработная плата, адна з самых высокіх у раёне, экспарт (больш за 70 працэнтаў). Карпусы прадпрыемства, пабудаваныя шмат гадоў таму, абнаўляюцца і знешне, і ўсярэдзіне, добраўпарадкоўваюцца.

Змяняецца выгляд не толькі прадпрыемстваў, але і самой агламерацыі Рудзенск - Дружны. Тут гандлёвыя сеткі адкрываюць ужо не проста магазіны, а адразу гандлёвыя цэнтры. У кафэ аднаго з іх мы пераканаліся: вараць смачную каву і прапаноўваюць арыгінальную выпечку. Гэта сямейны бізнес мясцовых прадпрымальнікаў - стварылі ўласную гандлёвую сетку ў вёсках і пасёлках.

Дарэчы, аблічча Дружнага будзе крыху іншым, чым Смалявіч. Нараўне з шырокімі вуліцамі, забудаванымі дзевяціпавярховымі дамамі, разрастаецца Дружны аднапавярховы - вуліцы катэджаў і таўнхаусаў з прысядзібнымі ўчасткамі. Само жыццё ўнесла карэктывы ў генплан - суадносіны шматкватэрных новабудоўляў і індывідуальных дамоў у раёне змянілася дыяметральна. Калі 10 гадоў таму кожны другі квадратны метр ствараўся ў вышынных дамах, то цяпер 87 працэнтаў прыпадае на прыватную забудову, амаль трохразовы рост. Тэндэнцыю замацавалі на паперы - у абноўленай канцэпцыі развіцця.

- У агламерацыі Рудзенск - Дружны ёсць усе шанцы вырасці да шматтысячнага горада -спадарожніка Мінска, - упэўнены старшыня Пухавіцкага райвыканкама Андрэй Атрушкевіч. - Пры пэўнай складанасці і забалочанасці грунту вакол Рудзенска Дружны, размешчаны за 2,5 км ад яго, з пункту гледжання інфраструктуры - гатовая пляцоўка для будаўніцтва жылля. Такая ў нас тапанімічная асаблівасць: раён Пухавіцкі - райцэнтр Мар'іна Горка, горад-спадарожнік Рудзенск, а развіццё ідзе і ў Дружным. Чакаем, калі сюды, як у Смалявічы, прыйдзе Мінскі гарвыканкам са сваімі праграмамі крэдытавання чаргавікоў.

Пасёлак забудоўваецца, умоўна, кварталамі - у кожным ствараюцца камфортныя ўмовы, уключаючы гандлёвы цэнтр, спартыўныя пляцоўкі, месцы для адпачынку і паркоўкі аўто. Другі суперсучасны дзіцячы сад на 230 месцаў з'явіўся ў 2021 годзе. Сярэдняя школа б'е рэкорды сярод сельскіх па запаўняльнасці - 1400 вучняў, 10 гадоў таму дзяцей навучалася на 65 працэнтаў менш. Рэканструюецца пачатковая. У 2024-м першых пацыентаў прыме бальніца.

Плюс парк адпачынку - любімае месца жыхароў пасёлка для правядзення вольнага часу: дзіцячы гульнявы комплекс, стадыён з міні-футбольным полем і пляцоўкай для баскетбола і валейбола і інш.

Але галоўнае, на што звяртаеш увагу, - усмешкі мясцовых жыхароў. З адной такой вялікай дружнай і вясёлай сям'ёй пазнаёміліся. Ірына і Аляксей Панкратовічы і чацвёра іх дзяцей чатыры гады таму пераехалі ў Дружны з вёскі Суцін Пухавіцкага раёна. Атрымалі бясплатна ад дзяржавы ва ўласнасць амаль 90-метровую кватэру, бухгалтар і трактарыст без цяжкасці знайшлі добрааплатныя працоўныя месцы і прызналіся, што цяпер проста ўлюбёныя ў горад-спадарожнік. Запрасілі прыехаць летам, калі ён увесь патанае ў квецені.

Дарэчы, з 2022 года, як удакладнілі ў райвыканкаме, калі ўступілі ў сілу змяненні ва Указ нумар 13 аб дзяржпадтрымцы грамадзян у будаўніцтве і набыцці жылля, да вырашэння жыллёвай праблемы шматдзетных сем'яў падыходзяць асабліва ўважліва. Вяскоўцы з ільготнымі крэдытамі будуюцца толькі ў вёсках і па ўзгадненні з работадаўцам - у Дружным. Інакш, не дачакаўшыся мінчан, горад-спадарожнік, які дынамічна развіваецца, з попытам на працоўныя рэсурсы вельмі засмуціць аддзелы кадраў суседніх паселішчаў.

Думаецца, такім жа сваім у перспектыўным горадзе-спадарожніку хутка стане і Антон Шайко, які ўсяго праз год пасля заканчэння ВНУ атрымаў магчымасць для выдатнай кар'еры. Ён цяпер не проста зялёны малады спецыяліст - вядучы інжынер-канструктар. А ў ААТ "Рудзенск" апошнія два гады адбываюцца такія радыкальныя змены, аб якіх раней можна было толькі марыць, - асвойваюцца святлодыёдныя навінкі новага пакалення на ўзроўні еўрапейскіх стандартаў з ёмістым рынкам збыту. Гэта і ёсць галоўная мэта ініцыятывы Прэзідэнта "Адзін раён - адзін праект". Інвестыцыі ідуць туды, дзе яны патрэбны менавіта цяпер і дадуць хуткі эфект. У Пухавіцкім раёне ён ёсць. Праверана.

БелТА

Крыніца: minsk-region.gov.by

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы