Адрес:

223927, Минская область,
г. Копыль, пл. Ленина, 6

Режим работы

x

Режим работы
понедельник-пятница с 8.30 до 17.30,
обед с 13.00 до 14.00 (приём обращений от граждан и юридических лиц - с 8.00)
суббота-воскресенье - выходной

Режим работы службы «одно окно»:
понедельник-вторник с 8.00 до 17.00,
среда с 8.00. до 20.00
четверг-пятница с 8.00. до 17.00
обеденный перерыв с 13.00 до 14.00
Суббота с 9.00 до 13.00
Воскресенье-выходной

Прием граждан по вопросам осуществления административных процедур

Телефон:

+375 (1719) 28-2-60

Единый телефонный номер
справочной службы "одно окно":

142

Телефон «горячей линии»:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

80 лет назад в семье хлеборобов родился будущий ученый-фольклорист Антон Иванович Гурский

10.02.2016

У той час лютавалі траскучыя маразы, завеі намяталі высокія гурбы снегу, але ў хаце было цёпла і ўтульна. Матуля Марыя спявала немаўляці беларускія песні пра «зімачку-зіму…», пра «рэчаньку быструю…» Пад гэтыя мілагучныя спевы ён хутка засынаў, але ў памяці адкладвалася любоў да народных песень. Можа таму, калі вырасце, у яго праявяцца паэтычныя здольнасці і разуменне народнай песеннай творчасці. Ён будзе даследаваць песенны фальклор і напіша ў сваіх кнігах сакавітай мовай пра абрады беларусаў, зробіць шмат іншых даследванняў у фалькларыстыцы і ўзбагаціць нашу беларускую спадчыну.
Вёска Свінка (ці сёння Лугавая) дала радзіме шмат талентаў, якія добра вядомы ў роднай Беларусі: мовазнаўцаў Мікалая і Канстанціна Гурскіх, пісьменніка Васіля Сташэўскага, вядомага на Капыльшчыне педагога, заслужанага настаўніка БССР Валянціна Жалкоўскага і іншых знакамітых людзей.

Ля помніка аднавяскоўцам у в. Лугавая, 2012 год
Бацька Антона Іван Вікенцьевіч адным з першых уступіў у калгас «Бальшавік» (вось чаму сярэдняя школа ў вёсцы называлася Бальшавіцкая) і заўсёды паказваў узор у працы. Напрыклад, на касьбе травы ён абганяў усіх касцоў, ды і на іншых сельгасработах яму не было роўных. Хтосьці ад зайздрасці напісаў данос на перадавіка, нібы той шкодзіць калгасу, яго асудзілі і адправілі ў ссылку. Хлопчыку тады было ўсяго два гады. А маці, якая працавала даяркай, выключылі з калгаса (як жонку ворага народа). Выжыць было цяжка, перабіваліся як маглі, чацвёра дзяцей дапамагалі маці абрабляць прысядзібны ўчастак, збіралі ўлетку грыбы, ягады. А суседзі былі добрыя, не баяліся дапамагаць гаротнікам і дзяліліся хто збожжам, а хто і бульбай.
Антон не па гадах сталеў і ў душы яго расла павага да вяскоўцаў за іх дабрыню. Старэйшая сястра стала настаўніцай і падтрымлівала сваёй зарплатай сям’ю. Але як зарадаваўся Антон, калі ў пачатку 1941 года бацька вярнуўся з далёкай ссылкі дадому. Жыць з бацькам стала лягчэй, аднак вайна прынесла нягоды і гора. Карнікі рабілі набегі і лютавалі, яны не толькі здзекаваліся з вяскоўцаў, але і многіх забівалі. Нямецкія самалёты не давалі спакою, і ад бомбаў гінулі дарослыя і дзеці. Падчас аднаго з налётаў загарэлася хата Гурскіх, брацікі і сястрычкі Антона цудам засталіся жывыя. Аднаго разу, калі Антон пасвіў кароўку каля лесу, кулямётныя чэргі з варожага самалёта ўзаралі зямлю вакол хлопчыка, але ён па міласці Божай застаўся жыць. І Бог зберагаў яго не раз.

З выпускнога альбома, 1959 год
Для хлопца была вялікая радасць, калі прый-шло доўгачаканае вызваленне ад акупантаў. У небе ўжо было чыста, больш не палохалі людзей варожыя сцярвятнікі. Але яшчэ шэсць доўгіх гадоў сям’я Гурскіх жыла ў зямлянцы, і толькі ў 1950 годзе пабудавала новую хату.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны мужна змагаўся старэйшы брат Антона — Яўген. Ён штурмаваў Берлін і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За адвагу». Пра яго ў адным з нумароў райгазеты напісаў былы аднакласнік па Песачанскай школе і сябра Яўгена, колішні дырэктар Лясноўскай СШ Валянцін Юльянавіч Жалкоўскі. Як ён успамінаў, з Яўгенам можна было смела ісці ў разведку.
Яўген Гурскі стане прафесарам матэматыкі і будзе выкладаць у ваеннай акадэміі. А вось Антон Іванавіч закончыць родную Бальшавіцкую дзесяцігодку, якая дасць яму грунтоўныя веды. Яго школа месцілася каля вірлівай рачулкі Лоша, якая ўпадае ў славуты Нёман. Антон чуў ад вяскоўцаў і настаўнікаў цікавыя легенды і паданні пра Лошу і Нёман. У гэтых аповедах Лоша была прыгожай дзяўчынай, а Нёман — працавітым асілкам. Гэтая легенда пераказвалася і яго бацькамі, таму Антон занатаваў яе ў сшытак. Па-рознаму даносіліся гэтыя паданні. І калі Антон Гурскі стане навукоўцам, ён верне першапачатковую чысціню падання.
У пачатковых класах хлопчыкаў і дзяўчынак вучыў Павел Юльянавіч Касцюк. Антон заўсёды быў выдатнікам і сябрукам дапамагаў рыхтавацца да заняткаў. У старэйшых класах настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Антонаўна Цвірка арганізавала драмгурток, ладзіла ў ім пастаноўкі і літаратурныя вечары, якія не абмінаў Антон Гурскі. Выступалі настаўнікі і вучні дзесяцігодкі перад хлебаробамі з канцэртамі, спявалі беларускія народныя песні, а вяскоўцы праводзілі абрады на Каляды, Масленіцу. Такая творчая атмасфера заклала ў душы будучага вучонага моцны падмурак. Ад бацькі і маці Антону перадалася любоў да абраднасці, песень. І гэта паспрыяла яму ў даследаванні вуснай мастацкай творчасці беларусаў.
У 1959 годзе Антон Іванавіч закончыць Мінскі педагагічны інстытут, і, ведаючы задаткі юнака і любоў да фальклору, яго запросяць у Інстытут мастацтва, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. І там нястомная навуковая праца прынесла яму славу. Дарэчы, у вайну багатыя скарбы беларускага фальклору былі знішчаны, але дзякуючы такім навуковым супрацоўнікам, як Антон Іванавіч Гурскі, большасць народнай беларускай спадчыны аднавілася. Наш славуты зямляк даследуе народную творчасць і вучыць студэнтаў прымнажаць фальклорныя багацці, пакуль іх носьбіты яшчэ жывыя. Ён быў кіраўніком студэнцкіх экспедыцый і паказваў студэнтам, у якім кірунку весці пошук песеннай творчасці нашых продкаў. І сам збіраў тысячы ўзораў народнай паэтычнай творчасці: казкі, быліны, частушкі, прымаўкі і прыказкі, загадкі.
Антон Іванавіч паспяхова абараніў дысертацыі і стаў самавітым вучоным. Сам дасягнуў вышынь у вучоным свеце і даў дарогу ў навуку такому вядомаму даследчыку фальклору і этнаграфіі, як Васіль Ліцвінка, іншыя вучні таксама дабаўляюць яму гонару. Антон Іванавіч валодае рознабаковым талентам, як літаратурным, так і журналісцкім, мова ў яго багатая і вобразная, таму ён напісаў шмат кніг пра народныя песні, легенды, загадкі. Ён, можна сказаць, стварыў цэлую бібліятэку. Як цікава чытаецца яго кніга «Тайны народнай песні», дзе аўтар прааналізаваў народныя лірычныя песні, якія напоўнены яркай сакавітай мовай. Гурскі расказвае пра іх сімволіку і багатыя мастацкія прыёмы, якія прымянялі нашы продкі пры стварэнні песень. Не менш выразна напісана кніга «Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі». Аўтар вяртае з небыцця беларускія песенныя каштоўнасці.
Нялёгкая работа ў вучонага-фалькларыста. Каб адрадзіць гучанне песні ў тым ключы, як яна нарадзілася, даводзіцца збіральніку народнай спадчыны праслухаць шмат вяскоўцаў, якім перадаліся песенныя скарбы іх бацькоў. Шматлікія падарожжы па вёсках з хаты ў хату вяртаюць нам паўзабытыя песенныя шэдэўры з далёкай мінуўшчыны. А гэтыя лірычныя песні гучаць лепш і прыгажэй, чым некаторыя на сённяшняй эстрадзе.
Нядаўна выйшла аформленая ў добрай каляровай гаме кніга «У ноч на Івана Купалу». Апрацаваныя Гурскім паданні і легенды настолькі цікавыя, што чытаюцца на адным дыханні. Аўтар аддае даніну павагі казачнікам мінуўшчыны і называе рэгіёны Беларусі, дзе ствараліся казкі. У яго творах ёсць і пра лесавікоў і вадзянікаў, і пра свавольства паноў, з якімі змагаюцца як людзі, так і сілы прыроды. Знай-шлося месца для русалак, ваўкалакаў, дамавых, якія бытуюць у славянскай міфалогіі. Гурскі зрабіў шмат даследаванняў, і гэта дало магчымасць выдаць зборнікі легенд, казак: «Дрэва Кахання», «Музыка-Чарадзей», «Не сілай, дык розумам» і шмат іншых цікавых кніжак. Яго імя назаўсёды ўпісана ў фалькларыстыку і этнаграфію. Ён вучыць любіць свой народ і паважаць яго спадчыну.
Звяртаюцца да творчасці вучонага юныя краязнаўцы Лясноўскай і Слабадакучынскай сярэдніх школ. Там вучні займаюцца краязнаўствам і фальклорам, дзейнічаюць гурткі «Спадчына», і гурткоўцы выступаюць на розных святах. Антон Іванавіч Гурскі часта сустракаецца з рабятамі і дае ім слушныя парады, таму кожнае выступленне школьных краязнаўцаў становіцца вельмі запамінальным, і нават клубныя работнікі набіраюцца ад рабят вопыту. Антон Іванавіч шмат гадоў сябруе з супрацоўнікамі раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі. Часта бывае ў кніжнай скарбніцы, дзе расказвае аб сваіх планах і задумах. «А нядаўна ён перадаў нам багатую бібліятэку кніг беларускіх і рускіх класікаў, а таксама свае новыя кнігі і манаграфіі, якія былі нядаўна выдадзены, — расказала дырэктар бібліятэкі Таццяна Пятроўна Серая. — Ён тэлефанаваў нам і хацеў наведацца перад Новым годам, але планы памяняліся. Зараз наш добры сябар і дарадчык паехаў у Амерыку да дачкі Марыны, якая там жыве і працуе. А як вернецца — чакаем яго ў нашай бібліятэцы».
Іван ІГНАТЧЫК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»,
няштатны аўтар «СП»

Службы и структурные подразделения

Информационные ресурсы

Информационные ресурсы