Адрес:

223927, Минская область,
г. Копыль, пл. Ленина, 6

Режим работы

x

Режим работы
понедельник-пятница с 8.30 до 17.30,
обед с 13.00 до 14.00 (приём обращений от граждан и юридических лиц - с 8.00)
суббота-воскресенье - выходной

Режим работы службы «одно окно»:
понедельник-вторник с 8.00 до 17.00,
среда с 8.00. до 20.00
четверг-пятница с 8.00. до 17.00
обеденный перерыв с 13.00 до 14.00
Суббота с 9.00 до 13.00
Воскресенье-выходной

Прием граждан по вопросам осуществления административных процедур

Телефон:

+375 (1719) 28-2-60

Единый телефонный номер
справочной службы "одно окно":

142

Телефон «горячей линии»:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Нашему знаменитому земляку, поэту Анатолию Астрейко — 105 лет

26.07.2016

24 ліпеня мы з гонарам адзначаем 105-годдзе з дня нараджэння нашага знакамітага земляка, паэта Анатоля Астрэйкі (Акім Пятровіч Астрэйка).
Анатоль Астрэйка :
«Я шчыра ганаруся тым, што родам сам з-пад Капыля»

Замест прадмовы
Імя Анатоля Астрэйкі добра вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. «Песню пра Нёман», што стала амаль народнай, спяваюць як выканаўцы старэйшага, так і маладога ўзросту. На «Прыгодах дзеда Міхеда» вырасла не адно пакаленне беларусаў. Вялікія заслугі нашага земляка перад народам адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», шматлікімі медалямі.
Аднак Анатоль Астрэйка быў вельмі сціплым і закрытым чалавекам. У адным з вершаў ён сказаў пра сябе: «…Радавога верша я салдат».
Калыска пісьменніка — маляўнічы прынямонскі край, вёска Пясочнае. Наогул Капыльшчына — сапраўдны славуты пісьменніцкі куток (і гэтым паэт вельмі ганарыўся!), які нярэдка называюць «літаратурным гняздоўем Беларусі».
Паводле ўспамінаў вядомага краязнаўцы, журналіста Усевалада Гурыновіча, у Анатоля Пятровіча было шмат сяброў. Ён знаходзіў агульную мову і з акадэмікамі, і з простымі людзьмі. Паэт вельмі любіў жыццё. Таму так шчыра да яго ставіліся і паважалі людзі. Некаторыя з жыхароў роднага Пясочнага і сёння памятаюць Анатоля Астрэйку. Напрыклад, настаўніца Песачанскай СШ
Ала Груша расказвае:
— Памятаю, калі я яшчэ была маленькай, паэт прыязджаў сюды, на сваю малую радзіму. Ён вельмі любіў прайсціся па вясковых вуліцах. Яго заўсёды ветліва сустракалі мясцовыя жыхары. Астрэйку падабалася прыпыніцца каля бабулек, што сядзелі на лавачках, і натхнёна чытаць ім свае вершы.

Дарэчы, памяць пра знакамітага земляка захоўваюць у Песачанскай СШ, дзе ў музеі аформлены стэнд, прысвечаны Анатолю Астрэйку. На ім змешчана шмат цікавых фотаздымкаў і біяграфічных матэрыялаў.
Як усё пачыналася
«Лета ў той год было ранняе і гарачае. Трэба жаць. I маці пайшла на жніво. Добра, што недалёка, хоць ісці ёй было нялёгка і няварта. У поўдзень яна адчула сябе нядобра. Прылегла пад снапы, каб хоць трошкі абараніцца ад спякотлівага сонца. Там, на полі, пад жытнёвымі снапамі, я і з’явіўся на свет. Крыху адпачыўшы і сабраўшы ўсе свае сілы, загарнула мяне маці ў прыпол і прынесла дахаты», — так у 1961 годзе напіша паэт у аўтабіяграфіі.
Сям’я, дарэчы, жыла даволі сціпла. Таму дзед і бабка не вельмі былі рады лішняму роту. Бацька хацеў назваць нованароджанага Толя, але мясцовы святар заўпарціўся. Маці згаджалася на любое імя, якое скажа бацька. Святар назваў хлопчыка Акімам. Аднак бацька раззлаваўся за такое імя. Таму вырашылі называць Толя.
Як старэйшы сын ён памагаў бацьку араць і сеяць, касіць і малаціць, шукаў дратву для яго шавецкай справы, падбіваў набойкі і нават навучыўся прыклёпваць падмёткі, пасвіў авечак і кароў. I адначасова — вучыўся, шмат чытаў. Першай настаўніцай для Астрэйкі стала яго цётка Параска, якая хадзіла па хатах і вучыла дзяцей. Не было сшыткаў, іх замянялі кавалкі кардону альбо шматкі шпалер, а замест падручнікаў — веды і памяць настаўніцы. Пазней ужо настаўнікі нядаўна створанай мясцовай школы Шаблюк, Абаза, Грынюк сталі прывіваць юным песачанцам любоў да кнігi. Анатолю вельмі падабаліся творы беларускіх пісьменнікаў, напісаныя тою мовай, на якой размаўлялі бацькі і аднавяскоўцы. Неўзабаве і ён пачаў складаць вершаваныя радкі на беларускай мове.
Паэтычныя крокі
У 1926 годзе Астрэйка ўжо быў актыўным селькорам газеты «Беларуская вёска», якая змяшчала яго допісы. Тады ж і рызыкнуў паслаць свае першыя вершаваныя спробы ў часопіс «Чырвоны сейбіт». Адказ быў сумны. Кузьма Чорны, які тады працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела, вершы пахваліў, але напісаў, што друкаваць іх яшчэ нельга.
Пасля заканчэння школы Анатоль Астрэйка становіцца студэнтам рамесніцкага вучылішча, куды яго залічылі на дрэваапрацоўчае аддзяленне. Але хутка зразумеў: гэта яму нецікава. Таму прыйшлося забраць дакументы. Зайшоў у канцылярыю белпедтэхнікума і — стала сумна: паступаючых на курсы вельмі многа. А ў пасведчанні аб заканчэнні сямігодкі ў графе «Беларуская мова і літаратура» напісана: «Запушчаны прадмет. Прычына: слабае старанне». «Гэта не так. Але нічога не паробіш. Мову сваю я люблю і літаратуру ведаю, — тлумачыў пазней Астрэйка. — Гэта помста мне за тое, што часта папраўляў настаўніцу на ўроках». Аднак вяртацца дадому яму было сорамна. Напісаў бацьку, што вучыцца, але пакуль што адрасу свайго не ведае. I ён вучыўся: хадзіў на заняткі кожны дзень, сядзеў у самым кутку і слухаў лекцыі. Настаўнікі яшчэ не ведалі ўсіх студэнтаў і таму думалі, што і гэты юнак — студэнт. I толькі на другі месяц Сяргей Замбржыцкі, выкладчык беларускай мовы і літаратуры, раптам заўважыў пабочнага чалавека. Але яго ўразілі настойлівасць і апантанасць, з якой вучыўся Астрэйка. Таму на педсавеце было вырашана: няхай застаецца.

На кожным студэнцкім вечары Астрэйка чытаў свае новыя вершы, яго запрашалі ў прэзідыум, быў членам студкама. I нават трохі пачаў задзіраць нос перад сябрамі. Выбраў модны сабе псеўданім — «Якім Зорны». Рэспубліканская газета «Чырвоная змена», а потым «Савецкая Беларусь» пачалі друкаваць яго творы.
15 мая 1930 года адбыўся датэрміновы выпуск. Студэнты белпедкурсаў атрымалі дыпломы настаўнікаў. Па запрашэнні рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына» Астрэйка едзе ў Полацк. Потым — зноў вяртанне ў Мінск. Вучоба ў педінстытуце імя Горкага і праца ў рэдакцыі «Калгасніка Беларусі», у часопісе «Напагатове». Пазней былі Орша, Горкі, вучоба ў Мінскім педінстытуце. Нарэшце — зноў у Мінску ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Тут Астрэйка сабраў усё, што было напісана, і лепшыя вершы выдаў асобным зборнікам у 1940 годзе пад назвай «Слава жыццю». Другі зборнік, які меўся выйсці ў 1941 годзе пад назвай «Квецень», так і не ўбачыў свет. Згінуў у полымi вайны…
Пра вайну і не толькі
У часы Вялікай Айчыннай вайны Астрэйка працуе адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Яго двойчы накіроўвалі на занятую фашыстамі тэрыторыю Беларусі. Знаходзіўся на Случчыне ў партызанскай брыгадзе імя Чкалава. У тыя часы быў напісаны зборнік вершаў пра баявыя справы народных мсціўцаў, азаглаўлены аўтарам «Слуцкі пояс». Усё тое народнае гора, што бачыў паэт, адбівалася пякучым болем у яго шчодрай душы.
У ліпені 1944 года, пасля вызвалення Мінска, разам з калектывам газеты-плаката Астрэйка вяртаецца ў родную сталіцу. Калі скончылася вайна, газета-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» была перайменавана ў часопіс «Вожык». Паэт застаўся працаваць адказным сакратаром. У 1946 годзе яго накіравалі ў Гродна для арганізацыі аддзялення Саюза савецкіх пісьменнікаў, якое ён і ўзначальваў каля двух гадоў і адначасова працаваў літаратурным кансультантам у газеце «Гродзенская праўда».
Пачынаючы з 1947 года, Анатоль Астрэйка трывала асталяваўся ў Мінску як пісьменнік-прафесіянал. З сярэдзіны 50-х гадоў і да апошніх дзён жыцця ён прафесійна займаўся пісьменніцкай працай. Усе 30 пасляваенных гадоў ён аддаў актыўнай творчасці, выдаў шмат паэтычных кніг.
Не стала паэта 23 жніўня 1978 года. Некралог з гэтай жалобнай нагоды падпісалі тагачасныя кіраўнікі Беларусі (першы з іх — Пётр Машэраў) і многія вядомыя беларускія пісьменнікі. Тыя, хто добра ведаў Анатоля Астрэйку асабіста, гаварылі пра яго як пра чалавека жыццялюбнага і светлага, шчырага і вясёлага.
7 мая 1980 года згодна з пастановай Савета Міністраў БССР Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прысвоена імя Анатоля Астрэйкі. Імя знакамітага паэта носіць і адна з вуліц нашага райцэнтра.
 
З гісторыі твораў
Песня пра Нёман
Сл. А. Астрэйкі
Муз. Н. Сакалоўскага
Ой, Нёман, і песня, і слава
Народа майго і зямлі,
Магілаю ворагам цеснай
Не раз твае хвалі былі.
Рака наша слаўная Нёман,
Чысцейшая чэрвеньскіх рос,
Хто мар не ўплятаў у твой гоман,
Табе хто пашаны не нёс?
Ой, Нёман, ой, бацька наш родны,
Як сонца, як дзень, дарагі,
Садамі цудоўнай Радзімы
Твае расцвілі берагі.
Многія вершы Анатоля Астрэйкі пакладзены на музыку не толькі беларускімі, але і рускімі кампазітарамі. Аднак ні адна з гэтых песень не можа па сваёй папулярнасці параўнацца са знакамітым «Нёманам». Гэта плён творчага супрацоўніцтва самога паэта і кампазітара Нестара Сакалоўскага, які з’яўляўся і аўтарам Дзяржаўнага гімна БССР. У Астрэйкі ёсць два варыянты верша, які зацікавіў кампазітара. Першы так і называецца — «Нёман», ён быў напісаны ў 1941 годзе пад Волхавам. Другі, безыменны, «Трапечуцца белыя хвалі…», нарадзіўся ў 1946-м у Гродне, калі краіна вярнулася да мірнага жыцця. З таго, другога, варыянта і радкі, што так хораша кладуцца на душу:
О, Нёман, і слава, і песня
Народа майго і зямлі,
Магілаю ворагу цеснай
Не раз твае хвалі былі.
Упершыню песню «Нёман» выканаў знакаміты Мікалай Варвулёў у лютым 1955 года ў Маскве, калі праходзіла Дэкада беларускага мастацтва і літаратуры. Усіх адразу захапілі словы, якія так шчыра, задушэўна перадаюць любоў беларускага народа да сваёй галоўнай ракі. Таму і ўдалася гэтая песня, бо ў ёй — усё тое, што Анатоль Астрэйка змалку прапускаў праз сваё сэрца.

Адам Русак і Анатоль Астрэйка з песачанскімі вучнямі
Праз два гады яна была запісана ў студыі і трапіла на пласцінку найлепшых запісаў Варвулёва, якую выдала студыя «Мелодыя». Сам спявак атрымаў да гэтага часу званне народнага артыста СССР і паехаў на працу ў Кіеў — ён па нацыянальнасці быў украінцам. Пасля яго «Нёман» спяюць іншыя артысты, у тым ліку Іосіф Кабзон.
Зборнік вершаў «Слуцкі пояс»

Зборнік «Слуцкі пояс» у 1943 годзе пад рэдакцыяй Мікалая Дастанкі быў выдадзены ў партызанскай падпольнай друкарні, якая выпускала слуцкую партызанскую газету «Народны мсцівец». Прадмову да кніжкі напісаў сакратар Слуцкага падпольнага райкама партыі Іпаліт Канановіч. Афармлялі яе, выразалі застаўкі з дубовых і бярозавых чурак партызаны-разведчыкі Саша Бяляеў і Саша Залаты. Паперу для кніжкі здабылі ў адным з баёў з фашысцкімі захопнікамі. Замест фарбы — вакса з сажай. Гэта было ў 1943. Экзэмпляр быў адпраўлены з варожага тылу за лінію фронта. З успамінаў Міколы Дастанкі: «Я ведаў, што Анатоль Астрэйка прыбыў з Вялікай зямлі да нас і заняў сваё месца ў радах адважных змагароў за свабоду і незалежнасць маці-Радзімы. Мне вельмі хацелася ўбачыць паэта-партызана, пагутарыць з ім. I вось аднойчы ў нашу падпольную рэдакцыю, што знаходзілася на востраве Горнае ў Загальскіх балотах, прыехаў ён сам. Я папрасіў даць верш у нашу газету.
— А я не адзін верш, а цэлую кніжку хачу вам прапанаваць, — адказаў паэт.
У той вечар амаль да самага світання не патухаў агеньчык у нашай партызанскай зямлянцы. Паэт чытаў вершы, якія былі вельмі блізкімі і зразумелымі нам, краналі душу. Раніцай я запытаў у наборшчыц Любы Куляшовай і Любы Шаўчук, ці здолеюць яны набраць кніжку. Яны не задумваючыся ў адзін голас адказалі: «Усё зробім!». Адчуваў наш настрой і Анатоль Астрэйка. Зборнік хацелася добра аформіць. Партызанскія мастакі Саша Залаты і Саша Бяляеў доўга думалі над вокладкай, і, трэба сказаць, атрымалася яна нядрэннай. Я папрасіў іх зрабіць для вершаў літары-застаўкі, якія яны старанна выразалі на кляновых кубіках. Для друкавання вокладкі кніжкі партызаны раздабылі чырвонай фарбы, а для пераплёту знайшлі нержавеючы медны дрот. Больш за месяц наш калектыў сапраўды нёс ударную вахту па выпуску «Слуцкага пояса». Не адыходзіў ад нас і аўтар».
«Слуцкі пояс» паступаў у атрады па меры яго друкавання. З ім народныя мсціўцы як з баявой зброяй ішлі на выкананне небяспечных заданняў. Так, супрацоўнік падпольнай «Звязды» партызан-журналіст Георгій Шчарбатаў 7 лютага 1944 года, вырваўшыся з варожай блакіроўкі партызанскіх атрадаў, запісаў у сваім дзённіку: «Зараз, калі я пішу гэтыя радкі, мне прыпомніліся словы верша Анатоля Астрэйкі:
Адно нам толькі невядома,
Ды гэта цяжка знаць,
Ці давядзецца жыць нам дома,
Ці новы лес шукаць».
Вядомы французскі пісьменнік-камуніст Луі Арагон у кнізе «Савецкая літаратура» асобны раздзел прысвяціў беларускай літаратуры. Ён называе нашу рэспубліку «партызанскай краінай», «краінай песні» і адзначае, што Беларусь мела сваіх партызанскіх песняроў, і сярод іх — Анатоль Астрэйка.
Пасля вайны, у 1964 годзе, зборнік перавыдалі.
«Прыгоды дзеда Міхеда»

У час партызаншчыны паэт распачаў працу над паэмай «Прыгоды дзеда Міхеда», якую ён адрасаваў юным чытачам. Першыя раздзелы твора друкаваліся ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». Паэма выйшла асобнай кнігай у 1956 годзе і прынесла яе аўтару заслужаны творчы поспех. Напісана яна займальна, з дасціпным гумарам. Пры стварэнні вобраза Міхеда паэт адштурхоўваўся ад лёсу рэальных людзей старога веку.
Найперш ён меў на ўвазе Герасіма Гальчэню, якому прысвечана паэма, а таксама памятаў пра палескага дзеда Талаша, братоў Цубаў і іншых мужных беларускіх дзядоў. Прататыпам юнага Міхаські стаў выхаванец штаба злучэння мінскіх партызанаў Толя Дзялендзік (Анатоль Дзялендзік — вядомы беларускі драматург).
Капылю
Здалёк, за вёрст, магчыма пяць
Ажно з Рымлянскае гары,
Мой гарадок Капыль відаць,
Яго будынкі і двары.
Яго старыя курганы
Мо не адну стаілі быль
Пра дні бяды, пра дні вайны,
Як рос, змагаўся мой Капыль.
У гэтым горадзе не раз
Для твораў любасць і цяпло
У светлы свой юнацкі час
Збіралі Гартны і Гурло.
Хаця не давялося ім
Дажыць да пераможных дзён.
Яны наказвалі жывым
Нанесці Капылю паклон.
Паміж руінаў я стаю.
Што крок — магілы пры сцяне.
Слязу ў вачах я не таю:
Так горка і балюча мне —
Паклон магілам дарагім.
Табе паклон, мая зямля.
Я шчыра ганаруся тым,
Што родам сам з-пад Капыля.
1945 г.

Службы и структурные подразделения

Информационные ресурсы

Информационные ресурсы