Мерапрыемства па традыцыі ладзіцца Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Мінскім аблвыканкамам, Маладзечанскім райвыканкамам.
Пачалося яно з ускладання кветак да помніка Янку Купалу. Пасля пісьменнікі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі наведалі філіял-музей паэта, дзе іх гасцінна сустракалі, правялі экскурсію супрацоўнікі ўстановы.
На імправізаванай сцэне ля свірна прайшло галоўнае мерапрыемства свята. Яго адкрылі, віталі ўсіх удзельнікаў дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская, начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Вольга Ананьева, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, мастацкі кіраўнік -- намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Алена Госцева. Паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі чыталі свае вершы, прысвечаныя Песняру, яго радзіме, роднай Беларусі. Гучалі і песні, напісаныя на словы Янкі Купалы, а таксама народныя, сучасныя. Разам са сталічнымі артыстамі радавалі сваёй творчасцю і нашы землякі: ансамбль народнай музыкі «Сакавінка», народны ансамбль народнай песні «Забудова» Чысцінскага СДК, народны вакальны ансамбль «Асалода» Раёўскага СДК.
На тэрыторыі запаведніка працавалі выстаўкі-продажы кніг, вырабаў народных умельцаў, праводзіліся майстар-класы, у тым ліку па пляценні купальскіх вянкоў. У Год міру і стварэння многія прыхільнікі беларускай паэзіі, творчасці Янкі Купалы прыехалі ў Вязынку сем’ямі, прывезлі дзяцей, каб яны з малых гадоў ведалі пра радзіму нашага Песняра, адчувалі прыгажосць беларускага слова, роднай прыроды, разумелі, колькі ў нас таленавітых людзей.
Источник: minsk-region.gov.by