Сёлета мы наладзілі цеснае супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй ветэранаў Пастаўскага раёна, — адзначыла адказны сакратар Мядзельскага раённага савета ветэранаў Святлана Мінчук. — Летам наша дэлегацыя пабывала ў Паставах, дзе сустрэлася з актывістамі грамадскага аб’яднання. А цяпер яны прыехалі ў госці да нас. Каб бліжэй пазнаёміцца, абмяняцца вопытам работы. Прыемна, што разам з намі сустракаў дэлегацыю з Пастаўскага раёна намеснік старшыні райвыканкама Руслан Вячаслававіч Жук.
Госці пабывалі на экскурсіі ў Мядзельскім музеі народнай славы. Пазнаёміліся з работай сектара па абслугоўванні дзіцячага чытача і аддзела абслугоўвання і інфармацыі Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца розным катэгорыям насельніцтва, у тым ліку людзям залатога ўзросту. Запомнілася ім наведванне Мядзельскай царквы Жываначальнай Тройцы і асабліва размова пра сямейныя, жыццёвыя каштоўнасці, выхаванне моладзі з благачынным цэркваў Мядзельскай акругі протаіерэем Ігарам Шалухам.
Па дарозе на Нарач ветэраны з Пастаўшчыны спыніліся ля помніка партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай ля вёскі Мікольцы. Усклалі кветкі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Акрамя таго, наведалі Цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі Мядзельскага раёна, а таксама касцёл Святога Андрэя Апостала ў аграгарадку Нарач.
Перапоўненыя ўражаннямі сабраліся пастаўскія ветэраны дадому. На развітанне шчыра дзякавалі сваім калегам з Нарачанскага краю за гасцінны прыём, цікавыя экскурсіі і новыя знаёмствы. Дамовіліся, што супрацоўніцтва будзе працягвацца.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Источник: minsk-region.gov.by