30снежня, Капыль /Уласн. iнф./ Дырэктары сярэдніх спецыяльных устаноў Міншчыны вывучалі вопыт і метады работы калектыву Капыльскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. У каледжы гасцей сустракалі выхаванцы гэтай навучальнай установы. Яны запрасілі прысутных на займальную экскурсію. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Літвінка правяла прэзентацыю «Асноўныя аспекты выхаваўчай работы ў адукацыйным працэсе вучэбнай установы». Пазнавальным стаў і развіваючы занятак з элементамі трэнінгу «Згуртаванасць і талерантнасць у групе», які правяла педагог-псіхолаг Таццяна Канаплянік. Дырэктары сярэдніх спецыяльных устаноў наведалі таксама выставу аб’яднанняў дадатковай адукацыі, пабывалі на дэгустацыі «Кулінарны калейдаскоп», у лабараторыі «Падрыхтоўка гарачых страў», у трэнажорнай зале, інтэрнаце, вытворчых памяшканнях. Цяпер у сувязі з новым статусам значна абнавілася вытворчая база, адбыліся радыкальныя змены ў абсталяванні кабінетаў, нават у настроі ўсяго калектыву, у гатоўнасці вырашаць сёння ўскладзеныя на іх няпростыя задачы. Сёння ўстанова мае 26 кабінетаў па агульнаадукацыйных і спецыяльных прадметах, 8 лабараторый, 9 майстэрняў, 3 аўтадромы, 3 камп’ютарныя класы, дзве спартыўныя залы. Прысутныя змаглі пазнаёміцца з дзейнасцю прадметных гурткоў, гурткоў тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, якія працуюць сумесна з раённым цэнтрам традыцыйнай культуры, мастацкай самадзейнасці, спартыўных секцый. У каледжы створаны ўмовы і для баўлення вольнага часу навучэнцаў. Усе іншагароднія навучэнцы забяспечваюцца інтэрнатам. Асаблівым момантам для ўсіх без выключэння стаў фрагмент выхаваўчай гадзіны ў рэжыме online з сельскагаспадарчай школай г. Йонішкі (Літва).