23 сакавіка, Капыль /Уласн. iнф./Зіма заўсёды вельмі напружаная для супрацоўнікаў ДУА “Вучэбна-курсавы камбінат падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Капыльскага райвыканкама”. Гэтую пару, калі ў механізатараў і іншых спецыялістаў АПК з’яўляецца больш-менш вольны час, яны выкарыстоўваюць для павышэння сваёй кваліфікацыі, якую і праходзяць на базе названай установы. Штогод тут павышаюць прафесійны ўзровень больш за тысячу чалавек. Акрамя трактарыстаў-машыністаў кароткатэрміновыя курсы праходзяць камбайнеры, слесары-рамонтнікі, токары, кавалі, электрагазазвар-шчыкі, машыністы КЗС, слесары па абслугоўванні малочнатаварных ферм, аператары машыннага даення кароў. Ім дапамагаюць удасканаліць веды па ахове працы, вядзенні пагрузачна-разгрузачных работ, перавозцы небяспечных грузаў аўтамабільным транспартам, арганізоўваем заняткі для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і спецыялістаў сярэдняга звяна. На базе установы можна прайсці перападрыхтоўку аператарам кацельні і вадзіцелям, вальшчыкам лесу і рамшчыкам, прадстаўнікам іншых прафесій. Арганізоўвана і навучанне па шэрагу прафесій. Да вядзення заняткаў запрашаюцца супрацоўнікі райсельгасхарчу, прам-атамнагляду, Слуцкай міжраённай інспекцыі працы, раённай камісіі па праверцы ведаў па пытаннях аховы працы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзялення дзяржаўтаінспекцыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і інш. З інтэнсіўнымі тэхналогіямі вядзення сельскай гаспадаркі нашых слухачоў знаёмяць і вучоныя з вядучых аграрных ВНУ нашай краіны. Пасля праходжання заняткаў слухачы здаюць экзамен. За апошнія некалькі гадоў машынна-трактарны парк гаспадарак папоўніўся новай энерганасычанай тэхнікай, якая ўяўляе сабой складаную камп’ютарызаваную сістэму. Яе дэталёвае вывучэнне дапаможа механізатару лепш падрыхтаваць “разумную” тэхніку да веснавых палявых работ, максімальна выкарыстоўваць увесь спектр магчымасцей. Таму вучэбна-курсавым камбінатам на базе РУП “МТЗ” было арганізавана навучанне механізатараў, якія працуюць на такіх трактарах, і інжынерна-тэхнічных работнікаў. У прыватнасці, такім чынам павысілі свой прафесійны ўзровень 11 машыністаў-трактарыстаў і 14 ІТР.




