Больш
за 30 гадоў таму на Капыльшчыне запалілася новая творчая зорка — ансамбль
народнай песні «Спадчына». З 1998 года — народны аматарскі калектыў Рэспублікі
Беларусь. Сёння народны ансамбль народнай песні «Спадчына» — адзін з лепшых
творчых калектываў Капыльшчыны. Доказ таму — удзел у разнастайных аглядах,
конкурсах, фестывалях.
Стваральнікам
калектыву і яго нязменным кіраўніком на працягу ўсяго часу існавання з’яўляецца
Валянціна Зарамбоўская. Менавіта яна адшукала і прывяла ў ансамбль самабытных
самадзейных артыстаў. Менавіта яна, нібы нітка ў пацерках, звязвае таленты і
аб’ядноўвае гэтых творчых людзей. Наш расказ аб той ролі, якую ў лёсе кожнага з
удзельнікаў адыгрывае ансамбль.
Валянціна
Зарамбоўская, мастацкі кіраўнік:
— З гэтым калектывам звязана ўсё
маё жыццё. Ён для мяне — другая сям’я. Я вельмі ўдзячна самадзейным
артыстам за працу творчую і няспынную, падчас вельмі напружаную, за захаванне
песеннай спадчыны беларусаў, за любоў да народнай творчасці.
Уладзімір
Зяньковіч, другі мастацкі кіраўнік ансамбля:
— Не памылюся, калі скажу, што
стаяў ля вытокаў стварэння ансамбля. Гэта было ў 1985 годзе, калі я працаваў у
РДК інструктарам па рабоце з дзецьмі і падлеткамі. Мяне заўсёды натхнялі
народныя песні, асабліва ў выкананні «Песняроў». Больш за ўсё падабалася песня
«Спадчына». Захацелася стварыць нешта падобнае. Летам якраз на практыку прыйшлі
Валянціна Зарамбоўская і Любоў Галубовіч. Ідэя стварыць ансамбль з’явілася неяк
сама па сабе. Але я не маю музычнай адукацыі, таму ўсё ў свае рукі ўзяла
Валянціна Сцяпанаўна. Разам з намі былі Сяргей Рамановіч, Леанід Матус, Алена
Валчкевіч, Тамара Дрожжа. Яны і ўвайшлі ў першы склад ансамбля. Нейкі час я не
працаваў у калектыве. Але зараз я зноў тут, у роднай «Спадчыне». Для мяне гэта
магчымасць адчуць нашу, беларускую, атмасферу. Калі загараюцца сафіты, калі
пераапранаешся ў народны касцюм, нібы трапляеш у зусім іншы свет, свет нашых
продкаў.
ХХХ
сусветны фестываль лесарубаў.
Х
фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй».
IV
абласны фестываль «Грай, гармонік».
Рэспубліканскія
фестывалі працаўнікоў сяла «Дажынкі-2011» і «Дажынкі-2014».
IV
міжнародны фестываль кулінарнага майстэрства «Мотальскія прысмакі».
Чэмпіянат
свету па хакеі ў 2014 годзе.
Абласныя
святы «Слуцкія паясы» ў 2013 і 2015 гадах.
Алена
Дзямідчык, намеснік дырэктара РЦК:
— Працую балетмайстрам у
калектыве больш за 20 гадоў. Мне падабаецца ставіць танцы, выхады-ўваходы да
той ці іншай песні, падабаецца афармляць кампазіцыі. Гэтым і сябе падганяеш, не
даеш расслабіцца. Тым больш, што калектыў у нас вельмі дружны. Паглядзіш на
артыстаў — і настройваешся з імі на адну творчую хвалю. На юбілейным канцэрце
выканалі танец з прыпеўкамі «Полька-Кука». Усім спадабалася.
Любоў
Галубовіч, загадчык аддзела культурна-масавай і метадычнай работы:
— Пачынала спяваць у 1985 г.,
але на нейкі час адышла. Але сэрца паклікала вярнуцца. Артысты — сапраўдныя
таленты. Працаваць з імі — адна асалода.
Леанід
Матус, механік Капыльскай ЖКГ:
— На працу ў Капыльскае ПМС я
прыехаў у 1983 годзе. Тады было больш моладзі. У РДК існаваў маладзёжны тэатр,
куды я і хадзіў. А ў «Спадчыну» трапіў адразу пасля яе стварэння. Для мяне
выступленні ў складзе ансамбля — задавальненне ад таго, што робіш, ад
магчымасці мець зносіны з сябрамі-артыстамі.
Тамара
Дрожжа, метадыст па інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці РЦК:
— На працу ў РДК я прыехала ў
1983 годзе. У той час да нас прыходзілі новыя людзі, уліваліся новыя сілы.
Хутка прыйшла і Валянціна Зарамбоўская. Пасля стварэння калектыву на нейкі час
я яго пакінула. Вярнулася ў 2015 годзе. Зараз я разумею, што народная песня —
гэта мая песня. Калі спяваю, адпачываю душой.
Яраслаў
Грыбок, начальнік цэха ААТ «Капыльскі РКБА»:
— Спяваць у ансамблі я пачаў 25
гадоў таму. У той час працаваў у кар’еры ГСЗ «Скабін». Даволі часта мы
выступалі з самадзейнымі канцэртамі, рыхтаваць якія нам дапамагала Валянціна
Зарамбоўская. Прыйшоў у «Спадчыну» і зразумеў: гэта маё. Мы прыходзім на
рэпетыцыі — і трапляем у іншы, творчы, свет. Народныя песні мне падабалася
выконваць усё жыццё — любоў да іх прывіла мая матуля. Дарэчы, некаторыя песні
запісаны з яе слоў.
Алена
Волкава, сакратар УА «Капыльскі дзяржаўны каледж»:
— Выступаю ў ансамблі з 2006
года. Я вучылася спяваць раней, яшчэ ў юнацтве. Мая бабуля вельмі любіла
народныя песні і змагла прывіць гэтую любоў і мне. Яна спявала заўсёды, што б
ні рабіла. Удзел у канцэртах для мяне — магчымасць аддзякаваць бабулі.
Іна
Місючэнка, начальнік участка сельскіх комплексных прыёмных пунктаў Капыльскага
РКБА:
— У складзе «Спадчыны» я з 2010
года. Для мяне ўдзел у ансамблі — натхненне не толькі на працу, але і на жыццё
наогул.
Людміла
Позняк, прыёмшчык малака на Капыльскім філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»:
— У «Спадчыну» я трапіла разам з
Інай Місючэнка. Мне падабаецца, што ў складзе ансамбля мы ўслаўляем нашу
Капыльшчыну. Асабліва калі ў Мінску ці Маладзечне называюць, што мы з Капыля,
узнікае асаблівы гонар.
Антон
Шышмароў, індывідуальны прадпрымальнік:
— З ансамблем выступаю з 2001
года. Для мяне выступленні ў складзе «Спадчыны» — гэта адзін са спосабаў
самавызначэння. Я атрымліваю зарад бадзёрасці і аптымізму.
Вольга
Даманская, педагог-арганізатар УА «Капыльскі дзяржаўны каледж»:
— Трапіць у ансамбль я змагла ў
1996 годзе. Выступленні дапамагаюць мне праз народныя песні дакрануцца да нашай
беларускай народнай творчасці, нашых традыцый.
Святлана
Біруля, метадыст па клубна-масавай рабоце РЦК:
— Выступаю ў складзе ансамбля з
2008 года. Для мяне гэта прыемная магчымасць культурна развівацца, рэалізаваць
творчыя бакі характару.
Валянціна
Базаркіна, прыбіральшчык службовых памяшканняў і складальнік вопісу РУП
«Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры»:
— У ансамбль мяне прывяла Тамара
Аляксандраўна Шкірыч у 1997 годзе. З той пары я з задавальненнем спяваю. Люблю
народныя песні. Іх спявала яшчэ мая бабуля.
Лілія
Халюта, зараз на пенсіі:
— На родную Капыльшчыну
вярнулася ў 2013-м. У маладосці я прымала ўдзел у агітбрыгадах, чытала вершы на
сцэне РДК. На працягу доўгага часу я ўзначальвала абкам прафсаюза гандлю малога
і сярэдняга бізнесу ў Кіраваградску (Украіна). Таму пасля вяртання не хацелася
згубіць сябе, а прадоўжыць актыўную грамадскую дзейнасць. Удзел у «Спадчыне» ў
гэтым мне вельмі дапамагае.
Тамара
Вайтовіч, зараз на пенсіі:
— Заўсёды любіла спяваць,
асабліва беларускія народныя песні. А ў ансамбль трапіла 25 гадоў таму. Мне
падабаецца калектыў, падабаецца прыходзіць на рэпетыцыі, ездзіць па раёне з
канцэртамі, падчас выступленняў сустракацца з жыхарамі вёсачак. Падабаюцца ўсе
песні з нашага рэпертуара. Асаблівы гонар і боль адчуваю, калі мы выконваем
песню «Поклонимся великим тем годам».
Наталля
Карунная, зараз на пенсіі:
— У ансамблі спяваю 25 гадоў,
адразу з таго часу, як прыехала на працу таваразнаўцам у Капыльскае
райспажыўтаварыства. Маю музычную адукацыю: скончыла музычную школу ў В.
Бераставіцы, што на Гродзеншчыне. Любіла спяваць і ў дзяцінстве, і ў юнацтве.
Таму ўдзел у ансамблі дае мне магчымасць не толькі творча развівацца, але і
набыць сяброў. Усе мы сталі адзін аднаму, як родныя.
Дзіяна
ТКАЧЭНКА
Фота
Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
«СП»




