Завяршыўся
фестываль калектываў мастацкай самадзейнасці арганізацый, прадпрыемстваў і
ўстаноў, якія размешчаны на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета.
Шосты год запар, пачынаючы з
2009 года, самадзейныя артысты маюць магчымасць прыняць удзел у канцэртах
мастацкай самадзейнасці, паказаць сваё творчае майстэрства, а жыхары
аграгарадка Цімкавічы — культурна адпачыць у зімовы час, паслухаць добрую песню
ці жарт, паўдзельнічаць у конкурсах. Больш за дзесяць калектываў прадстаўляюць
штогод сваю праграму. Не стаў выключэннем і 2016-ы. З улікам таго, што бягучы
год аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам культуры, на пасяджэнні сельвыканкама
было прынята рашэнне сёлета ахапіць культурнай праграмай не толькі аграгарадок
Цімкавічы, але і іншыя населеныя пункты сельсавета.
Адкрыццё фестывалю адбылося 12
лютага 2016 года. Зачынальнікамі былі калектывы мастацкай самадзейнасці
Цімкавіцкага вытворчага ўчастка ААТ «Клецкі камбікормавы завод», буракапункта,
чыгункі з праграмай «Вясёлы час», прысвечанай Дню закаханых. З году ў год гэтыя
мастацкія калектывы ўдасканальваюць сваё майстэрства, радуюць гледача
мілагучнымі песнямі. А гучалі яны ў выкананні Валерыя Булата, Лэсі Чаркас,
Алены Марук, вакальнай групы дзіцячага садка ў складзе Таццяны Ермалінскай, Алы
Лебедзь, Марыны Пісарэнкі, Кацярыны Кушнер. Забаўныя сцэнкі выканалі Марына
Баўтрук, Валянціна Логан, Валерый Чаркас і Валерый Булат.
Затым эстафету прынялі калектывы
мастацкай самадзейнасці Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў і ААТ
«Капыльскае». З канцэртнай праграмай «Рэцэпт добрага настрою» гэтыя калектывы
выступілі перад гледачамі 19 лютага. Ігрой на самых разнастайных музычных інструментах
парадавалі ўдзельнікі дзіцячага інструментальнага ансамбля, гучалі і песні ў
выкананні навучэнцаў і настаўнікаў школы мастацтваў.
Незабыўнай для цімкаўлян стала
канцэртная праграма «Весеннее откровение» Цімкавіцкай участковай бальніцы, з
якой калектыў выступіў 26 лютага. З нецярпеннем чакалі гледачы іх выступленне.
Даспадобы прыйшліся цімкаўлянам спевы Марыны Холад, Алены Бенька, Таццяны
Ціхончык, а сцэнкі ў выкананні Таццяны Назарчук, Ніны Лагавой і Таццяны
Ціхончык узарвалі зал гарачымі апладысментамі і заваявалі сімпатыю гледачоў.
Не пакінула нікога раўнадушным і
праграма «Плесните колдовства», прысвечаная творчасці паэтэсы Ларысы
Рубальскай, якую прадставілі на суд гледачам работнікі сельскай бібліятэкі
Аксана Красіна і Вольга Радкевіч, а пастаянны наведвальнік бібліятэкі Дзмітрый Макарчук
цудоўна выканаў свае музычныя нумары пад суправаджэнне гітары. Парадавалі
гледачоў песнямі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці філіяла «Аўтамабільны парк
№ 21» ААТ «Мінаблаўтатранс» Валянціна Радкевіч і Ала Дайнэка.
Калектыў настаўнікаў ДУА «Цімкавіцкая
сярэдняя школа імя К. Чорнага» 4 сакавіка павіншаваў сваёй праграмай,
прысвечанай Дню жанчын, жыхароў в. Руднае. Песні ў выкананні вакальнай групы,
Віталя Стрэлкіна, жарты і сцэнкі ў выкананні Алены і Галіны Стаднічэнка, Жаны
Жукоўскай, Валерыя Лігера стварылі цудоўны настрой усім прысутным у зале.
Шэраг абменных канцэртаў адбыўся
6 сакавіка. Са сваёй канцэртнай праграмай «Царыца муз і прыгажосці» калектыў
мастацкай самадзейнасці Цімкавіцкага сельскага Дома культуры выступіў перад
жыхарамі аграгарадка Браткава і в. Навасёлкі. На «біс» гучалі песні ў выкананні
вакальнай групы, Дзяніса Сельвановіча, які выконваў песні з рэпертуару Стаса
Міхайлава. У гэты ж дзень самадзейныя артысты Навасёлкаўскага сельскага
Дома культуры з праграмай «И это время называется весна» выступалі перад
цімкаўлянамі. А 7 сакавіка гэты ж калектыў парадаваў вяскоўцаў у в. Вялікая
Раёўка. Жыхарам гэтых населеных пунктаў да сэрца прыйшліся песні ў выкананні
вакальнай групы «Валошкі», а таксама мужчынскай часткі калектыву Аляксея Крывецкага,
Уладзіміра Острыкава, Івана Віцебскага. А гумарыстычныя нумары ў выкананні
Марыны Бурак падымалі настрой усіх гледачоў і суправаджаліся бурнымі
апладысментамі.
Заключным акордам музычнага
фестывалю стаў канцэрт мастацкай самадзейнасці ДУА «Навасёлкаўскі ВПК д/с-БШ».
Сваё майстэрства настаўнікі паказвалі жыхарам в. Навасёлкі 11 сакавіка. Гэта
быў дэбют самадзейных артыстаў. І ён удаўся. Гэта было відаць па тым, як
прымалі мілагучныя песні ў выкананні сямейнага дуэта Генадзя і Жаны Дарашэвіч,
Жаны Дудар, вакальнай групы. На заключную песню на сцэну выйшаў увесь
педагагічны калектыў. Так і трэба: настаўнік павінен не толькі вучыць дзяцей,
але і несці добрае і вечнае ў народныя масы. Так было заўсёды, так павінна быць
і цяпер.
Фестываль завершаны, але мы не
развітваемся, а гаворым да новых сустрэч. А Год культуры працягваецца, і мы
чакаем новых культурных праграм.
Алена
ОСТРЫКАВА,
старшыня Цімкавіцкага
сельвыканкама
«СП» http://www.kopyl.by




