Адрес:

223927, Минская область,
г. Копыль, пл. Ленина, 6

Режим работы

x

Режим работы
понедельник-пятница с 8.30 до 17.30,
обед с 13.00 до 14.00 (приём обращений от граждан и юридических лиц - с 8.00)
суббота-воскресенье - выходной

Режим работы службы «одно окно»:
понедельник-вторник с 8.00 до 17.00,
среда с 8.00. до 20.00
четверг-пятница с 8.00. до 17.00
обеденный перерыв с 13.00 до 14.00
Суббота с 9.00 до 13.00
Воскресенье-выходной

Прием граждан по вопросам осуществления административных процедур

Телефон:

+375 (1719) 28-2-60

Единый телефонный номер
справочной службы "одно окно":

142

Телефон «горячей линии»:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Они занесены в Книгу трудовой славы Копыльского района

28.08.2017

У Кнігу працоўнай славы Капыльскага раёна з мэтай фарміравання грамадскага прызнання і захавання памяці заносяцца звесткі аб людзях, якія сваёй працай і актыўнай грамадскай дзейнасцю ўнеслі значны ўклад у вытворча-эканамічнае і сацыяльна-культурнае развіццё раёна.
Згодна з рашэннем Капыльскага раённага Савета дэпутатаў № 142 ад 15 жніўня 2017 года да імён 29 жыхароў раёна, ужо занесеных у Кнігу працоўнай славы Капыльскага раёна, дабавіліся яшчэ пяць. Наш сённяшні расказ пра іх.
Ад «Капыльскіх дудароў» да «Дударыкаў»
Дзмітрый Дзмітрыевіч РОВЕНСКІ — ураджэнец г. Капыля, настаўнік музыкі ДУА «Гімназія № 14 г. Мінска», кіраўнік фальклорнага ансамбля «Дударыкі», член Беларускага Саюза музычных дзеячаў, кампазітар, майстар вырабу беларускіх народных інструментаў.
За творчую плённую дзейнасць, асабісты ўклад у захаванне і развіццё нацыянальных традыцый удастоены ганаровых званняў «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь», «Выдатнік адукацыі», «Мінчанін года 2010», «Народны музыкант зямлі рускай». У 2016 годзе ўзнагароджаны знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».
З успамінаў Дзмітрыя Дзмітрыевіча РОВЕНСКАГА:
— Бацька навучыў мяне іграць на трафейным гармоніку. Мама і бабуля вечарамі пралі воўну і напявалі, а я найграваў на гармоніку. Дарэчы сказаць, бацька маёй маці — дзед Васіль — быў вядомым на Капыльшчыне барабаншчыкам. Ён не толькі іграў, але і рабіў цудоўныя барабаны. У пачатку 60-х гадоў мне купілі тульскі гармонік. Дзесьці гадоў з 13─14 пачаў іграць на вяселлях, а мой сябар Саша Іваноўскі падыгрываў на бубне. Нават захавалася фатаграфія: я з гармонікам, побач мой сябар Саша з бубнам.
Дзесьці ў 60-я гады быў створаны сямейны ансамбль. Было нас чацвёра музыкаў: бацька іграў на гавайскай электрагітары, я і сястра — на акардэонах, брат — на баяне. Ездзілі мы па Капыльшчыне з канцэртамі, выступалі на вяселлях і іншых урачыстасцях. Дарэчы сказаць, прадстаўлялі Капыльшчыну на I Усесаюзным фестывалі мастацкай самадзейнасці. Ігралі беларускія і папулярныя мелодыі.
У Капылі я скончыў музычную школу па класе баяна і працаваў у РДК, дзе ўзначальваў эстрадны ансамбль.
Нельга не сказаць некалькі добрых слоў аб сямейным ансамблі Давідовіча Уладзіміра Міхайлавіча з вёскі Казакоўка. У народзе іх празвалі «Сляпыя музыкі». У 60-я гады ўсе ўрачыстасці і вяселлі праводзіліся пад гукі народных інструментаў. Лічылася прэстыжным запрасіць ансамбль, што рабіла гонар гаспадарам і нязменна прыцягвала моладзь з усёй акругі. Адзін─два музыкі на вяселлі — гэта «беднае вяселле».
Кіраўнік ансамбля меў інваліднасць. У руках у Уладзіміра разарваўся снарад. Хлопцу адарвала пальцы, і ён страціў зрок. У пасляваенныя гады такіх было тысячы. Але Уладзімір не паў духам. Нягледзячы на цяжкія калецтвы, самастойна асвоіў гармонік і віртуозна іграў. Меў выключны слых. Пасля кожнай песні камандаваў свайму бацьку, які граў на барабане: «Баця, падцягні барабан». Уладзімір Давідовіч лавіў на ляту «модныя» мелодыі і тут жа ўводзіў іх у рэпертуар. У складзе ансамбля гучалі кларнет, труба, барабан і гармоніка. Падчас выступленняў я іграў на барытоне. Сямейны ансамбль карыстаўся незвычайнай папулярнасцю на Капыльшчыне. Графік выступленняў быў распісаны на год наперад. Вяселлі, хрэсьбіны, провады ў войска і дзяржаўныя святы не абыходзіліся без «Сляпых музыкаў».
У Капылі ў пачатку 60-х гадоў быў створаны адзін з першых самадзейных ансамбляў — «Капыльскія дудары», дзе працавалі мае настаўнікі — Янушка Мікалай Вікенцьевіч і Кіякін Аляксей Фёдаравіч. Яны былі з вайсковых музыкаў. Гэтыя выдатныя музыканты дапамаглі мне асвоіць саксафон і трубу. Ігралі «Дудары» на дудках народнага майстра Астрэйкі.
У 1966 годзе я пераехаў у Мінск і ўзначаліў духавы аркестр. У Мінску скончыў музычнае вучылішча і інстытут культуры. Пазней стварыў народны ансамбль «Дударыкі», якім кірую ўжо больш за 45 гадоў. Многія мае вучні сталі прафесійнымі музыкамі. «Дударыкі» — гэта не толькі калектыў, гэта і музычная спадчына беларускага народа, якую мы па магчымасці збіраем і захоўваем. За гэтыя гады сыгралі больш за 100 беларускіх найгрышаў і полек на старадаўніх інструментах (іх у ансамбля больш за трыццаць).
 
Аднойчы абраны шлях         
Надзея Рыгораўна ЛУПІК была ўдзельнікам знакамітай у Савецкім Саюзе Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ).
За высокія вытворчыя паказчыкі ў 1978 годзе была ўдастоена бронзавага медаля — нагруднага Знака Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. 1985 год — зноў медаль. На гэты раз — сярэбраны. Праца славутай на ўсю краіну даяркі была ацэнена і ордэнам «Знак Пашаны», і памятнымі знакамі ЦК ВЛКСМ.
Зараз яна працуе аператарам машыннага даення на малочнатаварным комплексе «Быстрыца» ААТ «Ціміразеўскі».
Надзея Рыгораўна душой да гэтага месца прыкіпела. Не ўяўляе сябе без жывёлы, без фермы. Любоў да сваёй справы зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве. Яе мама, Любоў Іванаўна, працавала ў гаспадарцы даяркай, а тата, Рыгор Мацвеевіч, — механізатарам. Пасля заканчэння школы на нейкі час дзяўчына паехала з роднай Быстрыцы — вучылася ў гандлёвым вучылішчы, жыла ў сталіцы. Там з мужам Уладзімірам пазнаёмілася. Але цягнула ў родную вёску, таму ўгаварыла мужа вярнуцца на пастаяннае месца жыхарства ў Быстрыцу. Ужо пасля пераезду атрымала спецыяльнасць заатэхніка. А з 1975 года працуе аператарам машыннага даення. І ніколькі не шкадуе аб абраным шляху.
Надзея Лупік рэалізавалася ў жыцці не толькі як адказны, добрасумленны работнік, але і як маці. У жанчыны чатыры дачкі — Жанна, Надзея, Любоў і Вераніка. Дарэчы, малодшая Вераніка пайшла па слядах маці і скончыла Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, цяпер працуе ў ААТ «Ціміразеўскі» ветэрынарным спецыялістам. Люба таксама далёка ад бацькоўскай хаты не з’ехала: са сваёй сям’ёй жыве ў роднай вёсцы. А Жанна і Надзея абсталяваліся ў сталіцы, але сваю любімую маці наведваюць часта, па гаспадарцы дапамагаюць.
Гадзіна─другая, каб пачытаць часопісы і раманы, часам выпадае. А вось для вышывання часу зусім не хапае. Што і нядзіўна, бо на працу — у пяць раніцы, з працы — у дзесяць вечара. А час паміж ранішняй і вячэрняй дойкай займаюць гаспадарка і бытавыя пытанні.
Дом Надзеі Лупік поўніцца дзіцячым смехам, калі ў ім збіраюцца восем унукаў.
— Сумна становіцца, калі раз’язджаюцца, — кажа Надзея Рыгораўна, аднак ведае, што дарагія ёй людзі заўсёды вернуцца ў родны дом.
 
З актыўнай жыццёвай пазіцыяй
Часлава Феліксаўна ГРЫГАРОВІЧ, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ «Племзавод Дусаеўшчына», больш за 30 гадоў адпрацавала ва ўстановах адукацыі Капыльскага раёна.
За вялікія поспехі, дасягнутыя ў галіне народнай адукацыі, і актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці ў 1964 годзе была ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы», а ў 1968 годзе — значком «Выдатнік асветы СССР», у 1974 годзе — юбілейным медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна», знакам «Пераможца сацыялістычнай працы 1973 года», медалём «Ветэран працы».
За плячыма ў гэтай сапраўды цудоўнай жанчыны вялікі жыццёвы шлях, напоўнены ўзлётамі і падзеннямі, радасцямі і бедамі, цікавымі падзеямі, многія з якіх назаўсёды застануцца ў памяці ветэрана педагагічнай працы.
Дзіця вайны, Часлава Феліксаўна памятае ўсе нягоды, якія выпалі на долю яе сям’і, што рана засталася без кармільца. Бацьку ў 37-м арыштавалі і па рашэнні тройкі НКУС прысудзілі да 10 гадоў строгага рэжыму. Дадому ён вярнуўся толькі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай. Быў цяжка паранены на фронце і брат: яму адарвала нагу пад Ленінградам. У першыя пасляваенныя месяцы ў тыфознай гарачцы памерла 20-гадовая сястра Чаславы.
Пасля заканчэння Вошкатаўскай сямігодкі наша гераіня паступае ў Нясвіжскае педвучылішча. Першыя гады працоўнай дзейнасці прайшлі ў дзіцячых дамах на Брэстчыне. І тут яна нібы вярнулася ў сваё цяжкае ваеннае дзяцінства: выхаванцамi ўстаноў адукацыі былі ў асноўным дзеці і падлеткі, лёс якіх быў пакалечаны вайной.
Змены ў асабістым жыцці — у 1957 годзе яна выйшла замуж за свайго аднавяскоўца, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Сінюка — вярнулі Чаславу Феліксаўну ў родную вёску. Спачатку была настаўнікам Вошкатаўскай школы, а затым і ўзначаліла яе педагагічны калектыў.
— У нашай школе штогод вучыліся звыш 280 чалавек, сюды хадзілі хлопцы і дзяўчаты з Аргелаўшчыны, Каменкі, Вошкат, Вялешына, Андросаўшчыны, — узгадвае Часлава Феліксаўна. — Мы актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх раённых мерапрыемствах, было арганізавана школьнае лясніцтва, пра якое ведалі не толькі на раённым узроўні. Мы, лічу, паставілі сабе сапраўдны помнік: у акрузе, куды ні глянь, усюды гамоняць лясы, пасаджаныя нашымі рукамі. Ніхто з вучняў школы ніколі не стаяў на ўліку ў дзіцячым пакоі міліцыі — усе канфлікты вырашалі самі, сумесна з бацькамі».
Дырэктарам гэтай школы яна шчыравала да самага закрыцця ўстановы. Затым працавала ў Капыльскім ПТВ, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Хоць адпачываць у поўным сэнсе гэтага слова яна ніколі не ўмела.
Акрамя асноўнай прафесійнай дзейнасці, Часлава Феліксаўна заўсёды паспяхова выконвала шматлікія грамадскія нагрузкі: была арганізатарам і прапагандыстам, дэпутатам сельскага, раённага і абласнога Саветаў народных дэпутатаў, узначальвала (і працягвае ўзначальваць) пярвічную ветэранскую арганізацыю ААТ «П-з Дусаеўшчына». Часлава Феліксаўна трымае пастаянную сувязь па тэлефоне з членамі сваёй ветэранскай арганізацыі, заўсёды віншуе іх са святамі, па меры магчымасці прымае ўдзел у сходах грамадзян у  населеных пунктах.
І дзе б ні працавала гэтая жанчына з сапраўды легендарным лёсам, яна карысталася найвялікшай павагай калег і ўсіх тых, хто яе ведаў, за прафесійную пісьменнасць, рэдкую працавітасць, добрасумленнасць, камунікабельнасць і добразычлівасць. Шырокая эрудыцыя, цвёрдасць характару, уменне павесці за сабой заўсёды прыцягваюць да яе людзей.
 
Лес — яго жыццё
Сорак гадоў працуе ў лясной гаспадарцы Уладзімір Мітрафанавіч Занкевіч, 28 з іх — узначальвае Старыцкае вопытна-вытворчае лясніцтва ДВЛГУ «Капыльскі вопытны лясгас». А пачынаў ён у 1977 годзе лесніком Колаўскага лясніцтва, затым працаваў майстрам лесу, ляснічым. Закончыў Полацкі лясны тэхнікум.
У 2003 годзе яму прысвоена званне «Ляснічы І класа». Неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Мінскага ДВЛГА, Капыльскага вопытнага лясгаса. Яму ўручаны нагрудны знак «30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь». А ў 2015 годзе Уладзімір Мітрафанавіч быў удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды — медаля «За працоўныя заслугі».
Як успамінае Уладзімір Мітрафанавіч, да выбару прафесіі ў далёкія 60-я гады падштурхнуў удзел у пасадцы дрэў. Магчыма таму на працягу ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці адной з галоўных задач ляснічы лічыць аднаўленне лесу: за апошнюю чвэрць стагоддзя былі створаны новыя лясы на плошчы каля дзевяці тысяч гектараў. Шмат сіл і ўвагі аддае і пытанням аховы лясных угоддзяў, рацыянальнага выкарыстання і добраўпарадкавання лясоў, павышэнню іх прадукцыйнасці і ўстойлівасці.
Усяго толькі 12% ад усёй тэрыторыі гаспадаркі займаюць лясы з адной-дзвюма адзінкамі парод дрэў, астатнія 88% — змешаныя. Калектыў, які ўзначальвае Уладзімір Занкевіч, вопытны і згуртаваны. Усяго каля 30 чалавек. Тут шмат людзей, якія ведаюць і любяць сваю справу.
Асобны гонар ляснічага — пчальнік. На пчальніку лясніцтва больш за 100 вулляў. Мёд ахвотна купляюць мясцовыя жыхары і работнікі лясгаса. А яшчэ ў лясніцтве ствараюць музей мёду. Экспанаты для яго ўжо сабраны. Уладзімір Занкевіч спадзяецца, што экскурсіі будуць карысныя як для дарослых, так і для дзяцей.
Ёсць у яго і ўласны пчальнік, дзе Уладзімір Мітрафанавіч любіць праводзіць вольны час. Увогуле, усе хобі Занкевіча звязаны… з лесам: і па грыбы, і на паляванне любіць схадзіць.
Разам з жонкай Людмілай Аляксандраўнай выгадавалі дзвюх дачок, якія, у сваю чаргу, падарылі бацькам траіх унукаў. Любяць малыя бываць у дзядулі на рабоце, і ўсе, як адзін, абяцалі быць леснікамі. Значыць будзе каму працягваць добрую і карысную справу.
Увогуле, ляснічы лічыць, што вельмі важна займацца выхаваннем людзей, вучыць іх любіць і берагчы прыроду. У тым ліку і на ўласным прыкладзе. На тэрыторыі лясніцтва — узорны парадак, такі ж парадак імкнуцца падтрымліваць і ў лясах. Ля Свідзіч абсталявалі зону адпачынку, дзе сапраўды можна адпачыць і душой, і целам, палюбавацца прыгажосцю роднага краю. А непадалёку — помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. У іх гонар пасадзілі прыгожыя дрэвы, якія доўга будуць напамінаць пра тую вайну і яе герояў.
 
Удзячна лёсу
Ніна Пятроўна Лабацэвіч з в. Падгорцы працавала даяркай племзавода імя Дзяржынскага больш за 40 гадоў. Неаднаразовы пераможца сацыялістычнага спаборніцтва і перадавік сельскай гаспадаркі, удзельнік рэспубліканскага сходу партыйнага, савецкага, прафсаюзнага і камсамольскага актыву.
Удастоена ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», сярэбранага медаля Галоўнага камітэта ВДНГ СССР, знака «Ударнік дзясятай пяцігодкі», дзвюх Ганаровых грамат Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровых грамат Дзяржаўнага аграпрамысловага камітэта БССР і абласнога выканаўчага камітэта Савета народных дэпутатаў. У 1985 годзе стала Лаўрэатам прэміі савецкіх прафсаюзаў імя К.П. Арлоўскага.
У вёсцы Слабада-Кучынка ў мнагадзетнай сям’і (шасцёра дзяцей) Пятра Кандыбовіча ў 1937 годзе нарадзілася дачушка Ніна. Дзяўчынка скончыла Слабада-Кучынскую сямігодку, адзін год наведвала Бальшавіцкую СШ, але трэба было плаціць за навучанне, а грошай не было, таму пайшла на торфараспрацоўкі, палола буракі і кок-сагыз у калгасе «Зара свабоды». З 1954 года пачынаецца яе працоўны стаж даяркі. Выйшла замуж за Георгія Лабацэвіча з в. Падгорцы. Першы час пасля пераезду на новае месца Ніна працавала ў паляводчай брыгадзе племзавода імя Дзяржынскага. Калі ў сям’і нарадзіўся першы сын Анатоль, перайшла на ферму, дзе даіла 25 кароў, а затым і 50. Яна хутка заваявала павагу сярод калег, якія былі значна старэйшыя, а затым і сама стала добрым памочнікам для моладзі. Імпанаваў яе настойлівы характар, уменне спраўляцца з жывёлай, ды якасць працы была высокай.
Усё гэта разам з працавітасцю і добрасумленнасцю дало свой плён ў атрыманні высокіх вынікаў: надоі складалі 5000 кілаграмаў, затым 6000, 7000, павысілася і якасць малака. За працоўнымі дасягненнямі прыйшлі і заслужаныя ўзнагароды: ордэны, медалі, шматлікія граматы і падзякі. Пабывала на адпачынку ў Расіі, Балгарыі, Чэхаславакіі. За ўдзел у выставе ВДНГ Ніне Пятроўне ўручылі ключы ад аўтамабіля «Масквіч», неаднаразова выбіралі дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, яна ўзначаліла клуб даярак-пяцітысячніц Капыльскага раёна.
Матэрыялы падрыхтавалі Маргарыта САКОВІЧ, Крысціна ЖОГАЛЬ, Барыс ДЗЕНІСЮК
 «СП»  http://www.kopyl.by

Службы и структурные подразделения

Информационные ресурсы

Информационные ресурсы