Адрес:

223927, Минская область,
г. Копыль, пл. Ленина, 6

Режим работы

x

Режим работы
понедельник-пятница с 8.30 до 17.30,
обед с 13.00 до 14.00 (приём обращений от граждан и юридических лиц - с 8.00)
суббота-воскресенье - выходной

Режим работы службы «одно окно»:
понедельник-вторник с 8.00 до 17.00,
среда с 8.00. до 20.00
четверг-пятница с 8.00. до 17.00
обеденный перерыв с 13.00 до 14.00
Суббота с 9.00 до 13.00
Воскресенье-выходной

Прием граждан по вопросам осуществления административных процедур

Телефон:

+375 (1719) 28-2-60

Единый телефонный номер
справочной службы "одно окно":

142

Телефон «горячей линии»:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

3 мая исполняется 100 лет со дня рождения Героя Социлистического Труда Надежды Ивановны Букатой

03.05.2018

З унучкай Надзеі Іванаўны Аксанай мы вучыліся ў адным класе СШ № 2 г. Капыля. Аднойчы на ўроку настаўніца аб’явіла, што бабуля нашай аднакласніцы мае ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Пачуўшы слова «герой», усе тут жа з іскрынкаю нейкай дзіцячай зайздрасці ў вочках паглядзелі на паружавеўшую Аксану. І тут жа пасыпаліся зацікаўленыя пытанні накшталт «А ці праўда?», «А якой была бабуля?», «А за што яна атрымала Героя?». Аднак Аксана мала што памятала пра легендарную сваячку: дзяўчынцы было тры гадкі, калі ў 1977 годзе не стала Надзеі Іванаўны.

Замест уступу
З унучкай Надзеі Іванаўны Аксанай мы вучыліся ў адным класе СШ № 2 г. Капыля. Аднойчы на ўроку настаўніца аб’явіла, што бабуля нашай аднакласніцы мае ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Пачуўшы слова «герой», усе тут жа з іскрынкаю нейкай дзіцячай зайздрасці ў вочках паглядзелі на паружавеўшую Аксану. І тут жа пасыпаліся зацікаўленыя пытанні накшталт «А ці праўда?», «А якой была бабуля?», «А за што яна атрымала Героя?». Аднак Аксана мала што памятала пра легендарную сваячку: дзяўчынцы было тры гадкі, калі ў 1977 годзе не стала Надзеі Іванаўны.
Афіцыйна
Надзея Іванаўна Букатая была ініцыятарам руху за пераход на інтэнсіўны метад адкорму жывёл, з’яўлялася адной з першых свінарак-тысячніц. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 18 студзеня 1958 года Н.І. Букатай першай у нашым раёне за выдатныя поспехі ў сельскагаспадарчай вытворчасці было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат». Была ўзнагароджана таксама ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу».
Сёння памяць пра яе захоўваюць шматлікія нашчадкі. Сярод іх — дачка Надзеі Іванаўны — Галіна Мікалаеўна Мядзведская, якая жыве ў аграгарадку Пацейкі, а на зіму пераязджае да дачкі ў Чырвоную Дубраву.
Жыццёвыя пуцявіны
— Мая мама нарадзілася ў 1918 годзе ў Траянаве ў беднай сялянскай сям’і Козелаў, Марыі Іосіфаўны і Івана Вікенцьевіча, — дзеліцца ўспамінамі Галіна Мікалаеўна. — У яе яшчэ была сястрычка Марыя. Мама скончыла пяць класаў і рана пайшла на працу. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна паспела папрацаваць і паляводам у калгасе «Камуніст», і няняй, і выхавальніцай у калгасных дзіцячых яслях, нават і загадвала імі. У 38-м годзе выйшла замуж за настаўніка Мікалая Букатага, які прыехаў на працу ў Пацейкаўскую школу ажно з Магілёўскай вобласці. Праз два гады нарадзілася я. Пачалася вайна. Ледзьве паспеў скончыцца апошні экзамен у таты, як усіх настаўнікаў сабраў дырэктар школы і сказаў, каб яны не заставаліся дома, а выязджалі куды хто можа, бо немцы нікога не пакінуць у жывых. Тату з мамай далі каня з павозкай, і мы паехалі да яго на радзіму, у вёску Старыя Наборкі Клічаўскага раёна. Ехалі доўга. Мама расказвала, што ад той жудасці, якая адбывался навокал, ажно валасы ўставалі дыбам. Людзі ратаваліся  як маглі, некуды беглі, мітусіліся. Мы жылі ў бабулі, татавай мамы. У 42-м нарадзіўся брат Міша. А праз год тата памёр ад сухотаў, на якія доўгі час хварэў. Да вайны ён лячыўся, а потым… Вядома ж, ні ежы добрай, ні лекаў не было. У 1947 годзе мама вырашыла вярнуцца на Капыльшчыну. Спачатку жылі ў зямлянцы: хата згарэла ў войну. Бабуля пачала будаваць новую. У гэтым жа годзе я пайшла вучыцца ў школу, а мама ўладкавалася ў калгас «Радзіма» (пазней калгас «Прагрэс») цялятніцай. Яна ішла на працу па два-тры кілометра да фермы, падымалася ў 4 гадзіны раніцы. І гэтак — кожны дзень, у любое надвор’е. Мы калі-нікалі дапамагалі ёй на ферме. А з 51-га года яна працавала ўжо свінаркай.
Цяжкія крокі да славы
Калгас «Радзіма» моцна адставаў па вытворчасці мяса. Калі ў пачатку 50-х Надзея Іванаўна прыйшла працаваць на ферму, там было 15 свіней. Усё трэба было пачынаць спачатку. Але Букатая працы не баялася. І хутка, дзякуючы таму, што выкарыстала выгульнае ўтрыманне жывёлы, атрымала добрыя вынікі. А ўжо ў 1960 годзе колькасць свіней павялічылася — стала больш за 1000 галоў, мяса сталі атрымоўваць па 50 цэнтнераў на кожныя 100 гектараў сельгасугоддзяў.
Галіна Мікалаеўна ўспамінае такі выпадак. Неяк на ферму, дзе працавала Надзея Іванаўна, прыехала супрацоўніца райвыканкама Мядзведзева з нейкай праверкай. Аднак так здарылася, што машына яе недзе затрымалася, і жанчына вымушана была правесці цэлы дзень на гэтай самай ферме. Яна хадзіла за Надзеяй Іванаўнай, назірала за яе работай — і на свае вочы ўбачыла, якая цяжкая праца свінаркі. Супадзенне ці не, але праз нейкі час Букатай Надзеі Іванаўне было прысвоена пачэснае званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Першы сакратар ЦК КПСС М.С. Хрушчоў і сакратар ЦК КПСС М.Р. Ігнатаў пасля ўручэння ордэнаў і медалёў сярод узнагароджаных і Герояў Сацыялістычнай Працы Беларускай ССР 23 студзеня 1958 г., г. Мінск. Н.І. Букатая крайняя злева ў трэцім радзе
Так, праца жанчын у сельскай гаспадарцы ў той час была вельмі складанай. Каб накарміць свіней, Надзеі Іванаўне прыходзілася ўручную перацягваць вялікія металічныя тачанкі з кормам, якія ўверсе прымацоўваліся да жалезных рэек.       
Працоўны дзень Надзеі Іванаўны на ферме не заканчваўся. Як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 5-га склікання, яна дапамагала людзям вырашаць іх праблемы.
Крыху аб асабістым 
— Мама працавала ўсё сваё жыццё, — расказвае Галіна Мікалаеўна. — А на сябе не хапала часу. З-за яе пастаяннай занятасці на ферме нас выхоўвалі бабуля і цётка Марыя, якая так ніколі і не выйшла замуж. Нават уласную хату пабудавала мама толькі ў 61-м годзе. На ўваходзіны прыязджаў шмат хто з кіраўнікоў раёна. Сярод іх завітаў да нас і Сухій Мікалай Андрэевіч, які ў тую пару займаў пасаду старшыні выканкама Капыльскага раённага Савета народных дэпутатаў. А нехта з высокапастаўленых гасцей падарыў вялікі фікус, што доўга рос у нашай хаце.
Усё сваё жыццё Надзея Іванаўна заставалася вясёлай. Яе звонкі голас заўсёды быў чуцён на вясковых вяселлях і святах. Але сама замуж больш не выйшла, нягледзячы на шматлікія прапановы. Пазней яе ўнучку Аксану за вясёлы нораў сваякі так і называлі — «баба Букаціха»: бабуля з дзяўчынкай вельмі пацешна спявалі разам.
Але цяжкая праца не прайшла бясследна: жанчына   цяжка захварэла. Каб крыху падправіць здароўе, ёй даволі часта давалі пуцёўкі ў розныя санаторыі Савецкага Саюза. Адна з унучак Алена Міхайлаўна Новік, якая зараз працуе   ў  Капыльскім райспажыўтаварыстве, успамінае, як васьмігадовай дзяўчынкай часта наведвала бабулю ў бальніцы. Але хвароба перамагла, і 3 верасня 1977 года сэрца Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Букатай перастала біцца. Яна пахавана на могілках у родных Пацейках.
Па-за часам
…Ішоў 1982 год. У бухгалтэрыі калгаса імя Дзяржынскага працавала Таццяна Леанідаўна Бурак, дачка Галіны Мікалаеўны і адпаведна ўнучка Букатай. Па нейкіх справах у калгас прыехаў Сухій Мікалай Андрэевіч, які ўжо ўзначальваў выканкам Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў. Ён зайшоў у бухгалтэрыю, спыніўся і, калі даведаўся, што Таццяна Леанідаўна з Пацеек, узгадаў: у гэтай вёсцы жыла цікавая жанчына Букатая Надзея Іванаўна, і расказаў пра такі выпадак. Аднойчы, калі яшчэ працаваў у Капылі, ён прымаў грамадзян у выканкаме. Тут у кабінет уваходзіць сакратар і гаворыць, што да яго на прыём сядзіць Герой Сацыялістычнай Працы Букатая Надзея Іванаўна. А людзі з такім высокім званнем маглі заходзіць без чаргі. Мікалай Андрэевіч не паверыў і выйшаў з кабінета: так, на самай справе сярод іншых убычыў і Надзею Іванаўну. Ён вярнуўся на сваё працоўнае месца і сказаў сакратару, каб тая выклікала Букатую без чаргі. Але без чаргі на прыём Надзея Іванаўна так і не зайшла: «Не, тут шмат людзей чакае. Я пасяджу», — адказала яна сакратару. «Такіх сціплых людзей я не бачыў», — зрабіў вынік Мікалай Андрэевіч. А бухгалтару Таццяне Бурак — унучцы гераічнай жанчыны — дадаў: «Вы павінны працаваць так, як і Ваша бабуля».
Без перабольшвання можна сказаць, што наказ Сухага выкананы: многія з нашчадкаў Букатай працавалі і працуюць старанна і добрасумленна. Галіна Мікалаеўна рабіла лабарантам у роднай гаспадарцы на працягу 32 гадоў. Паштальён аддзялення паштовай сувязі «Навасёлкі» (унучка) Ніна Леанідаўна Карпінская прымала ўдзел у пятым Усебеларускім народным сходзе і прызнана «Чалавекам года Міншчыны-2015». Таццяна Бурак доўгі час узначальвала паштовае аддзяленне ў Чырвонай Дубраве. Мае ўласныя ўзнагароды і начальнік участка Капыльскага райспажыўтаварыства Алена Новік. І гэты спіс можна працягваць.

— Дзякуй за памяць, — на развітанне, калі мы пакідалі яе хату, сказала Таццяна Бурак.
Але… дзякаваць павінны мы. За працу, за тое, што Вы, Надзея Іванаўна, не імкнуліся да лёгкага жыцця, што з’яўляліся і з’яўляецеся прыкладам для не аднаго пакалення беларусаў. А памяць зберагчы — гэта ўжо наш абавязак. Дарэчы, некаторы час адна з вуліц райцэнтра насіла імя Букатай, але чамусьці была перайменавана ў Вішнёвую. Вішнёвых ці Зялёных вуліц шмат у розных населеных пунктах, а вось вуліца імя гераічнай зямлячкі павінна быць менавіта ў Капылі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА

Службы и структурные подразделения

Информационные ресурсы

Информационные ресурсы