З нагоды свята ў родныя
мясціны з’ехаліся землякі з розных куткоў Беларусі.
У фае Цэнтра культуры і вольнага
часу былі арганізаваны творчыя выставы мясцовых жыхароў. Рамеснік з Нясвіжскага
раёна Тамара Ласкутова прадставіла вырабы з дрэва, працавалі гандлёвыя кропкі і
атракцыёны.
У канцэртнай зале аншлаг — былі запоўнены
больш за 250 месц. Распачала ўрачыстую частку старшыня Бабаўнянскага
сельвыканкама Ірына Запольская. Яна павіншавала ўсіх са святам і пажадала
добрага настрою, здароўя і дабрабыту. Затым Ірына Аляксандраўна ўручыла
каштоўныя падарункі жыхарам аграгарадка: Наталлі Луцэвіч, якая нарадзіла
ў сакавіку дачку Настассю (самы малодшы жыхар вёскі); Івану і Алене Грыцкевічам
— мнагадзетнай сям’і (выхоўваюць пяцёра дзяцей). Таксама падарункамі былі
адзначаны, але не змаглі прыйсці на свята па стане здароўя, старэйшы жыхар
Марыя Кузняцова і воін-інтэрнацыяналіст Фёдар Шаблюк. Па выніках
агляду-конкурсу Дыпломамі і падарункамі былі ўзнагароджаны: Святлана Астрэйка ў
намінацыі «Гаспадыня знатная», Дзмітрый і Ірына Юха — «Лепшы падворак», Сяргей
і Людміла Бендзь — «Лепшая сядзіба», Ганна Шаўцова — «Маёй душы натхненне»,
Зінаіда Оліфер — «Нітка за іголкай вышывае шоўкам».
— Пясочнае — край таленавітых песняроў, —
з такімі словамі да сваіх землякоў звярнулася пляменніца паэта Анатоля
Астрэйкі Эла Скараход.
Роднай вёсцы і сваім землякам яна
прысвяціла верш «З песняй праз жыццё». Яе верш «Пясочнае» прачыталі дыпламанты
конкурсу «Голас Капыльшчыны» Дар’я Бендзь і Мікіта Жук. Выступіла са сваімі
паэтычнымі радкамі і Таццяна Цярэшка з Мінска.
Настаяцель песачанскага храма Пакрова
Прасвятой Багародзіцы іерэй Віталій Станкевіч у сваім выступленні адзначыў
уклад песачанцаў у захаванне духоўнай культуры беларускага народа, калі на
працягу стагоддзяў тройчы аднаўлялася Пакроўская царква (войны і пажары),
а новы храм пабудаваны ў 2009 годзе.
З днём нараджэння населенага пункта
землякоў павіншаваў першы намеснік дырэктара УП «ПІК-Лясное» Сяргей Краўчанка.
Затым для жыхароў і гасцей Пясочнага была
падрыхтавана юбілейная канцэртная праграма «Жыве мая вёска» (пад кіраўніцтвам
Любові Карповіч). Вядучыя свята і выканаўцы песень Алеся і Паліна Астрэйкі
прадставілі прэзентацыю «Ад мінулага да сучаснасці». Былі ўзгаданы падзеі на
працягу 4-х стагоддзяў і знакамітыя землякі: паэты Адам Русак і Анатоль Астрэйка,
камандзір партызанскай брыгады імя Ракасоўскага Мікалай Баранаў, навуковец і
дзяржаўны дзеяч Сцяпан Умрэйка, заслужаны работнік культуры Фёдар Лагвіновіч,
заслужаны настаўнік БССР Марыя Серада і іншыя.
Добры настрой сваімі выступленнямі дарылі
Алеся Шаблюк, Мікалай Майсюк, Іван Янушка. З гумарыстычнымі нумарамі выступілі
Святлана Астрэйка і Ала Несцер, Любоў Карповіч, самадзейны калектыў Лясноўскага
сельскага Дома культуры ў складзе Наталлі і Ірыны Валогаў, Вольгі Сасноўскай,
Уладзіміра Вялешкі, Валянціна Шыманская і Станіслаў Цвірка з Лоцвінскага цэнтра
аматарскай творчасці.
Бурнымі апладысментамі гледачы
сустрэлі дуэт Віктара і Ніны Ланшчаковых з Асіповіч (яны выконвалі песні
пад баян) — былых дырэктара і мастацкага кіраўніка Песачанскага Дома культуры.
У свой час пасля распаду СССР яны пераехалі з Украіны і вельмі ўдзячны
песачанцам за цёплы прыём і сардэчныя адносіны.
Юбілейныя мерапрыемствы вёскі прадоўжыліся
святочнай дыскатэкай.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»




