Касавіца ў
самым разгары. Важная задача стаіць перад працаўнікамі вёскі:назапасіць у
поўным аб’ёме якасны корм, ад якога залежаць і прывагі, і надоі.
Сёлетні год, можна сказаць, спрыяе
аграрыям: дні стаяць цёплыя, сонечныя. Толькі паспявай нарыхтоўваць зялёную
масу. Ад відна і да цямна шчыруюць на зялёным жніве механізатары. Роўнымі
радкамі кладуцца духмяныя пракосы. Зладжана праходзіць нарыхтоўка кармоў у ААТ
«Праснакі». На 27 мая тут травы скошаны на 280 гектарах і нарыхтавана звыш 1300
тон сенажу і больш за 30 тон сена.
— Мы разумеем, што нельга
прамарудзіць спрыяльны для траў час, каб потым замест вітаміннага корму не
атрымалася пустая клятчатка, ад якой, як вядома, «вялікага малака» чакаць не
даводзіцца, — адзначае дырэктар сельгаспрадпрыемства Віталь Платун.
Кіраўніцтва і механізатары
гаспадаркі разумеюць важнасць корманарыхтоўчай кампаніі: грамадскі статак у
гаспадарцы штогод павялічваецца, значыць, існуе неабходнасць у большай
колькасці кармоў. Праўда, ён тут ужо даўно паўтарагадовы. Выкарыстоўваць свежыя
кармы, з траў гэтага ўраджаю, пачнуць толькі ў канцы восені – пачатку зімы.
— Механізатарскае звяно поўнасцю
ўкамплектавана адказнымі і стараннымі работнікамі, якія добра ведаюць цану
кожнай гадзіне і стараюцца працаваць якасна і без прастояў. Прыемна адзначыць,
што апошнім часам многа ў нас стала моладзі. Корманарыхтоўшчыкі ўсведамляюць,
што ад асабістага ўкладу кожнага залежыць, наколькі ўпэўнена грамадскі статак
увойдзе ў наступную зімоўку, якім будзе рацыён кармлення жывёлы і ў выніку —
колькасць і якасць атрыманай жывёлагадоўчай прадукцыі, — прадаўжае Віталь
Віктаравіч. — Ёсць і добрыя стымулы, каб не прахалоджвацца на рабочым месцы. Мы
паклапаціліся, каб занятыя на корманарыхтоўцы былі забяспечаны ўсім неабходным,
прама ў поле дастаўляюцца гарачыя смачныя абеды, распрацаваны ўмовы
спаборніцтва, якія прадугледжваюць маральнае і матэрыяльнае заахвочванне лепшых
работнікаў.
Корманарыхтоўка вядзецца пад
пільным кантролем: спецыялісты абавязкова прысутнічаюць на полі падчас касьбы,
на закладцы сянажных траншэй, правяраюць гатоўнасць сена.
Сяргей
КОЗЕЛ