Адрес:

223927, Минская область,
г. Копыль, пл. Ленина, 6

Режим работы

x

Режим работы
понедельник-пятница с 8.30 до 17.30,
обед с 13.00 до 14.00 (приём обращений от граждан и юридических лиц - с 8.00)
суббота-воскресенье - выходной

Режим работы службы «одно окно»:
понедельник-вторник с 8.00 до 17.00,
среда с 8.00. до 20.00
четверг-пятница с 8.00. до 17.00
обеденный перерыв с 13.00 до 14.00
Суббота с 9.00 до 13.00
Воскресенье-выходной

Прием граждан по вопросам осуществления административных процедур

Телефон:

+375 (1719) 28-2-60

Единый телефонный номер
справочной службы "одно окно":

142

Телефон «горячей линии»:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Виктор Колос из тех руководителей, кто своим трудом и талантом во второй половине ХХ века прославлял родную Копыльщину

11.06.2019

Ён з кагорты тых кіраўнікоў, хто сваёй працай і талентам гаспадара ў другой палове ХХ стагоддзя праслаўляў родную Капыльшчыну
Віктар Іванавіч Колас, старшыня саўгаса «Цімкавіцкі», вывеў гаспадарку ў лік лепшых: сельгаспрадпрыемства неаднаразова станавілася пераможцам рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва. А сам Колас узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі «За працоўную адзнаку» і «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна», а таксама Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Яго прозвішча занесена ў Кнігу працоўнай славы ААТ «Капыльскае».

■ Віктар Колас з захапленнем расказвае пра сваё жыццё
Зараз, напярэдадні свайго 80-гадовага юбілею, Віктар Іванавіч па-ранейшаму бадзёры і актыўны. Расказваючы пра мінулае, дакладна і хутка называе адметныя даты і падзеі свайго жыцця. Не памылюся, калі скажу, што ён адзін з тых лю-дзей, ад якіх нібы падзараджаешся жыццёвай сілай і энергіяй, бо яны па сваёй прыродзе — аптымісты і ясна бачаць шлях, па якім патрэбна рухацца. 
На пытанне, як удавалася доўгі час утрымліваць лідарскія пазіцыі, Віктар Іванавіч амаль не задумваючыся адказвае:
— Калі я прыйшоў, саўгас знаходзіўся ў заняпа-дзе. Таму прыйшлося пайсці на невялікі пераварот: стаўку зрабілі на вырошчванне буйной рагатай жывёлы — і не прагадалі. На базе спіртзавода было вырашана стварыць міжгаспадарчае прадпрыемства па адкорме буйной рагатай жывёлы, дзе за год планавалася адкормліваць да 22 тысяч галоў. Па-іншаму арганізавалі кармленне жывёлы, і прывагі паступова пачалі павялічвацца, узрасло пагалоўе. Значна знізіўся сабекошт мяса. Адпаведна павялічылася  абарачальнасць сродкаў.

■ Валянціна і Віктар. Пачатак 60-х гадоў ХХ стагоддзя
Як пацвярджэнне сказанаму, на старонках «СП» ад 4 ліпеня 1974 года знаходзім такія даныя: «Калі абарачальнасць сродкаў у саўгасе «Цімкавіцкі» ў 1969 годзе складала 259 дзён, кожны рубель прыносіў прыбытак 26 капеек, то ўжо ў 1973 годзе абарачальнасць адпаведна склала 223 дні, а рубель даў 63 капейкі. Рэнтабельнасць саўгаснай вытворчасці ўзрасла за гэты час з 28,9 працэнта да 38,2».
Яшчэ адзін бок прафесійнай дзейнасці Віктара Іванавіча — пэўны час ён з’яўляўся членам праўлення рэспубліканскай арганізацыі Усесаюзнага таварыства «Веды». І рабіў гэта з захапленнем і добрасумленна. Каб расказаць пра поспехі свайго сельгас-прадпрыемства, Колас зрабіў слайды пра яго жыццё і выступаў з імі ў так званых Дамах асветы. У 1982 годзе Віктар Іванавіч у складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце VIII з’езда Усесаюзнага таварыства «Веды», які праходзіў у Вялікім Крамлёўскім палацы.
— Вы разумееце, у дэлегацыю ўвайшлі вялікія вучоныя, сярод якіх наш знакаміты зямляк, канструктар МАЗаў Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук беларусі генетык Любоў Уладзіміраўна Хатылёва. І я — просты чалавек, — усхвалявана расказвае суразмоўца. — Але мне даручылі выступаць. Пасля таго, як я расказаў пра нашы дасягненні, да мяне падыходзілі і пыталі: няўжо на самай справе такія саўгасы ёсць у БССР? Пазней, ужо ў складзе групы савецкіх вучоных, ездзіў яшчэ і ў Германію. Вось як.
За 15 гадоў кіраўніцтва саўгасам сярод іншага Віктар Колас паспеў пабудаваць электракацельню, частку чыгункі, абнавіў аўтатранспартны парк. І заўсёды ён імкнуўся зрабіць жыццё людзей лепшым, чым было, бо асабісты лёс Віктара Коласа з самага дзяцінства быў напоўнены драматызмам і нягодамі.

■ Валянціна Мікалаеўна паказвае сямейную галерэю
Рана застаўшыся без бацькоў, Віця быў вымушаны клапаціцца пра сябе і сваю будучыню сам. Тата Іван Адамавіч, афіцэр НКУС, з першых дзён пайшоў на фронт, перад гэтым паспеўшы перавезці жонку з двума дзеткамі з Мінска да сваякоў у Думічы. У хуткім часе захварэла і памерла сястрычка Ганна, не вытрымаўшы цяжкасцей ваеннага часу пайшла з жыцця і маці, не дажыўшы тыдзень да Дня Перамогі. Віктара ўзялі на выхаванне сваякі. З вайны бацька вярнуўся і нават быў абраны старшынёй праўлення калгаса ў в. Бабоўня. Але былы франтавік пражыў нядоўга: не вытрымала здароўе, падарванае на вайне, і ў чэрвені 1950 года ён памёр.
Знайсці свой асабісты шлях у жыцці Віктару дапамог тагачасны дырэктар школы ў Нізкавічах Віктар Паўлавіч Сергіеня. Менавіта ён заўважыў здольнасці юнака, яго імкненне да лепшай долі і падказаў паступаць у Мінскі палітэхнікум, які той паспяхова і закончыў у 1957 годзе.
Праца ў Магілёўскай вобласці, ваенная служба ў Маскоўскай акрузе супрацьпаветранай абароны, вучоба ў Мінскім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі, уступленне ў рады КПСС, а пазней і пасада сакратара партыйнага камітэта саўгаса «Бабоўня» — прыступкі, з якіх складаўся не толькі характар, але і прафесійны шлях Віктара Іванавіча. Вядома ж, у лідара саўгасных партыйцаў спраў і клопатаў было надзвычай многа. На ўліку — некалькі дзясяткаў камуністаў, якія працуюць у полі, на фермах, будоўлях, у майстэрнях. І ўсюды свае праблемы, усюды патрэбна пабываць, правесці з людзьмі адпаведную гутарку, даць разумную параду.
У той жа час пазнаёміўся і ажаніўся з выпускніцай Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута Валянцінай Мікалаеўнай.
— Разам мы ўжо 57 гадоў, — гаворыць Віктар Іванавіч. — І за ўсім маім поспехам стаіць цярпенне, розум і мудрасць жонкі. Яна заўсёды мне раіла, як дзейнічаць.  Мы выгадавалі годных дзяцей: дачку і сына, якія працуюць урачамі ў г. Мінску. Ганарымся двума ўнукамі і праўнукамі.
— Віктар Іванавіч заўсёды ўмеў падабраць ключык да кожнага чалавека, глыбока пранікнуць у душы людзей, каб даць ім дакладны напрамак у працы і розных жыццёвых сітуацыях, — дадае Валянціна Мікалаеўна. — Таму, упэўнена, у яго і атрымалася дасягнуць высокіх вынікаў.
На маё пытанне, якія б парады Вы далі маладым кіраўнікам, Колас зноў-такі імгненна і ўпэўнена адказвае:
— Па-першае, не брацца за тую справу, якую не зможаш выканаць. Трэба заўсёды правяраць лю-дзей, глядзець, на што яны здольны. Бо зараз шмат тых, хто імкнецца зрабіць больш для сябе, нібы для агульнай справы, так званых кар’ерыстаў. Па-другое, патрэбна ведаць агульныя заканамернасці, філасофію, паліталогію. Трэба мець рознабаковую адукацыю. А яшчэ — здольнасці да самааналізу і самакантролю.
Што ж, даваць такія парады Колас мае права, бо сам — чалавек шматбаковых ведаў: акрамя іншага ён скончыў інстытут марксізму і ленінізму па спецыялізацыі «Навуковыя асновы кіравання», меў зносіны з цікавейшымі людзьмі свайго часу. Пасля 15 гадоў на пасадзе дырэктара саўгаса амаль 10 гадоў Віктар Іванавіч узначальваў Капыльскую раённую дзяржаўную насенную інспекцыю, а ў 1995 годзе быў абраны старшынёй Цімкавіцкага сельсавета. На гэтай пасадзе асабліва ярка выявілася яго ўменне разумець людзей, жыць з імі адзінымі думкамі, пры неабходнасці аказаць дапамогу.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
 

Службы и структурные подразделения

Информационные ресурсы

Информационные ресурсы