Вітаючы прысутных, намеснік галоўнага рэдактара рэдакцыі газеты «Слава працы» Дзіяна ТКАЧЭНКА адзначыла:
– Заканчваецца яшчэ адзін год. Для нас, работнікаў СМІ, гэта своеасаблівы перыяд падвядзення вынікаў і час ставіць новыя задачы. Працягваецца падпіска ў тым ліку і на раённую газету. І арганізацыя дыялогавай пляцоўкі менавіта ў нашай рэдакцыі дазваляе абмеркаваць некаторыя актуальныя, вострыя і канкрэтныя пытанні чытачоў газеты.
– Удзельнікі маюць магчымасць выказаць свой пункт гледжання на развіццё раённай прэсы, унесці заўвагі і прапановы. Рэдакцыя не пакіне іх без увагі, уся інфармацыя будзе старанна прааналізавана і стане добрай падказкай у далейшай працы.
Адкрываючы дыялогавую пляцоўку, мадэратар мерапрыемства, загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці рэдакцыі Таццяна БОХАН, прапанавала прысутным актыўна ўключацца ў размову. Яна адзначыла, што раённая газета – гэта першае, што бярэ мясцовы жыхар у рукі, каб пазнаёміцца з актуальнай інфармацыяй пра свой рэгіён.
– Толькі за бягучы год рэдакцыя раённай газеты атрымала ад чытачоў і пазаштатных аўтараў 1104 лісты, з якіх 821 – апублікаваны. З намі дзеляцца сваімі ўражаннямі пра розныя падзеі ў жыцці, знаёмяць нас з цікавымі людзьмі раёна, расказваюць пра жыццё школ, патрыятызм і любоў да родных мясцін. Нас лічаць чацвёртай уладай, бо хто, калі не СМІ, з’яўляюцца сувязным звяном паміж людзьмі і ўладай. А каб была зваротная сувязь з чытачамі, журналісты «СП» імкнуцца разнастаіць тэматыку публікацый, пашыраючы праблемна-тэматычны дыяпазон. Як вынік – у рэдакцыю паступаюць званкі з просьбамі дапамагчы. Жыхары звяртаюць увагу на розныя праблемы, якія ёсць у горадзе і раёне. Часта паведамленні становяцца інфармацыйнымі падставамі для напісання крытычных матэрыялаў.
З раёнкай па жыцці ідзе намеснік дырэктара СШ № 2 г. Капыля Таццяна КОЛАС, якая, дарэчы, добрасумленна правяла анкетаванне сярод настаўнікаў, каб даведацца іх меркаванне:
– «Слава працы» – гэта брэнд Капыльшчыны. Калі гаварыць пра педагагічны калектыў нашай школы, то мы з задавальненнем чытаем і абмяркоўваем раённыя навіны. «СП» уражвае сваіх чытачоў разнастайнасцю матэрыялаў. Асаблівую зацікаўленасць настаўнікаў выклікаюць такія матэрыялы, як «Капыльшчына літаратурная» і на гістарычную тэматыку, артыкулы па здаровым ладзе жыцця, пра цікавыя лёсы людзей. Допісы мы актыўна выкарыстоўваем на класных гадзінах і падчас інфармацыйна-адукацыйнага праекта «ШАГ».
– Радуе і тое, што газета падтрымлівае сувязь са школай: друкуе інфармацыі пра нашы поспехі. Сярод пажаданняў ад маіх калег – увядзенне новай рубрыкі «Мама, пачытай». Пад ёй могуць друкавацца прытчы ці жыццёвыя гісторыі, якія б дзеці абмяркоўвалі разам з бацькамі, яшчэ – палемічныя, маральна-этычныя артыкулы, якія таксама маглі б служыць асновай для фарміравання маральных якасцей падрастаючага пакалення. І вось такая прапанова – больш друкаваць матэрыялаў на беларускай мове.
– Адкрываючы свежы нумар «Слава працы», я, перш за ўсё, шукаю ў ім імёны калег, сяброў і знаёмых, каб даведацца пра іх поспехі і дасягненні, — дзеліцца старшыня прафкама Капыльскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Уладзімір ДАМАШЭВІЧ. – Вельмі падабаюцца артыкулы на гістарычную тэму. Цікава прачытаць свежую інфармацыю пра тое, як і чым жыве сельская гаспадарка, пра дасягненні раённых арганізацый, пра моладзь і ветэранаў, як гаворыцца, з першых вуснаў. Як чалавек, які вядзе здаровы лад жыцця, лічу, што ў раёнцы мала спартыўных навін.
Сваё меркаванне выказала вядучы спецыяліст РА РГА «Белая Русь» Зоя ДАЙНЯК:
– Вядома, як грамадзянін і як жыхар раёна я супрацоўнічаю з рэдакцыяй. Газета з кожным годам становіцца больш цікавай у плане зместу і афармлення, яна з’яўляецца надзейнай крыніцай інфармацыі. Сярод прапаноў – увядзенне новых рубрык, напрыклад, «Сямейны псіхолаг», «Накіпела!», а таксама друкаванне гараскопаў, сканвордаў ці красвордаў. Неяк на прапанову прачытаць твор у электроннай кнізе 15-гадовы ўнук адказаў: «Хачу папяровы варыянт кнігі, яна пахне бібліятэкай!» А гэта значыць, што друкаванае слова, за якім крыецца не толькі інфармацыйны паток навін, але і захоўваецца спадчына нашых продкаў, будзе жыць!
Пра тое, што раённая газета дапамагае нашай моладзі ў захаванні гістарычнай памяці, прысутным расказаў член ГА «Беларускі саюз журналістаў» Барыс ДЗЕНІСЮК:
– У многіх артыкулах «СП» прасочваецца пераемнасць, вернасць баявым і працоўным традыцыям старэйшых пакаленняў. Рэпартажы пра аўта- і велапрабегі, увекавечванне памяці загінуўшых у гады вайны, урокі мужнасці, а таксама артыкулы пра ветэранаў вайны і працы, работнікаў адукацыі і культуры, вайскоўцаў, простых працаўнікоў – гэта не толькі тэма агульнай адукаванасці, але і выхаванне павагі да людзей розных прафесій, да дасягненняў краіны, неабходнасці пераймання вопыту з мэтай далейшага выкарыстання яго на карысць Радзімы.
– Лічу, што родная «СП» уносіць вялікі ўклад у фарміраванне, развіццё і распаўсюджванне патрыятычных ідэй сярод моладзі, што ў будучыні дапаможа пабудаваць моцную і квітнеючую дзяржаву.
Пра развіццё інтэрнэт-рэсурсу расказаў яго рэдактар Павел ШЭІН:
– Адзначу, што для развіцця рэгіянальных СМІ ў інтэрнэце створаны ўсе ўмовы. Акрамя таго, што ў «СП» ёсць свой сайт, раённыя навіны чытаюць у «Аднакласніках», «Інстаграме», «Фэйсбуку», цяпер і ў «Тэлеграме».
– Узроставая катэгорыя чытачоў такая: большая частка – ад 25 да 34 гадоў, затым 35-44 і 45-54 гадоў. А яшчэ «СП» карыстаецца папулярнасцю не толькі ў мясцовых жыхароў, але і далёка за межамі раёна. Сярод іх – Расія, ЗША, Ірландыя, Казахстан, Украіна, Германія і Польшча.
Вынік дыялогавай пляцоўкі падвяла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена КАРПЯЛЕНЯ:
– Мясцовая прэса заўсёды будзе запатрабаванай пры наяўнасці разнастайных па жанрах матэрыялаў, выкарыстанні рэдакцыямі новых формаў работы, актыўным узаемадзеянні з чытачамі. Самае галоўнае – гэта жывая аўдыторыя. Непасрэдна да сваіх чытачоў раёнка даносіць аб’ектыўную, праўдзівую і кампетэнтную інфармацыю. А значыць, мы не страцім сваіх падпісчыкаў.
Замест эпілога
Мы ўважліва выслухалі кожнага ўдзельніка пляцоўкі і вельмі ўдзячны ім за карысныя заўвагі і прапановы. Але гэта невялікая частка нашай аўдыторыі. Таму запрашаем да дыялогу ўсіх неабыякавых. Свае прапановы наконт таго, чаго не хапае раённай газеце «Слава працы», можаце пакінуць на нашым тэлеграм-канале https://t.me/chatslavapracy, на сайце газеты або даслаць звычайны ліст у канверце. Спадзяёмся, што верных падпісчыкаў і пазаштатных аўтараў у «Слава працы» будзе яшчэ больш, бо хто, калі не раёнка, пазнаёміць з рэальнай карцінай дня і лепшымі працаўнікамі. Верым, што разам мы зробім нашу газету яшчэ больш цікавай і запатрабаванай, а наша журналісцкае слова будзе служыць стварэнню дабра і справядлівасці.
Таццяна БОХАН
Источник http://www.kopyl.by