8 лiпеня, Копыль /Уласн. iнф./. У рамках святочных мерапрыемстваў адбылося адкрыццё адноўленай Алеі працоўнай Славы раёна. Яна гарманічна ўпісалася ў архітэктурную кампазіцыю горада і стала ў адзін рад з Алеяй Герояў Савецкага Саюза і помнікам воінам-інтэрнацыяналістам.
З ініцыятывай па аднаўленні Алеі працоўнай Славы выступіў раённы Савет ветэранаў. І яна была падтрымана кіраўніцтвам раёна.
Дзесяць фотаздымкаў Герояў Сацыялістычнай Працы і аднаго Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага – ураджэнцаў Капыльшчыны – занялі пачэснае месца ў цэнтры горада. У ліку ганаровых людзей раёна з’явілася новае імя Героя Сацыялістычнай Працы — Фёдара Аляксеевіча Саўчыка. Нарадзіўся ён у 1915 годзе ў в. Куцаўшчына. Працаваў брыгадзірам па вырошчванні збожжавых у саўгасе “10 гадоў БССР” Любанскага раёна. У 1948 годзе яму прысвоена званне Героя за атрыманне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых.
Адкрыў урачыстасць старшыня райвыканкама Міхаіл Бода. Ён адзначыў, што Алея працоўнай Славы стане яшчэ адным памятным месцам для капылян, будзе садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню моладзі. Да ўдзельнікаў урачыстасці таксама звярнуліся старшыня раённага Савета ветэранаў Казіміра Ганчар, унучка Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Букатай Алена Шостак, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталля Лятчэня. З біяграфіямі Герояў удзельнікаў урачыстасці пазнаёміла дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. Ганаровае права перарэзаць стужку на адкрыцці Алеі было дадзена старшыні райвыканкама Міхаілу Боду і старшыні райсавета дэпутатаў Марыі Сандрозд.