5 жніўня, Копыль /Уласн. інф./. Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Ціміразеўскі”, вядомы слаўнымі хлебаробскімі традыцыямі не толькі ў раёне, але і ў вобласці, рэспубліцы, і ў гэтым годзе задае тэмп уборачнай кампаніі. Яно і зразумела: багаты ўраджай збожжавых і зернебабовых, якіх у гаспадарцы пасеяна 4373 га, неабходна ўбраць як мага ў карацейшы тэрмін, што, бяспрэчна, прынясе і чакаемы прыбытак. І вынікі не прымусілі доўга чакаць: два экіпажы ў хуткім часе запісалі на свой рахунак першую тысячу тон.
Павіншаваць са значным працоўным дасягненнем хлебаробаў СВК “Ціміразеўскі” адправілася агітбрыгада ў складзе старшыні райкама прафсаюза работнікаў агра- прамысловага комплексу Аляксандра Татарыцкага, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы Алены Міхайлоўскай, артыстаў ад- дзела культуры Валянціны Зарамбоўскай і Аляксандра Карповіча, да якіх далучыліся старшыня СВК Аляксандр Турбан і намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Галіна Бярозка.
На 52-гектарным палетку ля вёскі Вераб’евічы шчыраваў экіпаж у складзе старшага камбайнера Сяргея Пяцігорца і камбайнера Аляксандра Леановіча. Гэта – адзін з першых экіпажаў-тысячнікаў. На пачатку жніва менавіта яны задавалі тэмп уборкі. Сяргею, у нядаўнім мінулым - пераможцу рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы збожжавых сярод моладзі, даводзіцца дэбютаваць ужо ў ролі дарослага камбайнера. Як адзначыў вопытны механізатар, першая тысяча далася вельмі няпроста. Працаваць прыходзілася на розных культурах: жалі рапс, трыцікале, ячмень. Магутны “Лексіён-570” збояў не даваў. Дарэчы, Сяргей на гэтай машыне – пяты сезон. Да жніва ўсе рамонтныя работы выкананы без асаблівых праблем дзякуючы добрай забяспечанасці запчасткамі. Камбайнер Аляксандр Леановіч хоць і першы сезон працуе на жніве, але навічком хлебаробскай справы яго не назавеш: на працягу 10 гадоў працаваў механізатарам на МТЗ-1221. У перспектыве, як адзначыў старшыня сельгаспрадпрыемства Аляксандр Турбан, на жніве ў наступным годзе Аляксандр Леановіч за штурвал камбайна сядзе ўжо ў якасці старшага камбайнера.
У раёне распрацавана палажэнне аб матэрыяльным і маральным стымуляванні працы на жніве. Кіруючыся ім, Аляксандр Татарыцкі ўручыў членам экіпажа падзячныя пісьмы і прэміі ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, галіновага прафсаюза, а Алена Міхайлоўская – маланкі-падзякі старшыні райвыканкама і вымпелы. Таксама ад гаспадаркі прэміі перадавікам уручылі Аляксандр Турбан і Галіна Бярозка, а работнікі культуры падарылі прыгожую песню.
Не маглі не абмінуць увагай экіпаж камбайна КЗС-1218 у складзе Алега Пяцігорца і Леаніда Логвіна. Менавіта Алег перахапіў эстафету лідэрства ад старэйшага брата ў маладзёжным спаборніцтве. У адрас камбайнераў таксама прагучалі словы ўдзячнасці за добрасумленную працу і музычны нумар ад артыстаў.
На, здавалася, бяскрайнім 150-гектарным полі ля в. Лютовічы здалёк заўважылі камбайн “Лексіён-570”. Тысячны намалот на рахунку гэтага экіпажа ў пачатку ўборачнай кампаніі не дзіва: за штурвалам – вопытны старшы камбайнер Мікалай Бутрымовіч. Сваё хлебаробскае майстэрства ў сезоне-2009 ён перадае другому сыну - Яўгену. Іх сямейны экіпаж узнагароджаны прэміямі ад гаспадаркі і райвыканкама. А на дарогу – пажаданні найвышэйшых намалотаў.
НА ЗДЫМКУ: Г.Бярозка, А. Татарыцкі,А. Міхайлоўская, М. Бутрымовіч, Я. Бутрымовіч. Фота аўтара