5 сакавiка, Капыль /Уласн. iнф./. Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці райкама ГА «БРСМ» з’яўляецца валанцёрскі рух. Члены гэтай арганізацыі, а таксама раённага савета ГА «БРПА» праводзяць работу па ўтрыманні ў належным санітарным стане памятных мясцін баявой славы, магіл удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў–інтэрнацыяналістаў, аказваюць дапамогу састарэлым, інвалідам, мнагадзетным сем’ям і інш.
Адным з такіх мерапрыемстваў стала наведванне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльным прытулку г. Капыля. Валанцёрскі атрад «Дабрыня» сярэдняй школы №3 узяў шэфства над дзецьмі гэтай установы яшчэ ў мінулым годзе. Сёлетні візіт быў прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчыны.
Падзяліўшыся на дзве каманды, дзеці прынялі ўдзел у забаўляльнай конкурснай праграме, дзе знайшлося месца жартам, песням, вясёлым танцам. Кожнае выпрабаванне ацэньвалі загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Пётр Лобаў, галоўны спецыяліст райкама ГА «БРСМ» Вераніка Вярбіла і сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» ААТ «ААБ Беларусбанк» Таццяна Гуцько, якія ўвайшлі ў склад журы. Як звычайна бывае на такіх мерапрыемствах, перамогу святкавала... сяброўства. Ад райкама ГА “БРСМ” камандам былі ўручаны падарункі, а пасля для выхаванцаў прытулка быў накрыты салодкі стол, які арганізавалі члены пярвічкі ГА «БРСМ» ААТ «ААБ Беларусбанк».