17 сакавiка, Капыль /Уласн. iнф./. Ужо стала добрай традыцыяй 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь праводзіць акцыю “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, у рамках якой сярод шматлікіх мерапрыемстваў ярка выдзяляецца самае, бадай, памятнае для юнакоў і дзяўчат, якім толькі-толькі споўнілася 16 гадоў. Ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасці кіраўніцтва раёна, ветэранаў вайны і працы ім уручаюць самы галоўны дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Не стаў выключэннем і сёлетні год. У зале пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта сабраліся прадстаўнікі гімназіі і школ горада Капыля, якія днямі адсвяткавалі сваё ўступленне ў дарослае жыццё. Трэба сказаць, што ў пераважнай большасці гэта былі выдатнікі вучобы, пераможцы разнастайных конкурсаў, спаборніцтваў, алімпіяд, канферэнцый, актывісты школьнага і грамадскага жыцця. Адкрыла свята першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч, якая шчыра вітала ўдзельнікаў мерапрыемства і зрабіла кароткі экскурс у гісторыю ўзнікнення пашпарта. “Сёння, атрымаўшы пашпарт, — звярнулася да маладых людзей Наталля Рыгораўна, — вы станеце паўнацэннымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь з усімі прапісанымі ў Канстытуцыі правамі і абавязкамі”.
Галоўны дакумент нашай краіны юным капылянам уручылі старшыня райвыканкама Міхаіл Бода і начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Капыльскага РАУС Алег Осіпаў. З рук намесніка старшыні райвыканкама Алы Раеўскай юнакі і дзяўчаты атрымалі прыгожыя памятныя кнігі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.