9 жніўня, Капыль /Уласн. iнф./. На палях раёна ў гарачую ўборачную пару шчыруюць і маладыя хлебаробы. Увогуле ў гаспадарках налічваецца 29 камбайнавых экіпажаў (сем з якіх – сямейныя) і 19 вадзіцеляў, узрост якіх не перавышае 31 года. Некалькі дзесяткаў маладых людзей дапамагаюць гатаваць абеды, на таках даводзяць зерне да кандыцыі, сочаць за работай тэхнікі, якасцю ўборкі на спелых нівах.
Адзін з такіх хлебаробаў – вадзіцель МАЗа-5551 Валерый Захарчэня з СВК “Мажа-Агра” (на здымку). Чацвёрты сезон верай і праўдай служыць яму аўтамабіль. Гэта і не дзіўна: кожны вінцік у МАЗе перабраў сваімі рукамі. Дзякуючы бесперабойнай рабоце, Валерый перавёз ужо больш за 1000 тон збожжавых і стаў другім маладым вадзіцелем на Капыльшчыне, які перасягнуў вышэйадзначаную лічбу.