У чацвер, 19 жніўня, у рэспубліцы праводзіўся адзіны дзень інфармавання на тэму: “Роля сродкаў масавай інфармацыі ў адлюстраванні праблем, якія хвалююць насельніцтва”. На сустрэчу з работнікамі ААТ “Капыльскі масласырзавод” прыехаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў. Разам з высокім госцем дыялог з прысутнымі вялі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Кулеш, выконваючы абавязкі старшыні Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня, дырэктар ААТ “Капыльскі масласырзавод” Іван Горбач, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксей Абросімаў.Асноўныя задачы СМІ ў сучасных умовах - арганізаваць паўнацэнны дыялог насельніцтва і ўлады, фарміраваць грамадска-палітычнае меркаванне, адзначыў Аляксандр Радзькоў. Асвятляючы найбольш вострыя пытанні ў развіцці грамадства, сродкі масавай інфармацыі такім чынам інфармуюць насельніцтва і ўладу аб рэальным становішчы спраў у рэгіёнах, краіне, спрыяючы ажыццяўленню праводзімай дзяржаўнай палітыкі. Таксама Аляксандр Міхайлавіч паведаміў аб дзейнасці міністэрства, новых падыходах і поглядах у вучэбным працэсе, адказаў на шэраг пытанняў, якія тычыліся сістэмы адукацыі.Працягам візіту стала наведванне гімназіі №1, дзе госця гасцінна сустракалі адміністрацыя, выхаванцы навучальнай установы. Пасля невялікай экскурсіі па гімназіі ў канферэнцзале міністр сустрэўся з дырэктарамі школ, загадчыкамі дзіцячых садоў раёна, спецыялістамі аддзела адукацыі. Сімвалічна, што гутарка з калегамі адбылася напярэдадні абласной і раённай педагагічных канферэнцый.Аляксандр Радзькоў не мог не пабываць і ў аграгарадку Семежава, вядомым далёка за межамі раёна. Акрамя мясцовай адзінаццацігодкі ён наведаў бацькоўскі дом Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага. Пра экспазіцыю створанага там музея расказалі юныя экскурсаводы школы. А на памяць аб сваім візіце міністр адукацыі пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей.