28 верасня, Капыль /Уласн. iнф./. У раённым Цэнтры культуры прайшлі ажно два канцэрты пад назвай “Гукі школ”, якія падарылі школьнікам горада і раёна юныя беларускія знакамітасці, удзельнікі аднайменнага праекта, зоркі Еўрабачання Юра Дземідовіч, Андрэй Кунец, Ксенія Сітнік, Паліна Ждановіч і іншыя.
На працягу амаль дзвюх гадзін (прыкладна столькі доўжыўся адзін канцэрт) зала бурнымі апладысментамі сустракала вядомых выканаўцаў. Капыльскія хлопчыкі і дзяўчынкі не саромеючыся танцавалі пад выдатныя дзіцячыя песні. Таксама вядучыя праграмы правялі міні-кастынг, у якім прынялі ўдзел нашы школьнікі. У падарунак ім уручылі кампакт-дыскі, куды ўвайшлі 16 сольных кампазіцый у выкананні беларускіх дараванняў.