Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Выборы 2025

Деятели литературы, культуры и искусства

Шлях у вечнасць

Значнасць постаці нашага земляка Валянціна Рабкевіча вымяраецца адданасцю да літаратуры, і гэтую апантанасць ён перадаў сваім вучням, якія сёння сталі вядомымі пісьменнікамі і перакладчыкамі. Ён быў майстрам слова, надзеленым паэтычным дарам. Шкада, што выпускнік Грозаўскай дзесяцігодкі пражыў усяго 58 гадоў, памёр у самым росквіце творчасці, але пакінуў пра сябе добрую памяць

Вытокі яго творчасці пачыналіся з дзяцінства. У вёсцы Аксаміты, паблізу Грозава, жылі суседзі, сваякі, якія прывілі будучаму мовазнаўцу, паэту, перакладчыку любоў да роднай мовы. Па старой завядзёнцы вяскоўцы збіраліся па чарзе ў хатах і спявалі беларускія песні, сыпалі, быццам зерне, жарты і прымаўкі, і Валянціну гэта запала ў душу. Пасля заканчэння ў 1959 годзе Мінскага педінстытута імя Максіма Горкага ён, ужо працуючы настаўнікам на Браслаўшчыне, а затым у Ракаве каля Мінска, занатаваў у запісную кніжку скарбы народнай творчасці.

— Гэтым скарбам цаны няма, — гаварыў Валянцін сваім сябрам-пісьменнікам, калі бываў у ІслачыБраслаўшчыну і Ракаў аддзяляюць ад Аксамітаў сотні кіламетраў, а прымаўкі і прыказкі амаль аднолькавыя, зразумела, са сваімі асаблівасцямі.

Ён адшукаў шмат беларускіх народных прыказак, жартаў, прымавак і ў 1984 годзе выпусціў кніжку “Паслухай, што людзі кажуць”. А крыху раней, у 1982 годзе, выйшаў яго зборнік вершаў для дзяцей “Ад зімы да зімы”.

Але няпросты быў яго шлях у вялікую літаратуру. Здаецца, спачатку лёс спрыяў Рабкевічу. Ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў працаваць загадчыкам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва “Беларуская Савецкая энцыклапедыя”. Але адзін з супрацоўнікаў АН БССР навёў паклёп на Рабкевіча і яго памоч-нікаў, быццам яны не разумеюць ленінскую нацыянальную палітыку. Усіх пяцярых звольнілі з Акадэміі навук. Валянцін не мог знайсці працу і вельмі перажываў, пакуль не ўмяшаўся ў гэтую справу сакратар ЦК КПБ Кузьмін. Ён дапамог уладкавацца Рабкевічу і Каўрусу ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Валянцін Іванавіч спачатку быў назначаны рэдактарам, а затым загадчыкам рэдакцыі. Яму пашчасціла працаваць з земляком-пісьменнікам Іванам Канановічам. Сябраваў з пісьменнікамі Хомчанкам, Левановічам, Яўсеевым. Разам з гэтай кагортай літаратараў разграбаў стол ад рукапісаў, працаваў дапазна. Тут, у выдавецтве, Валянцін звярнуўся да мастацкага перакладу, бо спецыялісты, якіх запрашалі рабіць пераклады, не спраўляліся, і таму даручалі выходзіць з аўралу супрацоўнікам рэдакцый. Рабкевіч быў высокакваліфікаваным прафесіяналам і з задавальненнем узяўся перакладаць раманы “Чужы твар” і “Жанчына ў пяску” Коба Абэ, “Марыне паміраюць” Леа Метсара, “Птушкі на цернях” Колін Макалау (сумесна з Дорскім) і многія іншыя. Адным з лепшых яго перакладаў з’яўляецца “Тарас Бульба” Мікалая Гогаля. Ён тут дасягнуў арыгінальных вырашэнняў. Рабкевіч не цярпеў моўных штампаў, стараўся перадаць тэкст натуральна, адпаведна са стылістыкай аповесці. Асабліва ён захапляўся паэзіяй Ганны Ахматавай. Яе вершы друкаваліся ў літаратурным зборніку “Далягляды”. Яны вельмі натуральна і пявуча гучалі на беларускай мове. Дзякуючы Рабкевічу па-беларуску загаварылі класікі многіх краін свету.

А колькі артыкулаў напісаў ён пра культуру і чысціню роднай мовы! Колькім маладым перакладчыкам даў дарогу ў вялікую літаратуру.

Каб часта бываць на малой радзіме, ён набыў белыя “Жыгулі” і клапатліва даглядаў свайго “коніка”. Валянцін Рабкевіч шмат паспеў зрабіць у мовазнаўстве і літаратуры. Памёр літаратурны руплівец у лютаўскі дзень 1995 года. Праводзілі яго ў апошні шлях згаданыя вышэй пісьменнікі Канановіч, Левановіч і Алесь Рыбак. Прыехалі ў Аксаміты яго два сыны і жонка Ванда Мартынаўна. Са слынным пісьменнікам развітвалася ўся вёска. Мужчыны неслі труну больш за вярсту, да самых могілак. Некаторыя плакалі, бо яго любілі ўсе вяскоўцы. І многія ў Беларусі аплаквалі свайго таленавітага сына.

Іван ІГНАТЧЫК


Паэты і пісьменнікі Капыльшчыны

1) Алесь Адамовіч
2) Астрэйка Анатоль
3) Астрэйка Сяргей
4) Афяроўскі Аляксандр Рыгоравіч
5) Бабарэка Адам
6) Гартны Цішка.
7) Гурло Алесь
8) Даманская Міхаліна
9) Дубовік Мікола
10) Канановіч Іван
11) Кандраценя Уладзімір
12) Клейнбарт Леў
13) Коршак Аляксей
14) Марціновіч Алесь
15) Міхальчук Сяргей
16) Мэндэле Мойхер-Сфорым
17) Падгорскі-Аколаў Леанард
18) Рабкевіч Валянцін
19) Ралько Іван
20) Русак Адам
21) Скрыган Ян
22) Сташэўскі Васіль
23) Сыракомля Уладзіслаў
24) Тшашчкоўская Зоф’я
25) Хведаровіч Мікола
26) Чарнушэвіч Нічыпар
27) Чорны Кузьма

Мастакі Капыльшчыны

28) Генадзь Міхайлавіч Галубовіч
29) Алена Кіш
30) Уладзімір Маркавіч Пасюкевіч
31) Іван Іванавіч Пешкур
32) Петр Ісакавіч Розін

Дзеячы культуры

33) Андруковіч Фёдар
34) Быстрова Алена (Алена Кахановіч)
35) Бранавіцкі Віліус Іванавіч
36) Лагвіновіч Фёдар Фёдаравіч
37) Пратасевіч Вячаслаў Сцяпанавіч
38) Пятровіч Генадзь Уладзіміравіч
39) Пятровіч Сяргей Астапавіч
40) Раеўскі Уладзімір
41) Шумілін Міхаіл Міхайлавіч


АЛЕСЬ АДАМОВІЧ
(1927 – 1994 )

Алесь (Александр Міхайлавіч) Адамовіч нарадзіўся 3 верасня 1927 г. у весцы Канюхі Капыльскага раена Мінскай вобласці ў сям’і служачых.
У 1942 г. - сувязны , а з 1943 г. - баец партызанскага атрада імя Кірава на Бабруйшчыне. У 1944 – 1945 г.г. - студэнт Ленінагорскага горна-металургічнага тэхнікума. У 1945 г. паступіў, а ў 1950 г. скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт імя У.І. Леніна (філалагічны факультэт), у 1953 г. - аспірантуру пры універсітэце. З 1954 г. - навуковы супрацоўнік, а з 1976 г. -загадчык сакратара ўзаемасувязей літаратур Інстытуты літаратуры імя Янкі Купалы. У 1962 – 1966 г.г. вучыўся на вышэйшых сцэнарных курсах, у 1964 – 1966 г.г. выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В. Ламаносава.
Доктар філалагічных навук, прафесар. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і медалямі.
Як крытык і літаратуразнаўца выступае ў друку з 1950г.. Піша на беларускай і рускай мовах.
Выйшлі навуковыя працы “Шлях да майстэрства” (1958), “Культура творчасці” (1959), “Беларускі раман” (1961). Вялікай папулярнасцю карыстаецца “Хатынская аповесць”. За яе аўтару ў 1944 г. прысуджана прэмія Міністэрства абароны СССР, а ў 1976 г. - Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа. Галоўная тэма мастацкіх і мастацка-дакументальных твораў А. Адамовіча тэма Вялікай Айчыннай вайны, партызанскай барацьбы, менавіта пра гэта вы даведаецеся з артыкула С. Букчына: “Пра самае галоўнае”. 26 студзеня 1994 года не стала біцца сэрца нашага славутага земляка Алеся Адамовіча, таму артыкул “Знічка яркага свячэння” прысвечана памяці празаіка, крытыка, літаратуразнаўца і проста вельмі чуламу і добраму чалавеку.


Астрэйка Анатоль
“Хай будзе–ж славен наш народ навечна,
Што цемру зброяй праўды перамог,
На белым свеце самы чалавечны
І грозны ў час вайны, у час трывог.”

Анатоль (Акім Пятровіч) Астрэйка нарадзіўся 24 ліпеня 1911 г. у весцы Пясочнае Капыльскага раена Мінскай воблосці ў беднай сялянскай сям’і.
Скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме (1930г.), вучыўся на літаратурным факульцеце Мінскага педагагічнага інстытута (1932- 1934 гг.). З 1930 г. – на газетнай рабоце ў Полацку, Оршы, Горках, Мінску. У час Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашасцкую гадзіну “. Двойчы накіроўваўся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. У 1946 - 1948г.г. старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў, у 1948 – 1953 г.г. - адказны сакратар часопіса “Вожык”.
На зборнік “Слуцкі пояс”, як унікальнае выданне, звярнуў увагу ў сваім даследванні “Савецкая літаратура” французскі пісьменнік – камуніст Луі Арагон, а саму нашу рэспубліку назваў “партызанскай краінай”, ”Краінай песні”. Зборнік вершаў А.Астрэйкі “Слуцкі пояс” друкаваўся на працягу месяца. Экземпляры па чарзе паступалі ў партызанскія атрады. Усім вядома кніга А. Астрэйкі “Прыгоды дзеда Міхеда”, аб тым як яна была напісана і прысвечаны артыкул С. Нікалаева “Кніга партызанка”.


Астрэйка Сяргей
( 1912 – 1937 )

Сяргей Адамавіч Астрэйка нарадзіўся 26 чэрвеня 1912 г. у весцы Каласоўшчына Капыльскага раена Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум у 1930 г. Пасля працаваў літаратурным рэдактарам у Беларускім навукова-даследчым інстытуце прамысловасці, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР.
Першыя паэтычныя творы апублікаваў у газеце “Чырвоная змена”. З творамі выступаў на старонках часопісаў “ Полымя рэвавлюцыі” і “Чырвоная Беларусь”. Толькі дваццаць пяць гадоў наканаваў яму лес. Некаторыя яго рукапісы захаваліся ў Дзяржаўным архіве - музеі літаратуры і мастацтва БССР.
“У 1937 годзе, не адбыўшы тэрміну высылкі, быў арыштаваны паўторна. Несправядлівы прыгавор, падпісаны 13 верасня 1937 года, быў выкананы на наступны дзень. Такі лёс напаткаў маладога паэта Сяргея Астрэйку, аб чым нам паведаміць артыкул А.Марціновіча “Застаўся вечна маладым”.
Памёр ён 14 верасня 1937 г.


Афяроўскі Аляксандр Рыгоравіч

Нарадзіўся 1 мая 1937 года ў вёсцы Рулева Капыльскага раёна, Мінскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1969). Працаваў на Беларускім тэлебачанні, у Беларускім тэлеграфным агенцтве, у Белкаапсаюзе, выдавецтве “Універсітэцкае”. Цяпер у выдавецтве “Юнацтва”.
Аўтар дакументальнай аповесці “Свет северного сияния” (1988), зборніка гумару “Ноч з Юзікам” (1994), кнігі вершаў для дзяцей “Заапарк” (1994), раманаў “Двое на тонкім лёдзе” (1998), “Феафанія”, а таксама кніг “Тайны народнай медыцыны” (1993), “Яблоко” (1995)


Бабарэка Адам
(1899 – 1938 )

Адам Антонавіч Бабарэка (выступаў таксама пад псеўданімам Адам Чырвоны, Якім Каліна) нарадзіўся 14 кастрычніка 1899г. ў вёсцы Слабада - Кучынка Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і беззямельнага селяніна. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю ў 1918 годзе. З 1918 года настаўнічаў на Капыльшчыне. У час белапольскай акупацыі ўдзельнічаў у падпольнай барацьбе, быў пасаджаны ў астрог (1920г.) Пасля вызвалення Случчыны працаваў настаўнікам, быў членам рэўкома Пукаўскай воласці і загадваў валасным аддзелам народнай асветы. Служыў у Чырвонай Арміі (1921 – 1922г.г). У 1927г. скончыў этнолагалінгвістычнае аддзяленне педфака ЮДУ. Адначасова з вучобай працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», потым настаўнікам. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (1923г.). Пасля ўтварэння «Узвышша» (1926) - сакратар аб'яднання. У 1926 – 1929 г.г працаваў у Камуністычным універсітэце Беларусі імя У.І. Леніна выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а з 1928 г. - асістэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. У 1925 годзе выдаў кнігу «Апавяданні».
Памер 10 кастрычніка 1938 года.
Каб пракарміць сябе і сям’ю, А. Бабарэка ўсе пяць гадоў вучобы, адначасова працаваў у рэдакцыі “Савецкай Беларусі”. У 1930 г. незаконна арыштаваны. 10.04.1931 г. асуджаны на 5 год высылкі.


Гартны Цішка.
(1887 – 1937)

У гісторыі беларускай літаратуры творчая спадчына Цішкі Гартнага – паэта, празаіка, публіціста, літаратурнага крытыка – цікавая старонка.
Ц. Гартны – актыўны ўдзельнік рэвалюцыйных падзей 1905 - 1907г.г., Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., пешы старшыня часовага ўрада Беларусі. Яго рукой напісаны і падпісаны маніфест, якім 1 студзеня 1919 года Беларусь была абвешчана Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і дэкларавана поўнае вызваленне беларускага народа ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнету.
Творчасць пісьменніка фарміравалася пад уплывам рускай рэвалюцыйна - дэмакратычнай і рабочай паэзіі і развівалася пад непасрэдным уздзеяннем лірыкі Я Купалы і Я. Коласа.
Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. у мястэчку Капыль.
Бацька яго парцаваў гарбаром, маці – падзёншчыцай. Запаветнай марай гэтых простых людзей стала адукацыя сына. Ад бацькі Зміцер навучыўся добра чытаць па – стараславянску. Пазней ён стаў вучыцца ў “дэрактараў”, многа і прагна чытаў. У 1905 г. скончыў Капыльскае двухкласнае вучылішча. Яшчэ ў вучылішчы Ц. Гартны захапляўся дзейнасцю капыльскіх сацыял- дэмакратаў, быў актыўным чытачом іх бібліятэкі. Сярод прачытаных ім кніг былі творы Нікіціна і Някрасава, Чэхава і Надсана, Пісарава і Міхайлоўскага, Талстога і Горкага. У гэты час юнак спрабуе свае літаратурныя сілы і піша вершы і апавяданні на рускай мове.У 1906 г. Жылуновіч працуе гарбаром - пасадчыкам і становіцца актыўным удзельнікам рэвалюцыйных выступленняў рабочых і сялян Капыля. Яго выбіраюць членам камітэта сацыял- дэмакратычнай арганізацыі - адказным за культурна - асветніцкую работу сярод моладзі. За яго дзейнасцю пільна сачыла паліцыя і не раз рабіла вобыскі на кватэры. Спроба маладога рабочага паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю скончылася няўдачаю; ён не быў прыняты з-за “ палітычнай ненадзейнасці”. Нягледзячы на цяжкую працу, ен шмат чытае, піша апавяданні, вершы, вядзе дзённікі . У двух дзённіках гэтага часу (“Дневник рабочего» і «Дневник посадчика») чытаем пра жудасныя ўмовы працы рабочых у прыватных гарбарных майстэрнях. Пазней гэтыя дзённікі паслужылі Гартнаму каштоўным матэрыялам для напісання шэрагу твораў. 1910- 1911г. сябры арганізавалі літаратурна – грамадскі гурток “Самаразвіццё і самаадукацыя” і выдавалі рукапісныя часопісы “Заря”, затым “Голас низа» (на рускай мове) і дадатак да яго “Вольная думка”(на беларускай)- зборнік твораў маладых аўтараў. Рэдактарам “Голас низа» быў Цішка Гартны, які выступаў пад псеўданінамі Шулятнік і Капылянін. Цішка Гартны ў 1912г. звязваецца з кіеўскім часопісам “Огни», у якім друкуе свой верш “На берегу моря” пад псеўданінам “Рабочий Давид Скорбящий». Вясной 1913г. Гартны прыехаў у Пяцярбург і працавў фрэзіроўшчыкам на заводзе “Вулкан”. Уключыўся ў беларускі нацыянальна – вызваленчы рух, які садзейнічаў росту яго нацыянальнай свядомасці. Аднак беспрацоўе напаткала яго і тут. З групай маладых рабочых ён быў звольнены. З дапамогай сяброў у 1914г. уладкаваўся ў выдавецтва А. Суворава – сына, дзе два гады працаваў экспедытарам, а затым- бухгалтарам. Зарабіўшы грошай і атрымаўшы дазвол, 1 лістапада 1916г. Гартны пачаў выдаваць у Петраградзе газету на беларускай мове “Дзянніца”. Вайну 1914г. паэт сустрэў варожа, зразумеўшы яе грабежніцкую сутнасць і антынародны характар.Ён бачыў, як тысячы бежанцаў пацягнуліся па дарогах Беларусі, уцякаючы ад чужаземных грабежнікау,паміраючы ад голаду і эпідэмій (верш “Бежанцы”. У Лютаўскай рэвалюцыі, пісаў сам Гартны, ён прымаў непасрэдны удзел. Разам з рабочымі петраградскіх заводаў атакаваў Праабражэнскія казармы, дапамагаў лавіць пераапранутых паліцэйскіх на Неўскім праспекце. У сакавіку 1917г. бежанскі камітэт беларусаў паслаў яго сваім дэпутатам у Петрградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Створаная ў Петраградзе Беларуская сацыялістычная грамада выбрала Жылуновіча старшынёй. Ад яе ён прысутнічаў на сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый, на з’ездзе БСГ у Мінску. У снежні 1917г. удзельнічаў у рабоце Усебеларускага з’езда (кангрэса) і выступаў супраць яго разгону бальшавікамі, сцвярджаючы , што не кожны нацыянальны рух з’яўляецца буржуазным і рэакцыйным. У кастрычніцкіх падзеях 1917г. не ўдзельнічаў. 14 лютага 1918г. быў арганізаваны Беларускі нацыянальны камісарыят пры урадзе РСФСР.З. Жылуновіч назначаецца адказным сакратаром камісарыята і рэдактарам яго друкаванага органа на беларускай мове – газеты “Дзянніца”. У кастрычніку 1918г. З. Жылуновіч уступае ў члены РКП(б). Летам 1919г. Гартны быў накіраваны на Паўднёвы фронт, у 14-ю армію, і да лютага 1920г. ваяваў супраць Дзяніка , затым быў пераведзены ў штаб Заходняга фронту (Смаленск), дзе ў поўнай меры праявіўся яго талент публіціста – агітатара. У студзені 1920г. Гартны вяртаецца ў Мінск. У 20-я гады ён выбіраўся членам ЦВК БССР І СССР, быў рэдактарам газеты “Савецкая Беларусь” і часопіса “Полымя”, Дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, намеснікам міністра асветы БССР, членам калегіі Інстытута гісторыі партыі, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва. З 1928г. ён правадзейны член Акадэміі навук БССР. Аднак далейшы лес Цішкі Гартнага склаўся вельмі трагічна. Нягледзячы на высокія пасады і званні, ён не карыстаўся даверам з боку кіраўніка партыі. За кожным яго крокам сачылі, на яго паклёпнічалі, тройчы выключалі з партыі. Усведамленне безабароннасці і асабістай бездапаможнасці прымусілі Гартнага ў снежні 1929г. напісаць “пакаенне”- “Мае памылкі і іх карані”. Ён прызнаваўся ў тых палітычных памылках, якія прыпісваліся яму ў час партыйных чыстак. Аднак і “пакаянне” не уберагло Гартнага. 16 студзеня 1931г. ен быў выключаны з партыі за “свядомае правядзенне нацыянал- апартуністычнай і нацыянал – дэмакратычнай лініі, за ўдзел у антыпартыйных групоўках, за сувязь з варожымі справе пралетарыяту нацдэмаўскіх і фашысцкімі элементамі і як рупара варожых сіл, якога выкарыстала ў сваіх мэтах контррэвалюцыя ў барацьбе з дыктатурай пралетарыяту”. 16 лістапада 1936г.. З. Жылуновіч (Ц. Гартны) быў арыштаваны органамі НКУС. На допытах яго катаваннямі прымусілі “прызнацца” ў яшчэ больш цяжкіх злачынствах. Фізічныя і маральныя здзекі з Гартнага на працягу 5 месяцаў у засценках мінскай турмы давялі яго да вар’яцтва. 11 красавіка 1937г. ён памер у Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы. У 1987г. Зміцер Хведаравіч Жылуновіч (Цішка Гартны) быў рэабілітаваны “за адсутнасцю ў яго дзеянні саставу злачынства”Да ранняга перыяду творчасці Цішкі Гартнага адносяцца тры сшыткі рукапісных вершаў, знойдзеныя ў архівах: “Мои душевные изменения», «Душевные изменения» і «Скорбная лира», з якіх 23 вершы на рускай мове і на беларускай. Да 1959г. яны, за выключэннем верша “Бяздольны”, нідзе не друкаваліся.


Гурло Алесь
(1892 – 1938)

Ідзем мы наперад, скрозь попел і дым,
Нястрымнае наша ўперад імкненне,
Мы родзім надзею, бадзёрым уздым,
Каб потым жыць вечна над бляскам праменняў.

Алесь Гурло (Александр Кандратовіч) нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Капыль Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Капыльскае чатырохкласнае вучылішча (1908г). Зарабляў падзённай работай, затым паехаў у Пецербург і стаў працаваць на заводзе «Вулкан». З 1913г. служыў на Балтыйскім флоце – спачатку мастросам на крэйсеры «Богатырь», а пасля – унтэрафіцэрам на мінаносцы «Забляка». Быў вельмі цяжка паранены. Удзельнік Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыя і грамадзянскай вайны. З атрадам рэвалюцыйных матросаў прымаў удзел у штурме Зімнягя палаца, у падаўленні эсэраўскага мяцяжу ў Яраслаўлі, у барацьбе з калчакаўцамі. У 1921г. вярнуўся на Беларусь. Працаваў у Інбелкульце, у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Быў членам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», «Полымя», «Пробліск».
Творы : «Любоў усе змагае», «Нашы птушкі», «Спатканні», «Межы».


Даманская Міхаліна

Міхаліна Даманская (Федушка), нарадзілася ў 1875 годзе ў вёсцы Чыжэвічы. Памерла ў 1936 годзе ў Варшаве. Пісьменніца, навелістка, грамадскі дзеяч.
Дачка Адама і Кацярыны Даманскіх. Атрымала добрае выхаванне і наведвала ў якасці вольнай слухачкі Ягелонскі універсітэт у 1900 годзе. Менавіта тады яна атрымала прэмію бібліятэкі “Спраў выбарчых” за аповесць “Брыдкая”. З таго часу стала актыўна займацца пісьменніцкай дзейнасцю. Напісала і выдала аповесці пад рознымі назвамі (“Ціхая сіла”, “Ззянне”). У навелах і абразках апісала жыццё землякоў, якія вызначаюць праваслаўе.
У час вайны Міхаліна Даманская пражывала ў Мінску, прымала ўдзел у таварыстве “Асвета”. Яна тайна адкрывае школкі, у якіх вучыліся дзеці сялян. Пасля першай сусветнай вайны Даманскія страцілі ўсе свае маёнткі і выехалі ў Варшаву, у тым ліку і Міхаліна. Там жыла за кошт апублікаваных работ і займалася перакладчыцкай дзейнасцю. На французскую мову пераклала вершы Ажэшкі і Сенкевіча. Два разы была замужам. Першы раз за Аляксандрам Шведам, у другі – за Радванам Федушкам.


Дубовік Мікола

Нарадзіўся 28.07.1905 года у вёсцы Каменка.
З беднай сялянскай сям’і. Нягледзячы на вялікія матэрыяльныя цяжкасці (вучыўся будучы на ўтрыманні у брата), у 1923 годзе Мікола Дубовік скончыў агульнаадукацыйныя курсы і паступіў у БДУ на факультэт грамадскіх навук, пасля перавёўся на літаратурнае аддзяленне педфака. Некалькі разоў даводзілася кідаць вучобу, так што ён доўга заставаўся студэнтам 2-га курса. Затым служыў у арміі. У час купання з ротай студэнтаў-чырвонаармейцаў малады паэт патануў.
У 1925 годзе Мікола Дубовік быў дэлегатам І з’езда “Маладняка”. З гэтага часу ён пачаў актыўна друкавацца. Захапляўся паэзіяй Дж.Байрана, які уплываў і на яго творчасць. Уліўшыся ў беларускую літаратуру разам з хваляй маладых, абуджаных рэвалюцыяй паэтычных сіл, Мікола Дубовік адлюстраваў у сваёй творчасці найбольш характэрныя яе праявы: аптымізм, бадзёрасць паэтычнага тону, захопленасць рэвалюцыйным будаўніцтвам. Аднак цяжкія ўмовы жыцця, абвостранасць сацыяльнага зроку прывялі таленавітага паэта да большай унутранай заглыбленасці.
Памер 30.06.1928 года .


Канановіч Іван

Канановіч Іван Іванавіч нарадзіўся 10 мая 1938 года у весцы Кукавічы, беларускі пісьменнік. Скончыў Вялікараёўскую СШ (1956), Баранавіцкае вучылішча сельскай гаспадаркі (1956), Мінскае ПТВ-9 (1962), Беларускі дзяржаўны універсітэт (1968).
Працаваў трактарыстам у Цімкавіцкай МТС, на цаліне, слесарам-рамонтнікам, інжынерам не Мінскім аўтазаводзе, у шматтыражцы “Автозаводец”. З 1982 у выдавецтве “мастацкая літаратура”
Аўтар кніг “Заводскія світанні” (1978), “Белы чыгун” (1981), “Цеплы камень” (1985), “Асобая зона” (1992).


Кандраценя Уладзімір

Кандраценя Уладзімір Ігнатавіч, нарадзіўся ў сакавіку 1917 года у в.Смалічы, беларускі пісьменнік. Скончыў рабфак у Бабруйску (1935), Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага (1939). Працаваў настаўнікам, служыў у Чырвонай Арміі. На пачатку вялікай Айчыннай вайны трапіў у палон. Уцёк з лагера для ваеннапалонных. У верасні 1942 стварыў падпольную групу, якая была выдана правакатарам. Растраляны 23.02.1943 у Слуцку нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пахаваны ў в.Смалічы.
Аўтар кнігі апавяданняў “Любоў” (1938, 1939).


Клейнбарт Леў

Нарадзіўся ў сям’і ўрача ў 1875 годзе ў Капылі. Памёр 20.11.1950 года. Рускі савецкі крытык і публіцыст. Даследаваў падпольныя выданні капыльскай арганізацыі “Самаразвіццё і самаадукацыя”, разглядаў раннюю творчасць А.Гурло, Ц.Гартнага, пісаў пра творчасць Ф.Чарнышэвіча, Ф.Шантыра і інш..Пакінуў ён і цікавыя успаміны аб рэвалюцыйных падзеях у родным Капылі.
Клейнбарт заўсёды з увагай ставіўся да творчай моладзі. Яму ў свой час накіраваў рукапіс сваей першай кнігі паэзіі “радуніца” С.Ясенін.
У 20-я гады Леў Клейнбарт кіраваў літаратурнымі студыямі ленінградскага Пралекульта, займаўся даследчыцкай дзейнасцю. Вывучаў гісторыю пралетарскай культуры, народную публіцыстыку, гісторыю беларускай літаратуры.
Адна з асноўных яго кніг “Маладая Беларусь” і сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю.


Коршак Аляксей
(1920- 1945)

Я б закрыў навек спакойна вочы,
Калі мой любы край
Больш не ведаў злой напутнай ночы,
Красаваў, як май…

Аляксей Ігнатавіч Коршак нарадзіўся ў вёсцы Вуглы Капыльскага раена Мінскай вобласці. У адным з яго твораў - сатырыка-гумарыстычнай паэме «Капрызы фартуны» было і прысвечэнне Капылю:

Капыль! Капыль! Мой любы дружа,
Люблю я строгі выгляд твой,
Твайго нардому корпус дужы,
Сады з зялёнаю ліствой.

У Доктаравічах закончыў сямігодку, потым стаў вучнем Капыльскай сярэдняй школы. Па ініцыятыве Аляксея выпускаўся рукапісны літаратурны часопіс “Юнае племя”. У 1938-1941г. ён вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага. Быў намеснікам рэдактара інстытуцкага рукапіснага літаратурнага часопіса “Наша творчасць”. Пачалася вайна і А. Коршак пайшоў на вайну. Разведчык Чырвонай Арміі Аляксей Коршак загінуў ва Усходжняй Прусіі ў 1945 годзе. У 1963г. пабачыла свет першая кніга А. Коршака “Апаленыя пялесткі”. У памяці родных, блізкіх, сяброў Аляксей Коршак так і застаўся 25-гадовым. А з творчай спадчыны для нашчадкаў пакінуў шэранькі блакнот, густа спісаны чырвоным чарнілам. Ен трапіў у рукі шчырых сяброў Сцяпана Александровіча і Міколы Аўрамчыка, а ў хуткім часе выйшаў з друку ў выглядзе невялічкага, сціпла аформленага паэтычнага зборніка ”Апаленыя пялёсткі”. Вайна апаліла паэзію Коршака сваім гарачым спапяляючым дыханнем, абарвала яго маладое жыццё, так піша пра свайго сябра С. Александровіч.


Марціновіч Алесь

Нарадзіўся Алесь Марціновіч 18 жніўня 1946 года ў вёсцы Казловічы Слуцкага раёна, беларускі крытык, літаратуразнавец. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1998). Скончыў Навасёлкаўскую СШ Капыльскага раёна (1964), Беларускі дзярджаўны універсітэт (1968). Працаваў у рэдакцыях драгічынскай, капыльскай, слуцкай раённых газет, у штодыдневіку “Літаратура і мастацтва”, цяпер першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Беларуская думка”. Аўтар кніг “Далучанасць”, “Пад небам вечнасці”, “Дарога ў запаветнае”, “Сувязь”, “Шляхам праўды”, “Дзе ж ты, храм Праўды?”, “Зерне да зерня”, “Хто мы, адкуль мы”, “У часе прасветленыя твары”, “Залатавуст з Турава”, і інш. Укладальнік і адзін з аўтараў Хронікі Памяць “Капыльскі раён”.


Міхальчук Сяргей
(1925 – 1995)

Сяргей Апанасавіч Міхальчук нарадзіўся ў весцы Скабін Капыльскага раена Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў сярэднюю школу ў Капылі. У 1944г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Усходняй Прусіі. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1951г. скончыў універсітэт і быў накіраваны на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР. З 1972г.- загадчык рэдакцыі літаратуры для дзяцей дашкольнага і маладошага школьнага ўзросту выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Узнагароджаны медалямі : Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР. Першае апавяданне для дзяцей надрукаваў у 1955г. Напісаў для дзяцей маленькую аповесць “Сто прыгод за адзін дзень”. Перакладаў на беларускую мову творы і кніжкі.


Мэндэле Мойхер-Сфорым
(1836 – 1917)

Сапраўднае імя Абрамовіч Шолам Якаў. Нарадзіўся 20.12.1836 года ў Капылі. Памёр 8.12.1917 г. Яўрэйскі пісьменнік. Пачынальнік крытычнага рэалізму ў яўрэйскай літаратуры.
Ён назаўсёды запомніў многія падзеі, што адбываліся ў той часна Капыльшчыне.
Яшчэ падлеткам Шолам Якаў зблізіўся не толькі з дзецьмі яўрэйскіх беднякоў, але і іх бацькамі.
Жыцце Шолама-Якава да 14-ці гадовага ўзросту праходзіла больш менш бесклапотна. Потым нечакана цяжка захварэў і памёр бацька. Шолама-Якава адправілі да багатых сваякоў у Цімкавічы, але ён збег ад іх. Тады маці накіравала сына на вучобу ў Слуцк. На той час там знаходзіўся адзін з буйнейшых на Беларусі ешыботаў – чарговая па ступені рэлігійная школа пасля хедара. У сценах ешыбота яму стала невыносна цяжка. Падаўся Шолам-Якаў па свету. Ажно ў Вільню трапіў. Працаваў настаўнікам. Пачаў перапісваць тэксты песень. А пасля… Узяўся за п’есу.
У 1857г. Шолам-Якаў дэбютаваў на старонках газеты “Гамагід” з артыкулам “Ліст па пытаннях выхавання”. На гэты час Шолам-Якаў здаў паспяхова экзамены ў казённым вучылішчы і атрымаў права займацца педагагічнай дзейнасцю.
У 1873 г. з’явілася яго аповесць “Кляча”. Сусветную вядомасць Мэндэле Мойхер-Сфорыму прынесла аповесць “Падарожжа Веніяміна Трэцяга”. Спачатку ў 1885 г. твор быў перакладзены на польскую мову, затым пад назвай “Яўрэйскі Дон-Кіхот” з’явіўся на рускай і чэшскай.
У 1881 г. Мэндэле Мойхер-Сфорым назаўсёды асталяваўся ў Адэсе. Займаўся не толькі творчай працай, а і педагагічнай дзейнасцю. Памёр у глыбокай старасці – 8 снежня 1917 года.


Падгорскі-Аколаў Леанард
(1891 – 1957)

Нарадзіўся 21 снежня 1891 г. ў маёнтку Рымя.
Першы зборнік Падгорскага-Аколава – “Сонечная усмешка” – выйшаў у свет у 1912 годзе ў г.Львове, куды пачынаючы паэт прыехаў для заняткаў універсітэце. Пасля першай сусветнай вайны наш зямляк перасяляецца ў Варшаву. У вялікім горадзе ён адчувае сябе адзінокім. З гэтага адзіноства, тугі па радзімых мясцінах і нараджаецца зборнік “Беларусь” (1924) – вяршыня паэтычнай творчасці Падгорскага-Аколава.
Л.Падгорскі-Аколаў быў прапагандыстам рускай літаратуры. Ён перакладаў на польскую мову творы Пушкіна і Лермантава, Блока і Маякоўскага, Брусава і Ахматавай. Пасля смеці паэта (4 студзеня 1957г.) найбольш каштоўнае з яго спадчыны было ўключана ў зборнік “Выбраная паэзія” (Варшава, 1960).


Рабкевіч Валянцін
(1937 – 1995)

Рабкевіч Валянцін Іванавіч нарадзіўся 15 лютага 1937 г., вёска Аксаміты. Паэт, перакладчык і мовазнаўца.
Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. працаваў настаўнікам Іказненскай СШ (1959-1960), завучам Барадзінскай СШ (1960-1963) Браслаўскага раёна, завучам Ракаўскай СШ (1963 – 1965) Валожынскага раёна. Вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педагагічным інстытуце імя М.Горкага (1965 – 1968). У 1968-1974гг. – старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”. З 1974 года – рэдактар, з 1975г. – старшы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Кандыдат філалагічных навук.
Першы верш апублікаваў у 1957г. (часопіс “Работніца і сялянка”). Аўтар зборніка вершаў для дзяцей “Ад зімы да зімы” (1982). Выступаў з артыкаламі па культуры беларускай мовы.
Памёр 6 лютага 1995 г.


Ралько Іван
( 1929 – 1979 )

Іван Дзмітравіч Ралько нарадзіўся ў вёсцы Макраны Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Нясвіжскае педагаічнае вучылішча. Працаваў дырэктарам і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Багушоўскай сямігадовай школы, затым выкладаў рускую мову і літаратуру ў Навамышскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна. У 1958г.* скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага Дзяржаўнага універсітэта імя У.І. Леніна і паступіў вучыцца ў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Пасля заканчэння аспірантуры – навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Асобнымі выданнямі выйшлі працы “Беларускі верш”. Займаўся і мастацкім перакладам (з украінскай і польскай моў).


Русак Адам
(1904 – 1987)

Хай цвітуць твае прасторы
Хай красуе гай,
Добры дзень, мая айчына,
Мой любімы край!

Адам Герасімавіч Русак нарадзіўся у вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Беларускі музычны тэхнікум Ленінградскую кансерваторыю. У 1932 – 1949г. саліст аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра ( у час Вялікай Айчыннай вайны разам з тэатрам быў эвакуіраваны ў Арэнбург). Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, “Знак Пашаны”і медалямі. Аўтар зборнікаў вершаў і песень “На родных палетках”, “Песні і вершы”. Песні Русака “Бывайце здаровы”, “Лясная песня”, і іншыя сталі народнымі. Многія песні выходзілі асобнымі выданнямі.
Доўгае жыццё пражыў паэт. І зноў вярнуўся ў роднае Пясочнае, цяпер назаўсёды. Яго магіла на самым ускраі мясцовых могілак, пад вялікімі дрэвамі.
У пачатку творчага шляху А.Русак не ставіў за мэту пісаць песні, але кампзітары самі звярталі ўвагу на яго вершы, ствараючы да іх музыку. Паступова ён стаў прафесійным паэтам-песеннікам.


Скрыган Ян
(1905 – 1992 )

Іван Аляксеевіч Скрыган нарадзіўся ў сяле Труханавічы Капыльскага раёна Мсінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Працаваў у рэдакцыі слуцкай акруговай газеты “Вясковы будаўнік”, потым – загадчыкам Народнага дома ў Расонах, у рэдакцыі газеты “Чырвоная Палаччанка”. З 1928 да 1923г. - студэнт літаратурна- лінгвістычнага аддзялення педфака Беларускага Дзяржаўнага універсітэта. Быў членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, “Літаратурна – мастацкай камуны”. Быў старшым бухгалтарам на заводзе ў Фергане, галоўным бухгалтарам на сланца – хімічным камбінаце “Ківіалі” ў Эстоніі. Член КПСС. Узнагароджаны мадалямі . Літаратурную дзейнасць пачаў у 1924г. з вершаў. Удзельнічаў у калектыўным зборніку “ Слуцкія песняры”. Пераклаў на беларуску мову кнігі і паасобныя творы Астроўскага , Горкага, Буніна, а таксама украінскіх, літоўскіх, латышскіх пісьменнікаў. За ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі ў 1976г. прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.


Сташэўскі Васіль
(1895 – 1938 )

Васіль Пятровіч Сташэўскі нарадзіўся ў вёсцы Свінка Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Удзельнік 1-й сусветнай вайны. У час грамадзянскай вайны прымаў удзел у барацьбе супраць войск буржуазнай Польшы. У 1918 – 1920г.г. і ў 1923г. настаўнічаў, у 1920 –1921г.г - ваенком і загадчык аддзела асветы Магілянскага валаснога рэўкома, сакратар Нясвіжскага павятовага ваенкамата, загадчык беларускага пададзела Мінскага павятовага аддзела народнай асветы. Пасля заканчэння Мінскага настаўніцкага інстытута выкладаў гісторыю і літаратуру на настаўніцкіх курсах і рабфаку ў Оршы, узначальваў культаддзел Аршанскага акруговага Савета прафсаюзаў. З 1927г. адказны сакратар літаратурнага аб’яднаня “Маладняк”, з 1929г. - аб’яднання “Полымя”. У 1923- 1929г.г працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”. Першыя вершы апублікаваў у 1925г., першую п’есу “На другі дзень” – у 1929г.. Надрукаваў больш за 20 п’ес.


Сыракомля Уладзіслаў
(1823 – 1862)

Сыракомля Уладзіслаў (Кандратовіч Людвіг,нарадзіўся 29 верасня 1823 года, фальварк Смольгавак Любанскага раёна, памёр 15 верасня 1862 года), паэт, перакладчык, драматург, крытык, краязнаўца. Некаторы час жыў у весцы Кудзінавічы Капыльскага раёна.
На працягу аднаго года У. Сыракомля жыў у Нясвіжы, а займаўся ён у канцылярыі па кіраўніцтву панскім маёнткам ў Нясвіжы. Ён вывучаў паперы Радзівілаўскага архіва і ў выніку напісаў артыкул пра мінулае Нясвіжа.


Тшашчкоўская Зоф’я
(1847 – 1911)

Тшашчкоўская Зоф’я Адамаўна (у дзявоцтве Манькоўская). Нарадзілася ў 1847 годзе ў в.Дарагавіца Капыльскага раёна. Пахавана на могілках в. Бабоўня ( 7.11.1911) – паэтэса, перакладчыца, пісала на польскай і беларускай мовах.
Вяртаючыся ў гады маленства, Тшашкоўская гаварыла, што беларуская мова была для яе “нянькай дзіцячых гадоў”. Ранняе захапленне паэзіяй стала прызваннем, калі Зося Адамаўна з мужам вярнулася ў Расію, дзе ў Ноўгарадзе пазнаёмілася з Ф.Зяньковічам. менавіта ён першым пасля У.Сыракомлі ўбачыў у асобе З.Тшашкоўскай таленавітага чалавека, параіў пісаць далей. Шмат твораў напісала яна па-польску, аб чым сведчыць кніга вершаў “Адзін з многіх” (1890). Лёс беларускамоўных вершаў паэтэсы куды менш шчаслівы. Роднай вёсцы прысвяціла вядомыя “Дарагавіцкія песні”. Вярнуўшыся ў родныя мясціны Тшашкоўская спяшалася зрабіць тое, чаго не паспела. Хоць і жыла далёка ад Мінска, ды не была адарвана ад літаратурнага жыцця. Разам з Янкам Лучынай і іншымі аднадумцамі клапацілася аб выпуску калектыўнага зборніка “Парнас”
Жыццё і творчая дзейнасць Зоф’і Тшашчкоўскай адна з найбольш цікавых старонак культурнага жыцця Капыльшчыны Х1Х стагоддзя.


Хведаровіч Мікола
(1904 - 1981 )

Перажытага сення не шкада,-
Мы для мэты вялікай жылі.
Прамільгнулі гады назаўсёды,
А між іх і цяжкія былі.

Мікала Хведаровіч (Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч) нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Капыль у сялянскай сям’і. У часы першай сусветнай вайны , як бежанец трапляе ў Калугу, у дзіцячы прытулак для дзяцей – бежанцаў. Займаўся ў гарадскім вучылішчы. У 1918г. вяртаецца дамоў і паступае ў Цімкавіцкае гарадское вучылішча. З прыходам немцаў працуе батраком. Пасля прыходу Чырвонай Арміі – адзін з арганізатараў ячэек камсамола на Случчыне. У 1924г. - камісар ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У 1923г. скончыў рабфак у Мінску і паступіў на літаратурна- лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыў у 1931г.. Працаваў у часопісах “ Партыйны работнік “ і “Бальшавік Беларусі”, рэдактарам часопіса “Чырвоная Беларусь”. Узнагароджаны медалямі. Друкуецца з 1925 г.. Выйшлі кніжкі паэзіі і “Настроі”, “ Рытмы”, “Ха”. Выдаў кнігу ўспамінаў “Памятныя сустрэчы”.
Мікола Фёдаравіч вельмі любіў роднае капыльскае наваколле. Але даволі часта прыязджаў сюды з далёкіх і блізкіх дарог не толькі для таго, каб палюбавацца цудоўнымі краявідамі, удосталь надыхацца паветрам сваей бацькаўшчыны, густа настоеным на пахах лугавых кветак і смалістага азону. Перш за ўсё яго клікалі сюды сустрэчы з людзьмі, са шматлікімі даўнімі і новымі сябрамі.


Чарнушэвіч Нічыпар
(1900—1967)

Нічыпар Федаравіч Чарнушэвіч нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Капыль Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1917- 1920г.г настаўнічаў у Траянаўскім земскім народным вучылішчы на Капыльшчыне. Служыў у Чырвонай Арміі. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Вучобу сумяшчаў з працай ў газеце “Савецкая Беларусь”. Працаваў у Кіраве, Маскве, загадваў аддзелам у газеце “ Тюменьская правда”. З 1947г. жыў у Мінску, працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, на Беларускім тэлебачанні, у іншых установах. Першыя творы надрукаваў у 1923г. у часопісе “Полымя”. Аўтар зборнікаў вершаў “Дзіва”, “Нясу надзею”. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, яўрэйскіх паэтаў.
Творы Нічыпара Чарнушэвіча апавядаюць пра месца чалавека на зямлі, сэнс жыцця. Асноўная іх мастацкая адметнасць – роздум, засяроджанасць на ўнутраным жыцці герояў.


Чорны Кузьма
(1900 – 1944 )

Нарадзіўся ў маёнтку Боркі недалека ад Цімкавіч у сялянскай сям’і. Жылі маладыя бацькі з сынам у невялікай каморцы. Бацька займаўся звычайнай сялянскай працай – сеяў, касіў, малаціў, зімой даглядаў панскую жывёлу. Маці даіла гаспадарскіх кароў. Калі Кузьму Чорнаму (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) споўнілася сем гадоў , пан прапанаваў яго бацьку стаць прыказчыкам. Аднак бацька паслухаўся жонку. Хлопчыку ж трэба вучыцца, а дзе знойдзеш таго настаўніка на вотшыбе. Маці хацела, каб сын стаў чалавекам адукаваным. Чытаць сына па складах навучыла маці.
Зімой 1908г. Раманоўскія жылі хоці і ў цеснай, але ў сваей хаце ў Цімкавічах, Коля хадзіў у першы клас Цімкавіцкага двухкласнага вучылішча. Пасля школы Раманоўскі паступіў у Нясвіжскую семінарыю. Праўда скончыць яе не давялося. Раманоўскі ўладкаваўся працаваць у Цімкавіцкі валасны рэўком. Толькі самыя блізкія сябры ведалі, што ён спрабуе пісаць. Некалькі апавяданняу, напісаных пад уплывам Максіма Горкага , нават у Петраград асмеліўся паслаць, але адказ не надта абнадзеіў. 5 мая 1923г. адно з апавяданняў – “На граніцы”- з’явілася ў газеце “Савецкая Беларусь”. Праз некалькі дзён надрукавалі і другое –“ На варце”. Пад творамі стаяў псеўданім Кузьма Чорны. У 1923г. паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт на літаратурна - лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта (скончыў два курсы). У 1924 – 1928г.г. працаваў у газеце “Беларуская веска”. Член літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”(з 1923), “Узвышша”(з 1926).
У 30- я гады – літкансультант у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У гады вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве і змяшчаў публістычныя артыкулы, нарысы, фельетоны і апавяданні ў газетах “Савецкая Беларусь” і “ Раздавім фашысцкую гадзіну”, у часопісе “Беларусь”, пісаў раманы. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалем . Чорны працягваў у сваёй творчасці купалаўска- коласаўскую традыцыю ўвагі да жыцця і клопатаў “ маленькага чалавека”,які пасля рэвалюцыі адчуў гонар называцца беларусам. У Цімкавічах існуе музей Кузьмы Чорнага . У стварэнні музея дапамаглі родныя і блізкія пісьменніка, а таксама яго сябры – літаратары, і тыя ,хто вывучэнню творчасці К. Чорнага прысвяціў жыццё. У музеі часта праходзяць ўрокі беларускай літаратуры. Памер у 1944г.


Мастакі Капыльшчыны

Генадзь Міхайлавіч Галубовіч

Нарадзіўся 19 верасня 1934 года ў вёсцы Вялешына-1 Слабада-Кучынскага сельскага Савета Капыльскага раёна.
У 1944-1947 гадах вучыўся ў Вялешынскай пачатковай школе, і з 1947 па 1950 у Слабада-Кучынскай сярэдняй школе і з 1950 па 1953 гады ў Бальшавіцкай сярэдняй школе (в.Лугавая) Капыльскага раёна, з 1957 па 1966 гады вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце. Пасля заканчэння інстытута вяртаецца на Беларусь і працуе рэдактарам галоўнага выдавецтва Камітэта па друку пры Савеце Міністраў БССР. З 1972 года па 1990 загадчык рэдакцыі выяўленчай прадукцыі і галоўны мастак выдавецтва “Беларусь”, а затым і вядучы рэдактар (1990 – 1992) гэтага выдавецтва.
Генадзь Міхайлавіч Галубовіч удзельнік рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных кніжных выставак. Ён прымаў удзел у мастацкім афармленні кніг Карачуна Ю.А. “Якуб Колас у творчасці мастакоў”, “Янка Купала ў творчасці мастакоў”, Н.Ф. Высоцкай “Пластык Беларусі ХІІ – ХУІІ стагоддзяў”, камплект паштовак “Янка Купала і Якуб Колас”, кнігі Ганчарова М.І. “Беларускія мастакі аб Вялікай Айчыннай вайне”, кнігі Н.Ф. Высоцкай і Т.А.Карповіча “Жывапіс Беларусі ХІІ – ХУІІІ стагоддзяў” і многіх іншых.
Узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”, дзвюма Ганаровымі граматамі і дзвюма Граматамі Вярхоўнага Савета БССР, значком “Выдатнік друку”, дыпломамі рэспубліканскіх, усесаюзных, міжрэспубліканскіх конкурсаў “Мастацтва кніг”.
На жаль, у 1992 годзе Генадзя Міхайлавіча не стала. Пахаваны ен на радзіме ў в.Вялешына. У верасні 1994 года адбылося ўрачастае адкрыццё надмагільнага помніка і мемарыяльнай дошкі Г.М.Галубовічу ў Вялешыне. У гэты ж дзень у чытальнай зале раённай бібліятэкі імя А.Астрэйкі адбылася прэзентацыя кніг “Іканапіс Беларусі ХУ – ХУІІІ стст.”. “Гэта кніга – сапраўдны твор матацтва”, - сказала на сустрэчы дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Партрэт Г.М.Галубовіча падарыў Капыльскаму краязнаўчаму музею народны мастак Беларусі Уладзімір Стальмашонак, а Надзея Высоцкая (жонка мастака) уручыла Нацыянальнаму музею і Нацыянальнай бібліятэцы эклібрысы мастака, які служыў яе Вялікасці Кнізе да апошніх сваіх дзён.
Намаганнямі Надзеі Высоцкай у в. Вялешына створаны музей Г.М. Галубовіча.


Алена Кіш
(1896 – 1949)

У далёкія трыдцатыя гады на палявых дарогах і сцежках Случчыны можна было ўбачыць жанчыну, якая з лёгкім кійком з ляшчыны ды са сціплым клункам няспешна вандравала ад вескі… прыблізна так успамінаюць пра А.Кіш тыя, хто быў знаёмы з ею, мастачкай-сялянкай з непаўторным бачаннем навакольнага свету.
Алена Кіш год нараджэння 1896, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нарадзілася ў в. Леніна (раней называлася Раманава) Слуцкага раёна. Сям’я Кішаў была мнагадзетнай. Пракарміць такую сям’ю было нялёгка, таму каб дапамагчы бацькам, Алена дзецьці ў пачатку 30-х гадоў рушыла з мастацкім скарбам у першую вандроўку па навакольных вёсках.
Сваім дыванам Алена давала назвы “Рай”, “Дзева на водах”, “Пісьмо каханаму”, “Каля возера”, “Райскі сад”. Малявала так, як падказвала сэрца.
Жыццё Алены Кіш скончылася трагічна. Яе чуйная, трапяткая душа не вытрывала бясконцых нягод: жанчына ўтапілася ў невялічкім раўчучку у 1949 годзе. Пахавана на могілках в.Грозава, дзе ўстаноўлены надмагільны помнік – дыпломная работа мастака Уладзіміра Ламейкі.
Звесткі пра жыццевы і творчы шлях мастачкі-самавучкі сабраны дзякуючы намаганням мастака Уладзіміра Басалыгі. Ім вернута з небыцця дванаццаць твораў А.Кіш. упершыню гэтыя творы ўбачыла шырокая аўдыторыя ў 1978 г. на першай рэспубліканскай выставе народных маляваных дываноў у Мінскім Палацы мастацтваў. У сакавіку 1999 года ў Маскве праходзіў І Міжнародны фестываль “Інтэрмузей – 99”, дзе былі прадстаўлены маляваныя дываны нашай зямлячкі.
“Глядзіш на дываны, створаныя гэтай простай жанчынай, якая прайшла толькі адну сялянскую навуку, і не перастаеш здзіўляцца сапраўды неўтаймаванай яе фантазіі, што лёгка спалучана ў адзін незвычайны свет блізкія і любыя з маленства рэаліі вясковага жыцця з тым казачным, што існавала толькі ва ўяўленні, у мроях, ці снах” – менавіта пра гэта піша У.І.Ягоўдзік “Белыя рысы на чорным полі”.
У сваіх кнігах і артыкулах Яўгеній Міхайлавіч Сахута імкнецца паказаць наколькі адметная мова і дэкаратыўнасць роспісаў дываноў Алены Кіш. Яе творы – рэдкі ўзор спалучэння выяўленчых задач з дэкаратыўнай манерай выканання. Па сваім характары і прызначэнні дываны – творы чыста выяўленчыя: на фоне адпаведнага пейзажу адлюстраваны лебедзі на вадзе, ільвы на беразе, катанне на лодцы. І ў той жа час манера выканання іх надзвычай дэкаратыўная. Фарбы чыстыя, гучныя, яркія, контуры малюнкаў абведзены ўпэўненай чорнай лініяй, а па краях дываноў ідзе шырокая арнаментальная паласа з парасткаў, бутонаў і кветак.
Дываны Алены Кіш – з’ява ўнікальная не толькі для Беларусі. У 1985 годзе ў Югаславіі была выдадзена “Сусветная энцыклапедыя народнага мастацтва”, у якой прадстаўлены 800 іменаў мастакоў з 50 краін свету. Сярод іх Алена Кіш, прадстаўніца Беларусі, аб гэтым вы даведаецеся з артыкула І. Пракарыны.
Дываны пад назвамі “Рай”, “Дзева на водах”, “У райскіх кушчах”, “Пісьмо каханаму”, “Каля возера”, “Райскі сад” – гэта і ёсць дываны нашай зямлячкі Алены Кіш.


Уладзімір Маркавіч Пасюкевіч

Нарадзіўся ў 1931 годзе ў Капылі.
У 1949 годзе Уладзімір Маркавіч Пасюкевіч паступіў у Мінскае мастацкае вучыліўча, якое скончыў на выдатна, а затым працягваў вучобу ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце імя В.І.Сурыкава.
У 1963 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР. Дыяпазон творчасці Уладзіміра Маркавіча надзвычай шырокі. Вялікае месца ў творчасці мастака займае пейзаж. Правёўшы дзіцячыя і юнаскія гады ў маляўнічых мясцінах гарадка, ён назаўсёды захаваў ў сваім сэрцы любоў да жывой прыроды. Прыкладам можа паслужыць адна з лепшых работ мастака “Родныя пагоркі” (1973).
Карціны і партрэты У.М.Пасюкевіча неаднойчы экспанаваліся на Усесаюзных і рэспубліканскіх выставах. Ілюстрацыі з іх часта змяшчаліся ў часопісах “Беларусь”, “Маладосць” і іншых.
Асобную старонку ў творчасці мастака займае яго родная Капыльшчына. Напісаныя У.М.Пасюкевічам партрэты былі неаднаразова адзначаны Саюзам мастакоў, як значныя і непаўторныя менавіта праз характар сваіх герояў. Сярод работ “Партрэт маці” (1977), “Бабка Насця” (1979), партрэты настаўнікаў К.І.Мамчыца (1978) і З..Галубоўскай (1981) і іншыя.
Карціны “Капыль будуецца”(1979г.), “Родныя пагоркі”( 1973г.), “Капыльскае возера” прысвечаны родным мясцінам, а назвы гавораць самі за сябе.
Уладзімір Маркавіч Пасюкевіч – мастак, які працуе ў жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творчасці Пасюкевіча ўласціва грамадзянскасць, патрыятызм, глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка”, - так піша В.Я.Буйвал у сваей кнізе “Уладзімір Пасюкевіч”.
“У.М.Пасюкевіч часты госць Капыля, - так піша Алена Галіноўская ў сваім артыкуле пра нашага земляка У.М.Пасюкевіча. У час адной з апошніх сустрэч з землякамі Уладзімір Маркавіч прыпаднёс у дар гісторыка-краязнаўчаму музею партрэты Я.Скрыгана і Л.Г.Валчкевіча, а таксама карціну “Капыль будуецца”.


Іван Іванавіч Пешкур

Нарадзіўся 21 снежня 1921 года ў вёсцы Вострава Капыльскага раёна. З 1935 па 1939 займаўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Яго настаўнікамі былі У.Хрусталёў, І.Ахрэмчык, а таксама Ф.Фогт, які адыграў асабліва важную ролю ў фарміраванні творчага шляху будучага мастака.
Пачатак творчай дзейнасці І.Пешкура выпадае на цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. Выкарыстоўваючы багаты матэрыял ваеннага часу, ён стварыў шэраг сатырычных антыфашысцкіх плакатаў.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымае актыўны удзел у адраджэнні і далейшым развіцці тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва рэспублікі.
Па эскізах І.Пешкура былі пастаўлены опера А.Даргамыжскага “Русалка”, балет П.Чайкоўскага “Шчаўкунчык” і іншыя спектаклі. У 1948 г. на Усесаюзным фестывалі за спектакль “Папараць-кветка” І.Пешкур атрымаў дыплом лаурэата.
З 1957 па 1969 г.г. І.Пешкур працуе галоўным мастаком Беларускага тэатра юнага гледача. Тут пры яго ўдзеле пастаўлена больш за трыццаць спектакляў.
У 1967 г. для музея Вялікай Айчыннай вайны ў супрацоўніцтве з мастаком Я.Красоўскім І.Пешкур напісаў дыяграму “Лагер смерці у Малым Трасцянцы”, якая адлюстроўвае страшную карціну фашысцкіх зверстваў.
Памёр І. Пешкур 12.10.1980 г. За сваю шматгранную творчую дзейнасць І.І.Пешкур адзначаны ордэнам “Знак Пашаны”, а таксама Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета і граматай Міністэрства культуры БССР.


Петр Ісакавіч Розін

Нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Вошкаты Капыльскага раёна. Да 16 год юнак пражываў у роднай весцы і з дзяцінства зведаў усе радасці і клопаты сялянскай працы. Доўгім і цяжкім быў яго шлях да мастацтва.
У 1929 годзе будучы мастак едзе ў Віцебск паступаць у мастацкі тэхнікум. Аднак падрыхтоўка аказалася недастатковай і дзверы тэхнікума адчыніліся перад ім толькі праз год, пасля ўпартых заняткаў маляваннем. У 1934 годзе тэхнікум быў закончаны. А ў 1936 годзе Петр Ісакавіч – студэнт Кіеўскага дзяржаўнага мастацкага інстытута, вучань С.А.Грыгор’ева і П.І.Комава. Ён шмат працуе, наглядае за жыццём і марыць аб дыпломе. Аднак вайна зрывае ўсе планы, мяняе ўсё жыццё. 22 чэрвеня 1941 года Розін ідзе добраахвотнікам на фронт. Прайшоў усю вайну ў саставе 4-га Украінскага, затым 3-га Беларускага франтоў. За ўдзел у гераічнай абароне Сталінграда старшына П.І.Розін узнагароджаны медалём “За абарону Сталінграда”. Затым атрымаў медаль “За взятие Кенигсберга”, медаль “За победу над Германией” і многа іншых адзнак за мужнасць і гераізм.
У 1974 годзе прысвоена званне Заслужанага мастака РСФСР. Памёр мастак у 1984 г. Пахаваны ў Маскве.
На радзіму, у в. Вошкаты мастак завітваў не часта. Але ў пачатку 70-х гадоў з’явіліся яго карціны з серыі “Родныя мясціны”, у якія ўвайшлі пейзажы пад назвай “Пруд в Копыле”( 1970г.), “Возера” (1970г.), “На ўскраіне Капыля”, партрэт земляка з в. Вошкаты Барысевіча, першага мясцовага старшыні калгаса. Зараз у Капыльскім краязнаўчым музеі захоўваецца звыш 100 карцін мастака.


Дзеячы культуры

Андруковіч Фёдар

Нарадзіўся ў 1909 годзе ў мястэчку Цімкавічы. Памёр у 1964 годзе, ва ўзросце 55 год у росквіце сіл. Вядомы оперны спявак, стваральнік незабыўных вобразаў у творах рускіх, заходнееўрапейскіх і савецкіх кампазітараў. Звыш трыццаці год гучаў голас на оперных сцэнах Масквы, Санк-Пецярбурга і іншых гарадоў краіны. Пра ўсё гэта і многае іншае вы зможаце прачытаць у артыкулах З.Раманенка і П.Сямёнаў.


Быстрова Алена (Алена Кахановіч)

Актрыса Алена Быстрова – дзіцячыя і юнацкія гады Алены прайшлі на Капыльшчыне. Нарадзілася ў в.Цімкавічы Капыльскага раёна. “Мне давялося сыграць вельмі многа разнастайных роляў. Але ні адна з іх так моцна не хвалявала і не была любіма, як роля Любы Шаўцовай”, так успамінала сама Алена Быстрова. Свой творчы шлях Алена пачынала на Капыльшчыне.


Бранавіцкі Віліус Іванавіч
Нарадзіўся ў 1936 годзе ў Капылі. Заслужаны работнік культуры БССР (1980). Лагвіновіч Фёдар Фёдаравіч
Нарадзіўся ў 1937 годзе ў в. Пясочнае, Капыльскага раёна. Заслужаны работнік культуры БССР )1981).
Званне заслужанага работніка культуры прысвоена за вялікі ўклад у развіццё кінамастацтва, паспяховую працу па прапагандзе кінатвораў.


Пратасевіч Вячаслаў Сцяпанавіч
Нарадзіўся 17 красавіка 1913 года ў вёсцы Роспы Слабада-Кучынскага сельскага Савета Капыльскага раёна. Беларускі савецкі майстар традыцыйных музычных інструментаў, выканаўца на дудцы, скрыпцы, жалейках з саломкі, кмену і чароту.
Майстар па рамонту і настройцы унікальных народных інструментаў Беларускай Дзяржаўнай філармоніі. Вырабляе дудкі, жалейкі, альты, цымбалы, скрыпкі, ліры, якія вылучаюцца прыемным гучаннем. Добра трымаюць строй. Пра ўсё гэта і многае іншае вы прачытаеце ў артыкуле Я.М.Сахута аб майстры Пратасевіч В.С.


Пятровіч Генадзь Уладзіміравіч
Нарадзіўся 6 чэрвеня 1926 года ў вёсцы Дусаеўшчына Капыльскага раёна. Беларускі савецкі спявак, бас. Заслужаны артыст БССР з 1971 года.


Пятровіч Сяргей Астапавіч
Нарадзіўся 12 красавіка 1931 года ў Капылі. Беларускі савецкі тэатразнавец.


Раеўскі Уладзімір
Уладзімір Маратавіч Раеўскі нарадзіўся ў Капылі 22 верасня 1965 года.
“Першыя поспехі Уладзіміра Раеўскага на Радзіме – залог далейшай плённай працы над пашырэннем рэпертуару, удасканаленнем ужо выкананых партый”. Уладзімір Раеўскі – вядучы саліст Беларускай нацыянальнай оперы.”


Шумілін Міхаіл Міхайлавіч
Міхась Шумілін нарадзіўся 23 красавіка 1930 года ў вёсцы Кукавічы.
У няпоўныя 30 гадоў таленавіты кампазітар напісаў шмат музычных варыяцый. Яшчэ пры яго жыцці былі вельмі папулярнымі сярод моладзі “Мінскі вальс”, “Залатыя каласы”, “Ой, мяцеліца”.

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы