Любоў да культуры ў сям'і Сафіі Паўловіч прывіваюць з ранняга дзяцінства. Дзяўчынцы тры з паловай гады, а яна ўжо ведае як правільна сплятаць ніткі, каб атрымаўся патрэбны ўзор. Не дзіўна, бо за станком працуюць ужо чатыры пакаленні.
Нацыянальныя мелодыі, танцы, парад ручнікоў - увесь каларыт беларускага ткацтва. Менавіта так адбылося адкрыццё восьмага фестывалю "Матчыны кросны".
Гісторыя свята пачалася яшчэ 21 год таму. Тады ў Старыя Дарогі паказаць свае вырабы прыехалі лепшыя ткачыхі з 8 рэгіёнаў Міншчыны. З кожным разам колькасць майстроў павялічвалася і геаграфія конкурсу пашыралася. За гэты час фестываль стаў не толькі візітнай карткай горада, але і набыў статус "абласнога".
Сёлета творчае спаборніцтва сабрала больш за 70 удзельнікаў з 16 рэгіёнаў Мінскай вобласці.
Конкурс праводзіцца па двух кірунках: выстава гатовых работ і праверка на хуткасць і якасць. За тры гадзіны майстры павінны прадэманстраваць тэхналагічны і мастацкі ўзровень ткацтва і пляцення: стварыць ручнік, сурвэтку або пояс.
Пераможцаў вызначалі ў чатырох намінацыях і двух узроставых катэгорыях: ад 6 - да 18 гадоў, ад 18 і старэйшых.
Падчас свята можна было наведаць музей пад адкрытым небам, кірмаш вырабаў рамеснікаў, інтэрактыўныя пляцоўкі, дэфіле ў нацыянальных касцюмах і флэшмоб "вянок прыгажосці", для гасцей арганізавалі і майстар-клас па ткацтве на кроснах.
Крыніца: minsk-region.gov.by