Кампанія будзе рэалізоўваць інавацыйны праект па вытворчасці комплексаў для ўнясення сродкаў аховы раслін дронамі, а таксама ажыццяўляць развіццё і глабальнае маштабіраванне лічбавай платформы Сropfleet Farmmanager&marketplace, якая дае магчымасць збіраць і аналізаваць даныя для ўкаранення дакладнага земляробства і беспілотных тэхналогій у АПК.
"Мы разлічвалі, што цэнтр інавацый будзе эпіцэнтрам прыцягнення інавацыйных праектаў, маладых вучоных, прадпрымальнікаў, якія змогуць у "Вялікім камені" рэалізаваць свае ідэі. Гэта стала рэальным яшчэ і ў тым ліку дзякуючы таму, што кіраўнік дзяржавы 11 чэрвеня гэтага года падпісаў новы ўказ аб парку нумар 215, у адпаведнасці з якім ёсць магчымасць юрыдычна прадаставіць ільготы для суб'ектаў інавацыйнай дзейнасці на два гады. Разам з тым хачу адзначыць, што праз паўгода мы правядзём рэвізію і ацэнім развіццё гэтага стартапа. Для нас важна, каб праз два гады гэты праект стаў рэзідэнтам", - сказаў кіраўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" Аляксандр Ярашэнка. У адпаведнасці з указам нумар 215 стартапы могуць атрымаць статус суб'ектаў інавацыйнай дзейнасці індустрыяльнага парка і на працягу двух гадоў карыстацца асноўнымі льготамі, прадугледжанымі для рэзідэнтаў.
Памочнік генеральнага дырэктара СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка" У Пэн адзначыў, што ў гэтым годзе індустрыяльны парк уступіў у другую пяцігодку. "Мы рухаемся ў напрамку эфектыўнага развіцця. Такім чынам, інавацыйная дзейнасць стане ў хуткім часе ключавым складнікам развіцця парка", - падкрэсліў спецыяліст.
У сваю чаргу дырэктар ТАА "Кропфліт" Міхаіл Кузьмянкоў звярнуў увагу, што гэты стартап - экасістэмны прадукт лічбавай трансфармацыі аграпрамысловага комплексу. "Мы паспяхова працуем з партнёрамі з КНР і бачым вялікі патэнцыял у нарошчванні супрацоўніцтва ў частцы вытворчасці тавараў з высокай дабаўленай вартасцю. Наша задача - вырабляць у парку якасны высокатэхналагічны прадукт і забяспечваць яго глабальнае маштабіраванне", - канстатаваў ён.
Паводле яго слоў, комплекс для ўнясення сродкаў аховы раслін і мікраўгнаенняў складаецца з некалькіх дронаў-апырсквальнікаў, дрона, які пераводзіць у лічбавы фармат поле, паказвае на ім перашкоды і яго межы. Лічбавая платформа комплексу дае магчымасць збіраць усю інфармацыю. "Першы модуль платформы ўжо гатовы і даступны для скачвання. Нашы комплексы можна эфектыўна і выгаднага выкарыстоўваць, калі размова ідзе аб дзясятках гектараў, дзе патрэбна дарагая сельскагаспадарчая тэхніка. Дроны ж па сабекошце гектарнай апрацоўкі выходзяць танней. Адзін такі беспілотны лятальны апарат можа апрацоўваць 10 га за гадзіну, а за змену - 100 га. Пачатковы комплекс складаецца з двух дронаў. Яны простыя ў абслугоўванні, асноўны расходнік - акумулятар, які вырабляе наш стартап. Робат вырабляюць сумесна з КНР. Праект робіцца для гаспадаркі пад ключ, у прыватнасці, улічваюцца і забароненыя для палёту зоны. Стартап прадоўжыць займацца тэхпадтрымкай комплексаў у працэсе выкарыстання", - падзяліўся Міхаіл Кузьмянкоў.
Кампанія "Кропфліт" з'яўляецца пераможцам некалькіх конкурсаў інавацыйных праектаў: Belarus ICT Start-up Award 2021 (арганізатар - Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі); Agtechinventum (праводзіцца Асацыяцыяй дылераў сельскагаспадарчай тэхнікі, Расія); Startup Great Challenge (арганізаваны ААТ "Белаграпрамбанк", індустрыяльным паркам "Вялікі камень" і Мінскім гарадскім тэхнапаркам).
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" - асаблівая эканамічная зона са спецыяльным прававым рэжымам, размешчаная за 25 км ад Мінска. Прыярытэтныя для парка напрамкі - машынабудаванне, электроніка і тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, фармацэўтыка, новыя матэрыялы, лагістыка, электронная камерцыя, захоўванне і апрацоўка вялікіх аб'ёмаў даных.
Крыніца: minsk-region.gov.by