Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Як вясковыя дзеці настаўнікаў Міншчыны танчыць вучылі — унікальны майстар-класс прайшоў у Мётчы

14.03.2022

Ужо больш за чвэрць стагоддзя 26 гадоў на базе ДУА «Мётчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа Барысаўскага раёна» вядзе сваю дзейнасць унікальны для нашай краіны Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны фальклорны гурт «Берагіня».

Гэта першы ў краіне вопыт сістэмнага выхавання сельскіх школьнікаў сродкамі традыцыйнай культуры. Памятаю сваю першую сустрэчу з кіраўнікамі гурта Міколам Козенкам і Антанінай Абрамовіч. І да гэтага часу не перастаю дзівіцца з іх несуцішнай энергіі. Гэта апантаныя абранай справай людзі, якія маюць свой стыль выкладання, свае перакананні. Ужо сёння да іх едуць за вопытам іншыя настаўнікі Міншчыны. І сапраўды, мётчанцам ёсць чаму навучыць і што паказаць. На чарговы майстар-клас завітаў і карэспандэнт «Мінскай праўды».

Адразу ўдакладню, што на гэты раз сустрэча з Міколам Козенкам і Антанінай Абрамовіч адбылася з нагоды правядзення на базе іх навучальнай установы семінара для педагагічных работнікаў Мінскай вобласці «Беларускія народныя побытавыя танцы». Яны не толькі расказвалі гасцям, як выхоўваюць гурткоўцаў, а таксама вучылі ўдзельнікаў семінару беларускім народным побытавым танцам.

У мётчанскай «Берагіні» ўпэўнены: выхаванне праз народную творчасць вельмі эфектыўнае. Тут не існуе адбору па прыродных задатках, бо ў кожнага дзіцяці ёсць магчымасць для самавыяўлення. Унікальнасць мётчанскай «Берагіні» ў тым, што яна скіраваная найперш на мясцовую традыцыю і на тое, каб дзеці адчувалі сябе ў фальклорным асяродку камфортна. На завучванне можна ў нейкі момант і забыцца. А калі дзіця авалодала, да прыкладу, народнай манерай вуснага расповеду, дык яно, нават і пра нешта забыўшыся, натуральна і лёгка працягвае тэму.

— Творчасць нашага калектыву не ўпісваецца ў рамкі сённяшняй так званай мастацкай самадзейнасці, — удакладняе Мікола Козенка. — Справа ў тым, што ў сваім падыходзе да кожнага вучня акцэнт мы робім на разняволенні і імправізацыі. Хоча дзіця тупнуць нагой або пляснуць у ладкі ці па-свойму выканаць прысядку падчас танца — няхай робіць гэта так, як яго душа просіць, сэрца падказвае… Галоўнае, каб усё было шчыра.

Калектыў мётчанскай «Берагіні» працуе па спецыяльна распрацаванай праграме, у аснову якой пакладзены даследаванне, вывучэнне і захаванне ўзораў мясцовага фальклору. Дзеля гэтага абавязкова праводзяцца этнаграфічныя экспедыцыі да носьбітаў традыцыйнай мастацкай культуры ў вёскі Мядоцкага краю.

Берагінцы не толькі практычна засвойваюць адноўленыя старажытныя ўзоры абрадавай і пазаабрадавай музычнай і харэаграфічнай культуры, але і сваімі рукамі пры дапамозе настаўнікаў і бацькоў вырабляюць на падставе этнічных строяў самабытныя народныя касцюмы.

— Неаднойчы мы наведваліся да бабулі Аўгінні (Аўгінні Іванаўны Грук, 1914 г.н.) у вёску Селішча, што за шэсць кіламетраў ад Мётчы, — расказвае ўдзельнікам семінару Антаніна Абрамовіч падчас наведвання этнаграфічнага музея школы. — Яна вучыла нас танцаваць, выконваць старадаўнія песні, расказвала казкі... Дзякуючы ёй нам удалося сабраць унікальны фальклорны матэрыял, які ўвайшоў у рэпертуар нашага калектыву і стаў асновай даследчых прац берагінцаў, з якімі выступалі на фальклорных чытаннях і рознага ўзроўню навукова-практычных канферэнцыях.

За дваццаць шэсць гадоў зроблена шмат. Дзякуючы дзейнасці Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага фальклорнага гурту «Берагіня» Мядоцкі край ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў блізкім і далёкім замежжы. Творчыя напрацоўкі калектыву ляглі ў аснову мастацка-адукацыйных праграм, што выкарыстоўваюцца ў вобласці і ўваходзяць у склад нацыянальных адукацыйна-культуралагічных праектаў.

— Дзеці, якія вывучаюць традыцыйную культуру, больш здатныя да ўсяго. Яны ўмеюць і вышываць, і з саломкі плесці, могуць танцаваць, спяваць, іграць на музычных інструментах, цудоўна распавядаць. Кожны чалавек тут — асоба. Ён можа з гонарам сцвярджаць: «Я — беларус!», — упэўнены Мікола Козенка. — Да таго ж, у такіх фальклорных калектывах фарміруюцца і здаровыя гендарныя адносіны.

Па словах дырэктара навучальнай установы Ягора Мандрыка, дзеці рыхтуюцца стаць удзельнікамі гурту яшчэ з садка. У першым класе пачынаюць развучваць карагоды, танцы, песні, гульні, а ў канцы года ўдзельнічаюць у справаздачным канцэрце.

Выдатны прыклад — Аляксей Кавальчук. Мы з ім сустракаліся раней. Сёння хлопчык вучыцца ў дзявятым класе, але па-ранейшаму адзін з самых актыўных удзельнікаў «Берагіні». Аляксей добра танчыць і спявае, а яшчэ валодае майстэрствам гульні на народных інструментах. Выдатна грае на гармоніку. Можа з наскоку напець мядоцкія матывы і з лёгкасцю станцаваць, да прыкладу, полечку, кракавяк альбо падэспань.

Увогуле, Лёша не адзіны такі хлопчык у вёсцы Мётча. Тут выхавалі цэлае пакаленне, захопленых самабытнай культурай, дзяцей. І ўсё дзякуючы гурту «Берагіня» і яго нязменным, нават недзе апантаным, кіраўнікам Мікалаю Козенка і Антаніне Абрамовіч. За чвэрць стагоддзя існавання гурт ужо стаў сімвалам вяртання дзяцей і моладзі да сваіх вытокаў не толькі ў раёне, вобласці, але і ў краіне.

…Неаднойчы была на выступленнях мядоцкай «Берагіні». Заўсёды прыемна назіраць, як дзеці спяваюць, цікавяцца народнымі гульнямі, расказваюць казкі. А як музыкі граюць — на барабане, гармоніку, дудачцы! Любая музычная школа пазайздросціць. Цяжка ўседзець, калі выхаванцы танчаць «Сербіянку» ды «Польку».

Каментарый метадыста Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольгі Ерамінок:

— Падобны майстар-клас і семінар у Мінскай вобласці праводзіцца ўпершыню. І ён накіраваны на прыцягненне ўвагі да фальклорнай творчасці. Чаму менавіта Мётча? Тут унікальная ўстанова адукацыі і ўнікальны населены пункт. Тут на даволі высокім узроўні развіты фальклор. Прычым гурт трымае годную планку на працягу многіх гадоў. У іх ёсць чаму павучыцца. Ідэйныя кіраўнікі «Берагіні» ўмеюць зараджаць. Гэты семінар стане асновай для правядзення абласнога конкурсу побытавых танцаў, які пройдзе ў маі. Туды запрашаем усіх жадаючых. Магчыма, конкурс наладзім на базе «Берагіні» ў Мётчы.

minsk-region.gov.by

Крыніца: minsk-region.gov.by

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы