Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

«Ім быць на беларускай сцэне». Журы конкурсу ў Маладзечне пра свой выбар, узровень вакалістаў і ўражанні

13.06.2023

Самабытны, феерычны, душэўны, яркі і сапраўдны - XXII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна" ўжо стаў гісторыяй. Як і заўсёды, ён сабраў выканаўцаў, паэтаў, пісьменнікаў, кампазітараў і звычайных беларусаў, якія шануюць беларускую культуру. Ужо трыццаць гадоў фестываль захоўвае вялікую павагу да роднай мовы, пашыраецца, набывае новыя творчыя грані і формы, адкрывае новыя імёны і прэзентуе новыя песні. І куды б вы ні трапілі, куды б ні зайшлі ў сонечным фестывальным Маладзечне, вас усюды чакае беларуская культура і добры настрой.

З першага фестывалю ў Маладзечне ў 1993 годзе адной з галоўных падзей праграмы застаецца Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Традыцыйна ў ім удзельнічаюць вельмі моцныя вакалісты. Гэта 21 канкурсант - па тры ад кожнай вобласці і Мінска. Трапіць сюды можа не кожны, удзельнікі праходзяць адбор, многія з іх ужо заявілі сябе на сур'ёзных сцэнах. Гран-пры і хрустальную гітару імя Уладзіміра Мулявіна ў бягучым годзе ўзяў прадстаўнік Мінскай вобласці Данііл Савеня. Ці лёгка было вызначыцца з пераможцам, карэспандэнт БЕЛТА пацікавілася ў членаў журы.

"У бягучым годзе былі відавочныя лідары - прэтэндэнты на Гран-пры і першае месца. Раней такога не было: выбраць пераможцаў было складаней. У бягучым годзе ўсё аказалася больш відавочным. Выкананне больш якаснае, канкурсанты сталі лепш рыхтавацца. Ёсць таленавітыя выканаўцы, якія слухаюць аркестр, спяваюць з аркестрам, нібыта 100 гадоў працуюць у гэтым калектыве", - падзяліўся меркаваннем старшыня журы - мастацкі кіраўнік - галоўны дырыжор Заслужанага калектыву Беларусі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я.Фінберга Максім Расоха.

Лепшая падрыхтоўка канкурсантаў, паводле яго слоў, звязана з работай педагогаў. "Вучань жа не першы год выстрэльвае, пачынае даваць рэзультат - патрэбны 2-3 гады падрыхтоўкі. Відаць, у бягучым годзе маладым выканаўцам было што паказаць. У мінулым годзе яны, магчыма, не спявалі, як у гэтым. Таму ўсё так добра склалася", - лічыць ён.

Лепшых выканаўцаў адзначылі, запомнілі. Цікавыя галасы аркестр імя Фінберга возьме ў абарот. "Пераможцаў гэтага года, хутчэй за ўсё, будзем прыцягваць у нашы канцэртныя праграмы, фестывальны рух. Мы практыкуем ужо такое. Інструменталістаў, вакалістаў - пераможцаў розных конкурсаў, дзе ўдзельнічае аркестр, запрашаем выступаць на розных канцэртных пляцоўках", - адзначыў Максім Расоха.

Задаволены вынікам, бадай, усе - і члены журы, і гледачы. Калі аб'явілі ўладальніка Гран-пры Данііла Савеню, зала ўзарвалася. "І гэта было доказам таго, што мы зрабілі правільны выбар, - заўважыла Жанэт. - Скажу больш: калі песня прагучала другі раз з аркестрам (абсалютны пераможца пасля абвяшчэння рэзультатаў выканаў адну з кампазіцый яшчэ раз. - Заўвага БЕЛТА), мы зразумелі, што ўгадалі на 100 працэнтаў".

Паводле слоў Жанэт, у бягучым годзе на конкурсе было вельмі шмат таленавітых, дастойных хлопцаў і дзяўчат. Аднак выбіраць было лёгка. Меркаванне ўсіх членаў журы супала на 90 працэнтаў. "Мне здаецца, гэта паказчык таго, што не было ніякага націску, не было лабіравання, што я, у прынцыпе, не прымаю ні ў якім конкурсе, - адзначыла заслужаная артыстка Беларусі. - Мы як члены журы хвалюемся за вынік. Я ўпэўнена, нам не сорамна за наш выбар".

Сярод мацнейшых вакалістаў - яшчэ адна прадстаўніца Мінскай вобласці Маргарыта Шыбаева, у яе першае месца. "Не здзіўлюся, калі ў наступным годзе яна возьме Гран-пры: ёй крыху не хапіла да вышэйшай узнагароды, - заўважыла Жанэт. - Яна вельмі стабільная, цікавая. Выбіраючы другое - трэцяе месца, мы маглі паспрачацца самі з сабой, таму што ўсе хлопцы і дзяўчаты класныя. Я вельмі спадзяюся, што лёс іх не паламае і яны будуць рухацца ў правільным творчым напрамку. На сёння ім быць на беларускай сцэне".

Гаворачы пра свой выбар, артыстка падкрэсліла: будучы членам журы ў любым конкурсе, яна стараецца быць максімальна аб'ектыўнай і разумее, што часам ад яе голасу залежыць лёс творчага чалавека. "Я сама творчы чалавек і па-сапраўднаму перажываю за кожнага", - прызналася яна.

Як артыстка і вакалістка вышэйшай катэгорыі, Жанэт указала на недахопы, якія маладым выканаўцам варта выправіць. Паводле яе слоў, асноўная праблема - няправільна выбраны матэрыял, які не адпавядае дыяпазону, тэсітуры вакаліста. Канкурсанты павінны чытаць песню, перш чым яе спяваць. "Тым больш гэта фестываль песні і паэзіі. Я лічу, ён максімальна важны і адказны, таму што маладыя артысты выконваюць песні нашых беларускіх кампазітараў, беларускіх аўтараў, якія на працягу ўсяго свайго творчага жыцця падкрэслівалі хараство Беларусі, нашу беларускую культуру, і важна правільна перадаць тыя самыя эмоцыі і той сэнс, які закладзены ў гэтыя творы", - упэўнена яна.

Паводле яе слоў, удзел у такіх конкурсах - вельмі вялікая адказнасць. Вялікая праца над сабой і тым матэрыялам, з якім хлопцы і дзяўчаты працуюць. "У нас некалькі такіх сур'ёзных конкурсаў у Беларусі. Я лічу, што да іх трэба адносіцца вельмі адказна: калі ты ўжо ўзяўся і пайшоў на гэты конкурс, павінен разумець, што за тваімі плячыма стаіць вялізная краіна", - падкрэсліла Жанэт.

Пацікавіліся меркаваннем і ў мастацкага кіраўніка ансамбля "Песняры" Рамана Козырава, які ў складзе журы Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ўжо некалькі гадоў. Ён упэўнены, што сёлета конкурс адкрыў некалькі новых імёнаў. "Я ўпэўнены, што мы яшчэ ўбачым гэтых выканаўцаў. Было некалькі прадстаўнікоў універсітэта культуры і мастацтваў, у якіх відаць прафесіяналізм, відаць школа, вельмі добрая база. І мне гэта вельмі спадабалася, - сказаў ён. - У гэтым годзе адназначна мацнейшыя ўдзельнікі. Летась была праблема: практычна не было добрых, талковых хлопцаў. У бягучым годзе канкурэнцыя сярод хлопцаў была даволі вялікая".

Гаворачы пра арганізацыю конкурсу, Раман Козыраў адзначыў дынаміку ў бок шоу. У бягучым годзе арганізавалі прамую трансляцыю конкурсных выступленняў. Кожны нумар у першай частцы, дзе хлопцы спявалі пад мінус, быў мастацка аформлены: прыгожы відэарад, падтанцоўка, цікавыя мастацкія рашэнні. "Гэта было ўпершыню, і вельмі спадабалася. Усе адзначылі, што гэта было вельмі прыемна бачыць, вельмі наглядна, і трансляцыя была добрая. Я думаю, у гэтым напрамку фестываль будзе развівацца", - адзначыў мастацкі кіраўнік ансамбля. Зрэшты, наступны раз, на яго думку, трэба "аб'ядноўваць артыстаў з пастановачнай групай", каб нумары выглядалі больш гарманічна.

Перспектывы канкурсантаў на музычным рынку, сярод іншага, ацэньваў прадзюсар Андрэй Гузель. "Мала выбраць пераможцу, трэба глядзець, з кім яшчэ працаваць, які алмаз трэба аграніць, каб ён стаў брыльянтам. Вельмі важна, калі ў складзе журы ёсць прадстаўнікі рэальнага сектара, рынку, якія разумеюць, як падаваць артыста, што зрабіць далей, каб гэтым хлопцам і дзяўчатам дапамагчы і адкрыць для іх далейшы шлях", - сказаў ён. Прадзюсар прызнаўся, што адзін з удзельнікаў конкурсу з Мінска так спадабаўся, што яго хочуць узяць у абарот і знайсці практычнае прымяненне. "Конкурс - гэта адна гісторыя, а рынак і жыццё - гэта іншае. Адзін з удзельнікаў, на мой погляд, мае добрыя перспектывы на музычным рынку", - заўважыў ён.

Члены журы, з якімі ўдалося паразмаўляць, сышліся на думцы: у параўнанні з мінулым годам вакалісты мацнейшыя, асабліва раскрыліся мужчынскія галасы. Знакамітае журы завяршыла работу, будучы задаволеным вынікамі. Конкурс пакінуў прыемнае ўражанне.

БелТА

Крыніца: minsk-region.gov.by

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы