Вытворчасць марожанага з інгрэдыентаў слуцкіх перапрацоўшчыкаў малака запусцяць у Кітаі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат".
Эканамічныя сувязі з Кітаем у слуцкіх вытворцаў ужо існуюць не менш за пяць гадоў. Доля паставак у КНР ад агульнага аб'ёму экспарту камбіната складае не менш за 11 працэнтаў, а кітайскі рынак па аб'ёмах паставак займае другое месца пасля расійскага. Карыстаюцца попытам сухое малако (як натуральнае, так і абястлушчанае), розныя віды сыроватак. Нядаўна слуцкім прадпрыемствам быў падпісаны кантракт на пастаўку фасаваных сухіх малочных прадуктаў.
Сыры, безлактозныя малочныя прадукты, неразведзенае малако, а таксама некалькі відаў марожанага са Слуцка патэнцыяльныя спажыўцы з Паднябеснай, культура харчавання якіх істотна адрозніваецца ад нашай, змаглі паспрабаваць і на кітайскай выстаўцы прадуктаў харчавання, якая праходзіла з 5 па 10 лістапада ў Шанхаі. Найбольшы інтарэс выклікала менавіта марожанае, асабліва ацанілі наведвальнікі выстаўкі халодны ласунак на вяршках.
Як вынік - падпісанне пагаднення слуцкімі перапрацоўшчыкамі малака і кітайскімі партнёрамі аб сумеснай вытворчасці. Згодна з дакументам на тэрыторыі Кітая будзе пабудавана прадпрыемства па вытворчасці марожанага. Інгрэдыенты для яго плануюць пастаўляць з Мінскай вобласці. Колькі відаў марожанага будуць выпускаць на новай вытворчай пляцоўцы, пакуль не вядома, аднак лінейка будзе фарміравацца з улікам смакавых пераваг мясцовых спажыўцоў.