У
Капыльскім раёне каля 20 вёсак падзялілі лёс Хатыні. Многія з іх не аднавіліся.
У рамках месячніка
ваенна-патрыятычнай і спартыўна-масавай работы і да 75-годдзя вызвалення
Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў раённая арганізацыйная структура
ДТСААФ арганізавала экскурсію па памятных мясцінах Капыльшчыны для
шасцікласнікаў СШ № 2 г. Капыля. Яе мэта — папоўніць веды навучэнцаў па гісторыі
роднага краю. У якасці экскурсавода выступіў старшыня РАС ДТСААФ Аляксандр
Касінскі.
■ На брацкай
магіле ў в. В. Прусы
Спіс спаленых паселішчаў
Капыльшчыны адкрываюць Вялікія Прусы. За два дні — 26 і 27 верасня 1942 года —
гітлераўцы знішчылі ў агні 258 чалавек. На ўскрайку вёскі знаходзіцца брацкая
магіла, дзе ў 1975 годзе ўстаноўлена стэла.
Асабліва трагічным для жыхароў
Капыльшчыны быў люты 1943-га. У прыватнасці, 2 лютага фашысты спалілі вёску
Масявічы разам са 130 жыхарамі. Сярод іх 11 дзяцей да двух і 47 — да дванаццаці
гадоў. Выжыў толькі адзін чалавек, далейшы лёс якога невядомы. Пасля вайны
вёска так і не паўстала з попелу. У 1998 годзе на гэтым месцы ўстаноўлена
скульптурная кампазіцыя. На пачатку лютага згарэлі разам з жыхарамі вёскі
Прагрэс, Рулёва, Калодзезнае. 5 лютага спалены Жавулкі, у агні загінулі 512
чалавек: дзеці, жанчыны, старыя. На заходняй ускраіне вёскі знаходзіцца магіла
ахвяр фашызму, на якой у 1967 годзе ўстаноўлены помнік.
■ Ускладанне
кветак да помніка ў в. Жавулкі
Пабывалі школьнікі і на тым месцы,
дзе 3 снежня 1942-га адбыўся Лаўскі бой. Там размяшчаўся партызанскі шпіталь,
які імкнуліся захапіць фашысты. Атрад імя Катоўскага пад камандаваннем
ураджэнца Капыльшчыны старшыны міліцыі Вікенція Драздовіча атрымаў загад
затрымаць ворага на 2-3 гадзіны, пакуль эвакуіруюць раненых. Партызаны
наладзілі засаду на могілках. Усе 18 чалавек загінулі, малодшаму, Валодзю
Качаноўскаму, было 15, а самаму старэйшаму — 32 гады.
*****
Святлана Пятроўна ШАКУН, класны кіраўнік:
— Вельмі добра, што ў Год малой радзімы арганізавалі такое
мерапрыемства. Яно прайшло пазнавальна і карысна. Напярэдадні мы правялі
тэматычную гутарку, але пабываць на тых памятных месцах больш цікава. Адзначу,
што дзеці з цікавасцю рэагавалі на кожны аповед.
Ілья МАЛІНОЎСКІ:
— Падчас экскурсіі мы яшчэ раз упэўніліся ў тым, што кожны
кавалак роднай зямлі паліты крывёй нашага народа. Ці то гэта спаленая вёска, ці
то гэта месца бою. Наш абавязак — памятаць гісторыю роднага краю.
Васіліса ЛАСТАЧКІНА:
— Вяртаючыся дамоў, мы думалі аб тым, як дорага заплацілі
нашы прадзеды за Перамогу. І мы, маладое пакаленне, якое ведае пра вайну толькі
па кніжках, кінастужках і аповедах продкаў, ніколі не забудзем, якой цаной
заваявана наша мірнае неба.
Сяргей АСТРЭЙКА:
— Падчас паездкі мы пабывалі на тых мясцінах, якія
гістарычна важныя для нашага раёна. Бо амаль у кожнай сям’і ёсць родныя, якія
загінулі ў гады вайны, у кожным горадзе ці вёсцы ёсць абеліскі памяці. І мы
павінны іх захоўваць.
Ульяна МАЛІНОЎСКАЯ:
— Як даніну памяці і павагі да кожнага гераічнага месца мы
ўсклалі кветкі. Экскурсія пакінула незабыўныя ўражанні. Імі мы падзелімся з
іншымі аднакласнікамі. Хачу падзякаваць за цікавае і змястоўнае мерапрыемства.
Сяргей
КОЗЕЛ