Пустуючыя пляцоўкі і непрывабныя зялёныя зоны
акультурваюцца, ператвараючыся ў эфектныя карціны, пры поглядзе на якія, як той
казаў, і вочы радуюцца, і душа адпачывае.
Вясёлы рознакаляровы паравозік з'явіўся ў скверы ў пойме
рэчкі Каменкі
На вуліцах райцэнтра з'яўляюцца і кампактныя дэкаратыўныя
элементы, і маштабныя збудаванні. Да прыкладу, уздоўж праезнай часткі па
вул.Партызанскай былі ўсталяваныя вертыкальныя стойкі, увянчаныя кашпо з
кветкамі (на першым здымку). Як патлумачыла начальнік аддзела ЖКГ, архітэктуры
і будаўніцтва Капыльскага райвыканкама Марына Канончык, важкі ўклад у справу
ўвасаблення ідэі стварэння такога незвычайнага «калідора» ўнёс дырэктар «КолмаксСтрой»
Мікалай Няверка. Ён падаў у бязвыплатнае карыстанне матэрыял на суму каля 3000
рублёў, з якога работнікамі КУП «Капыльская ЖКГ» і была выраблена арыгінальная
канструкцыя. На металічныя падстаўкі камунальнікамі пасля было ўстаноўлена каля
300 гаршкоў з высаджанымі ў іх рознакаляровымі петуніямі.
Упрыгожылі горад і некалькі дзясяткаў аб'ёмных драўляных
кашпо, куды на цёплы перыяд «пасяліліся» саджанцы розных дэкаратыўна квітнеючых
раслін.
Працягваюць з'яўляцца ў райцэнтры і цікавыя аб'екты для маленькіх
гараджан. У скверы, размешчаным ля поймы ракі Каменкі, нядаўна «выраслі»
дашчаныя дрэвы, афарбаваныя ў розныя адценні зялёнага колеру. Туды ж «заехаў» і
новы транспарт - зараз з аўтамабілямі жыхароў бліжэйшых дамоў суседнічае яркі
драўляны паравозік з вагончыкамі-кветнікамі. Новы «транспартны сродак» адразу ж
аблюбавалі бацькі з дзецьмі - добраўпарадкаваная пляцоўка ўжо паспела
набыць статус фотазоны. Малыя з задавальненнем пазіруюць перад фотакамерамі,
зручна уладкоўваючыся ў кабіне маляўнічай тэхнікі.
Дарэчы, курыруе падобныя праекты інжынер па
добраўпарадкаванні КУП «Капыльская ЖКГ» Кацярына Курылік. Менавіта пад яе
кіраўніцтвам камунальнікі і ствараюць Капылю яго «твар».
Нараўне з распрацоўкай і рэалізацыяй новых праектаў па
добраўпарадкаванні ў райцэнтры вядзецца разнапланавая дзейнасць па падтрыманні
парадку ў цэлым. У прыватнасці, на дадзеным этапе актуальныя працы па скошванне
травы і кладкі тратуарнай пліткі на асобных участках вуліц горада. Словам,
спецыялісты і работнікі зацікаўленых службаў прыкладаюць нямала сіл, працы і
фінансавых сродкаў для таго, каб жыхары і госці Капыля мелі магчымасць
прайсціся па сучасных, дагледжаных, цікава аформленых вуліцах, а не бачыць
маркотныя карціны закінутай правінцыі.
Аднак знаходзяцца людзі, якія па-варварску ставяцца да таго,
што радуе большасць: крадуць альбо ламаюць высаджаныя расліны, кветачніцы,
агароджы. Часцяком правапарушальнікі нават не падазраюць, што робяць гэта пад
прыцэлам устаноўленых непадалёк камер відэаназірання. А за такія дзеянні
заканадаўствам прадугледжана сур'ёзная адказнасць. Так, згодна з арт. 10.5,
10.9 і 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь падобныя правапарушэнні расцэньваюцца як
дробны крадзеж, наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці або дробнае
хуліганства і цягнуць за сабой (у залежнасці ад артыкула) накладанне штрафу ў
памеры ад двух да пяцідзесяці базавых велічынь, прадугледжана і пакаранне ў
выглядзе адміністрацыйнага арышту. У асобных выпадках — у залежнасці ад мэтаў
зламысніка і памераў нанесенай шкоды - сітуацыя можа апынуцца больш жаласнай і
дайсці і да крымінальнай адказнасці.
Справа за малым: зрабіць выбар - альбо атрымліваць асалоду
ад прыгажосці, альбо
расплачвацца за псаванне як гэтай прыгажосці, так і настроі людзей, неабыякавых
да падзей, якія адбываюцца ў горадзе.
Аксана Міхайлоўская