Сонечная чэрвеньская раніца. На ФАПе ў аграгарадку Пацейкі
ажыўлена. Фельчар-акушэр Людміла Козел ведае, каму трэба вымераць артэрыяльны
ціск, каму паставіць укол або кропельніцу.
■ Людміла Козел вымярае ціск Ніне Гірка
- Вось прыходжу сюды, каб мне наша фельчарка паставіла
кропельніцу «Ад сасудаў», - распавядае Ганна Жэбіт. - Добра Людміла Андрэеўна
гэта робіць, не балюча, як і ўколы.
- Ой, дабра, што вы да нас прыехалі, - вельмі эмацыйна ў
гутарку ўключаецца 71-гадовая Валянціна Міхайлаўна Жэбіт. - Дзякуй нашай
Людачцы, што яна нас усіх ратуе. Заўсёды ветлая, таварыская. У мяне хварэў муж,
так яна пастаянна прыязджала, глядзела яго, дапамагала. Калі б да яе ні
звярнуліся, заўсёды нас палечыць. Цяпер вось прыйшла я сюды: сэрца чагосьці
баліць, і Людміла мне ўкол зробіць. А яшчэ санитарочка наша Ірына Уласік такая акуратная! Бачыце, якія
чысціня і парадак у нас!
Чысціня і парадак і ў самой справе пануюць на ФАПе. Нядаўна
тут зрабілі рамонт, добраўпарадкавана і тэрыторыя вакол будынка.
- Для мяне як старшыні ветэранскай арганізацыі галоўнае, каб
людзі шаноўнага ўзросту своечасова і якасна атрымлівалі медыцынскую дапамогу, -
кажа Раіса Віктараўна Лянько. — Тут пражывае адзін ветэран Вялікай Айчыннай
вайны і два вязня, і Людміла Андрэеўна заўсёды надае ім належную ўвагу,
наведвае на даму, цікавіцца, як іх здароўе, дастаўляе неабходныя лекі. Мы ўсе
знаходзімся пад пастаянным кантролем і клопатам.
Пакуль мы гутарым з жыхарамі аграгарадка, Людміла Андрэеўна
вымярае артэрыяльны ціск Ніне Сцяпанаўне Гірка. яна адкладае танометр і усміхаецца: кожнаму прыемна добрае слова.
— Я люблю сваіх пацыентаў, — кажа фельчар. — Ды і як можа
быць інакш: жывем разам, усе навідавоку, усе адзін аднаго ведаем. У мяне на
абслугоўванні шэсць вёсак: Траянава, Жаулкі, Кудзінавічы, Якубавічы, Пацейкі і
Какорычы. Усяго насельніцтва 635 чалавек, з іх 95 дзяцей. Шкада, што малых да
года ўсяго трое. У цёплае надвор'е езджу на ровары, калі халадае, возіць на
машыне муж.
Людміла заўсёды хацела стаць медыкам, таму і скончыла ў 1986
годзе Магілёўскае медыцынскае вучылішча. Нарадзілася і вырасла яна на
Брэстчыне, у вёсцы пад назвай Рубель. У Пацейкі пераехала ўслед за сястрой і
мамай. Калі прыязджала да родных, Людміла пазнаёмілася з вадзіцелем мясцовага
сельгаспрадпрыемства Аляксандрам Козелам, за якога неўзабаве выйшла замуж.
- У мяне добры муж, - як заўсёды з усмешкай распавядае
фельчар. - І па працы куды трэба адвязе, і за гаспадаркай (а гэта карова,
свінні, куры, гусі, агарод) паглядзіць. Выгадавалі дваіх годных дзяцей. Сын
Вадзім быў стыпендыятам Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай моладзі.
Дачка Ірына скончыла «іняз». Яны ўжо самі працуюць.
А яшчэ Людміла Андрэеўна вельмі любіць кветкі і з гонарам
паказвае фатаграфіі на смартфоне: велізарныя кусты жоўтых, ружовых і белых руж,
рознакаляровыя Клемацісы. Здзіўляюся: як у яе хапае на ўсё сіл і часу?
- А я люблю тое, што раблю. Я ўсіх люблю, асабліва дзяцей.
Заўсёды ўсміхаюся, пагавару з кожным. І веру: што б у жыцці ні здарылася, Бог
пачуе і дапаможа — вось такі просты і надзейны сакрэт жыццёвага поспеху і
дабрабыту адкрыла для сябе Людміла Андрэеўна Козел. Яна не хавае яго, а з
задавальненнем дзеліцца сваёй знаходкай з навакольнымі.
Дзіяна Ткачэнка