Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Капыль адзначыў Дзень горада

28.08.2019

Маштабна, весела і ярка адзначыў Капыль Дзень горада

Маштабна, весела і ярка адзначыў Капыль Дзень горада. У падрыхтаванай арганізатарамі насычанай праграме знайшлося месца для разнастайных мерапрыемстваў, разлічаных на любы ўзрост і густ.
Напэўна, самай запамінальнай 1013-я гадавіна Капыля стала для навасельцаў нядаўна пабудаваных двухпавярховак па вул. 50 год БССР. З самай раніцы на пляцоўцы каля новабудоўляў панавала асаблівая атмасфера, прасякнутая адначасова хваляваннем і радасцю, — тут уручалі ключы ад доўгачаканых «квадратных метраў» (падрабязней аб гэтым чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў газеты).
Шчаслівыя твары некаторых з наваяўленых уладальнікаў кватэр гадзінай пазней ужо можна было ўбачыць на плошчы Леніна. Там у прысутнасці кіраўніцтва раёна, гасцей мерапрыемста, прадстаўнікоў працоўных калектываў і жыхароў райцэнтра прайшло ўрачыстае адкрыццё Дня горада. Ганаровае права падняць сцяг на гэты раз было дадзена трактарысту-машыністу ААТ «Семежава» Уладзіміру Карсюку і ветэрану працы Зоі Салановіч.
■ Сяргей Пілішчык і Ірына Кісляк (у цэнтры) з людзьмі, імёны якіх занесены ў Кнігу працоўнай славы
З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуўся старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык.
— Дзень горада традыцыйна з’яўляецца адной з самых любімых гараджанамі і гасцямі падзей, якую чакаюць і да якой старанна рыхтуюцца. І гэта невыпадкова. Бо гэта не проста свята, а дзень нараджэння ўсіх, у лёсе, душы і свядомасці каго горад пакінуў значны след. Гэта свята ініцыятыўных, працавітых людзей, якія імкнуцца ісці ў нагу з часам і якія любяць свой горад. Свята тых, хто прымнажае славу капыльскай зямлі, і, канешне ж, свята маладога пакалення — тых, каму яшчэ толькі трэба будзе пераймаць эстафету адказнасці за лёс сваёй малой радзімы, — адзначыў у сваім выступленні Сяргей Міхайлавіч.
■ Людміла Ніжэвіч (у цэнтры) разам з узнагароджанымі падзякамі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
У адкрыцці свята прыняла ўдзел і старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, а таксама шматлікія госці. Сярод іх ― дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалогіі і інфармацыйнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ліпніцкі, старшыня Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Бода, намеснік дырэктара ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» Ігар Абрамовіч, намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» Уладзімір Крывіцкі, дэлегацыі Нясвіжскага і Клецкага раёнаў, протаіерэй, благачынны цэркваў Капыльскай акругі айцец Сергій Чарны, ксёндз касцёла святых Пятра і Паўла Рымска-каталіцкага прыхода Андрэй Калядка.
■ Спецыяльна да свята рэдакцыяй газеты «Слава працы» быў зроблены макет Кнігі працоўнай славы
Стала добрай традыцыяй падчас святкавання Дня горада заносіць у Кнігу працоўнай славы Капыльскага раёна звесткі аб лепшых грамадзянах ― тых, хто ўнёс значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, сваёй працай праславіў Капыльшчыну. Дарэчы, у гэтым годзе Кніга знайшла ўвасабленне ў спецыяльна зробленым да свята макеце неверагодных памераў. Сёлета ж ганаровы спіс папоўнілі восем прозвішчаў. Гэта маёр міліцыі ў адстаўцы, ветэран органаў унутраных спраў Капыльскага райвыканкама Мікалай Максіменя, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Семежава» Уладзімір Карсюк, загадчык малочнатаварнай фермы «Васільчыцы» ААТ «Піянер-Агра» Эдуард Куцця, ветэран працы Зоя Салановіч, ветэран працы Ніна Ларына, машыніст экскаватара філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 124» Іван Бярозка, старшы вытворца работ КУП «Капыльскі рамонтна-будаўнічы ўчастак» Пётр Бялькевіч, майстар лесу Старыцкага вопытна-вытворчага лясніцтва ДВЛГУ «Капыльскі вопытны лясгас» Аляксандр Барцэвіч.
■ Зладжанасць і дынамічнасць ― у кожным імгненні выступлення мажарэтак
На сцэну па віншаванні падымаліся і тыя, каму за ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь былі аб’яўлены падзякі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Высокай адзнакі ўдастоены чацвёра прадстаўнікоў Капыльшчыны: урач-інфекцыяніст, загадчык інфекцыйнага аддзялення УАЗ «Капыльская ЦРБ» Валянціна Козел, урач-тэрапеўт, загадчык Цімкавіцкай участковай бальніцы УАЗ «Капыльская ЦРБ» Валянціна Астроўская, загадчык аддзела культурна-масавай і метадычнай работы ДУК «Капыльскі раённы цэнтр культуры», рэжысёр народнага тэатра гульні і гумару «Капыльскія пацехі» Любоў Галубовіч, мастацкі кіраўнік раённага цэнтра традыцыйнай культуры, кіраўнік народнага ансамбля народнай музыкі «Капыляне» Вячаслаў Курчык.
■ Капыльскі кааппрам ― адзін з удзельнікаў шэсця
На змену афіцыйнай частцы прыйшло тэатралізаванае шэсце — маштабнае дзейства з разнастайных тэматычных блокаў.
Падчас прадстаўлення самадзейныя артысты, у ролі якіх выступілі прадстаўнікі працоўных калектываў, а таксама творчыя калектывы разгарнулі перад гледачамі захапляльныя сцэны з розных сфер дзейнасці Капыльшчыны. Сельская гаспадарка, прамысловасць, сацыяльны напрамак — усё знайшло ўвасабленне ў бесперапынным шэрагу дынамічна змяняючых адна адну маляўнічых карцін. Арганізатары пастараліся на славу, і ў выніку гледачы былі ў захапленні ад прапанаванай разнастайнасці: здзіўлялі і касцюмы, і ўдала падабранае музычнае суправаджэнне, і масавыя танцавальныя флэшмобы ўдзельнікаў шэсця. Эфектным дапаўненнем да дзейства сталі нумары запрошаных калектываў хадулістаў і мажарэтак.
■ Тэматычны блок «Прамысловыя прадпрыемствы» адкрываюць прадстаўнікі Капыльскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»
Пасля ўрачыстага адкрыцця свята і тэатралізаванага шэсця масавыя мерапрыемствы разгарнуліся ў зоне адпачынку і на дзіцячай гульнявой пляцоўцы. Аматары спорту таксама маглі знайсці занятак па душы.
У зоне адпачынку раз-пораз чулася шчырае «Са святам, дарагія!». Прыгожымі вырабамі са скуры, вышыванкамі і тканымі ручнікамі прыцягваў Горад майстроў. Усе, хто меў азарт, маглі прыняць удзел у розных гульнях і незвычайных спаборніцтвах. З асаблівай зацікаўленасцю госці разглядалі работы, прадстаўленыя на конкурсы лавак і парасонаў. А паглядзець і на самай справе было на што! І лаўкі, і надзвычай крэатыўныя парасоны не аднойчы станавіліся так званай фотазонай, дзе здымкі на памяць рабілі і дарослыя, і дзеці. Пра розныя імгненні жыцця нашага горада і жніва нагадвалі фотаздымкі, прадстаўленыя рэдакцыяй газеты «Слава працы». Шашлыкамі і рознымі іншымі прысмакамі прываблівалі гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства.
■ Свята ― і для дарослых, і для дзяцей
Нарэшце настаў момант падвядзення вынікаў конкурсаў на лепшую лаўку і самы крэатыўны парасон. Самыя прыгожыя лаўкі, па меркаванні журы, вырабілі ў Капыльскім вопытным лясгасе, раённым будаўнічым участку і філіяле «Аўтапарк № 21». Аўтарамі самых крэатыўных парасонаў сталі педагогі Лясноўскай і Ванелевіцкай СШ, а таксама працаўнікі РБУ. Усе прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
■ Стартуе спартыўная калона
У дзіцячым парку ладзіліся вясёлыя конкурсы, хлопчыкі і нават дзяўчынкі садзіліся за руль невялічкіх аўтамабіляў, гушкаліся на арэлях і скакалі на надзіманых атракцыёнах. А супрацоўнікі РАНС пад радасны смех дзетвары «запальвалі» на небе вясёлку, пускаючы ваду з брандспойтаў. Словам, кожны знаходзіў спосаб весела бавіць час на такім доўгачаканым свяце.
■ Ля выставы рэдакцыі «Слава працы»
■ Лепшы парасон ад Лясноўскай СШ…
■ …і лаўка — ад Капыльскага вопытнага лясгаса
А бліжэй да вечара часова апусцелая плошча Леніна зноў напоўнілася гоманам і смехам — для капылян і гасцей горада была падрыхтавана насычаная вячэрняя праграма. Так, зарад энергіі і добрага настрою прысутныя атрымалі падчас выступленняў запрошаных на святочны канцэрт артыстаў. Песеннае суправаджэнне сёлетняга Дня горада забяспечылі мясцовыя творчыя калектывы, а таксама гурт «Беларусы».
■ Весела дзетвары пад струменем вады РАНС
■ Спяваюць «Беларусы»
Кульмінацыяй свята стаў святочны феерверк. Доўгачаканае дзейства на некалькі хвілін ператварыла неба над Капылём у неверагодную карціну, на якую ў захапленні накіраваліся сотні позіркаў прысутных. Тых жа, у каго пасля насычанага дня яшчэ засталіся сілы і энергія, чакала танцавальная праграма.
Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ, Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтараў і Паўла ШЭІНА

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы