Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Аграрыі Капыльшчыны і перадавікі перапрацоўчай прамысловасці АПК адзначылі прафесійнае свята

27.11.2019

Лепшыя аграрыі Капыльшчыны і перадавікі перапрацоўчай прамысловасці АПК сабраліся ў сельскім доме культуры аграгарадка Лясное, каб адзначыць прафесійнае свята. Сярод ганаровых гасцей - паважаныя ветэраны аграпрамысловага комплексу.

Асаблівую разыначку ўрачыстасці надалі выставы ўстаноў культуры, адукацыі, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Шырокая беларуская душа і багатая фантазія жыхароў нашага раёна не ведаюць межаў, кожны раз здзіўляючы чымсьці новенькім і асаблівым.

А разгарнуўшыяся ля ўваходу ў сельскі дом культуры падворкi, выстаўленыя сельгаспрадпрыемствамі раёна, прыцягвалі не толькі дарамі шчодрай капыльскай зямлі, але і разнастайнасцю прыгатаваных страў, іх арыгінальным афармленнем і, вядома ж, творчымі прэзентацыямі свайго падворка.

Нікога не пакінула абыякавым і выстава-дэгустацыя прадукцыі вядучых перапрацоўчых прадпрыемстваў раёна і Мінскага рэгіёну, якая размясцілася ў фае ўстановы культуры. Тут былі прадстаўлены навінкі вытворчасці КУП «Мінскхлебпрам», ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», ААТ «Стаўбцоўскі мясакамбінат», райпо, кааппрама і Капыльскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», а таксама прадукцыя, якая даўно ўпадабала і заваявала давер спажыўцоў.

Па добрай традыцыі першым лепшых аграрыяў павіншаваў старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык. Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў, што галоўнае багацце зямлі - людзі, якім ўласцівы вялікае цярпенне і працавітасць, мудрасць і невычэрпная любоў да роднай зямлі.

- Шмат сіл затрачана вяскоўцамі для таго, каб атрымаць годныя вынікі сваёй працы — падкрэсліў кіраўнік раёна.- Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, у раёне сабраны годны ўраджай збожжа і іншых культур, атрымалі нядрэнныя паказчыкі ў галіне жывёлагадоўлі.

Словы падзякі з вуснаў старшыні райвыканкама прагучалі і на адрас абслуговых арганізацый, якія дапамагалі сельгаспрадпрыемствам дасягнуць выканання пастаўленых перад раёнам задач, і перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Цырымонія ўзнагароджання работнікаў сельскай гаспадаркі - самая важная частка ўрачыстасці. Так, юбілейным медалём «100 гадоў органам дзяржаўнага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі» ўзнагароджана галоўны бухгалтар КСУП «Дактаровічы» Вольга Жгун. Ганаровай граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўдастоены вадзіцель ААТ «Ціміразеўскі» Аляксандр Канончык і тэхнік-асеменатар УП «ПІК-Лясная» Зоя Сяргей. Падзякамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання адзначана праца дырэктара ААТ «Прагрэс 2010» Валерыя Тароцька, жывёлавода ЗАТ «Жыліхава» Валянціны Сінкявічус і загадчыцы бульбасховішчам ААТ «Старыца-Агра» Лідзіі Дарашэвіч. Ганаровай граматы Мінскага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ўдастоены начальнік комплексу па вытворчасці малака і вырошчванні буйной рагатай жывёлы ААТ «Старыца-Агра» Руслан Катляроў, а падзякі старшыні Мінаблвыканкама абвешчаныя аператару машыннага даення УП «ПIК-Лясное» Галіне Логаш, трактарысту-машыністу ААТ «Ціміразеўскі» Уладзіміру Казакевічу і тэхніку-асеменатару гэтай жа гаспадаркі Марыне Бельскай, а таксама загадчыку ўчасткам № 1 ААТ «Семежава» Тамары Засімовіч.

Старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык (у цэнтры) з перадавікамі АПК, узнагароджанымі па лініі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь

Павіншавала землякоў з прафесійным святам і падзякавала выбарцам за аказаны давер на парламенцкіх выбарах дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч.

- Я буду рабіць усё магчымае для развіцця нашай любімай Капыльшчыны, вядома ж, з падтрымкай землякоў, - звярнулася да прысутных дэпутат. - Толькі з вамі, толькі разам мы дасягнем тых вынікаў, пра якія кожны з вас марыць.

Затым за добрасумленную працу ў сферы сельскай гаспадаркі зноў абраны дэпутат уручыла каштоўныя падарункі жывёлаводу ААТ «Скабін» Але Апанасчык і тэхніку па штучным абнасеньванні жывёл сельскагаспадарчага філіяла «Лакнея» УП «ПрыортансАгра» Алене Лявонавай.

Дэпутат Людміла Ніжэвіч (у цэнтры) з узнагароджанымі Алай Апанасчык і Аленай Лявонавай

Па чарзе на сцэну па ўзнагароды падымаліся перадавікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Капыльшчыны - усхваляваныя, натхнёныя, такія шчаслівыя. Яны былі адзначаны Ганаровымі граматамі райвыканкама, Мінскага абласнога і Капыльскага раённага Саветаў дэпутатаў, Падзякамі старшыні Капыльскага райвыканкама, падзячнымі лістамі раённага Савета дэпутатаў. Павіншавалі ў гэты дзень і пераможцаў раённага спаборніцтва, якія былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі, дыпломамі і грашовымі прэміямі. Шэраг працаўнікоў удастоены ўзнагарод і ад галіновай прафсаюзнай арганізацыі, многія з іх атрымалі каштоўныя падарункі.

Не забыліся ў гэты дзень і пра ветэранаў працы, якія доўгія гады працавалі ў сельскагаспадарчай галіне. Сярод іх - Анатоль Буцько, Зінаіда Яцэвіч, Марыя Маліноўская, Ніна Астрэйка, Анатоль Жылко, Валянціна Рычык, Мікалай Млынарчык, Аляксандр Пінчук, Васіль Сенюк, Марыя Смоліч, Лідзія Галуза, Кацярына Дзятловіч, Галік Стахоўскі, Мікалай Шкадарэвіч, Мікалай Лаўшук, Валерый Куняшэвіч і Людміла Сцяпура. Адзначылі і працоўныя сямейныя дынастыі, у іх ліку — сям'і Логаш з АП «ПІК-Лясная» і Рудзеня з ААТ «Прагрэс 2010».

На свята запрошаны і ветэраны працы АПК

Павіншавалі аграрыяў раёна і ганаровыя госці — намеснік кіраўніка адміністрацыі па эканоміцы Цэнтральнага раёна г.Мінска Аляксандр Яўсееў, генеральны дырэктар КУП «Мінскхлебпрам» Андрэй Улезла, дырэктар хлебазавода № 3 г. Мінска Пётр Сталяроў, намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Андрэй Хнуровіч, намеснік дырэктара па эканоміцы і фінансах ААТ «Стаўбцоўскі мясакамбінат» Наталля Алешка, намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ «Слуцкі сахарафінадны камбінат» Уладзімір Крывіцкі і дырэктар ААТ «Лазовічы» Клецкага раёна Міхаіл Аскерка. Яны ўручылі вітальныя адрасы старшыні райвыканкама, граматы і памятныя падарункі прадстаўнікам сельскагаспадарчых прафесій. Словы падзякі і прызнання за адданасць сялянскай справе, за плённую працу на нашай капыльскай зямлі гучалі таксама з вуснаў благачыннай цэркваў Капыльскай акругі протаіерэя Сергія Чорнага і ксяндза касцёла святых Пятра і Паўла Андрэя Калядкі

Ні адно свята не абыходзіцца без добрага настрою і, вядома ж, без шчырай песні! Сваю творчасць аграрыям дарылі лепшыя вакалісты і творчыя калектывы ўстаноў культуры Капыльшчыны: вакальны квартэт «Ілона», харэаграфічныя калектывы Капыльскай ДШМ і раённага цэнтра культуры, вакальная ўзорная студыя эстраднага вакалу «Кліо», народны ансамбль народнай песні «Спадчына», вакальныя ансамблі «Аліра» і «Сябры». Яркім завяршэннем урачыстасці стала шоу казачай песні і танца «Маме падабаецца».

Таццяна БОХАН

«СП» http://www.kopyl.by

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы