Плённая праца і высокая кваліфікацыя беларускіх навукоўцаў атрымалі шырокае прызнанне ва ўсім свеце. На міжнародным узроўні таксама прызнана, што Беларусь валодае велізарным інтэлектуальным патэнцыялам. Гэта з'яўляецца прадметам законнага гонару рэспублікі і залогам паспяховага развіцця беларускай навукі ў будучыні.
Вядучым даследчым і навуковым цэнтрам краіны з'яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, заснаваная ў 1928 годзе. Сёння яна аб'ядноўвае высокакваліфікаваных вучоных розных спецыяльнасцей і дзясяткі навукова-даследчых, навукова-вытворчых, канструктарскіх і ўкараняльніцкіх арганізацый.
З 20 па 25 студзеня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшоў Тыдзень навукі. Усе жадаючыя змаглі бясплатна наведаць Музей гісторыі НАН, пазнаёміцца з унікальнымі экспанатамі археалагічнай экспазіцыі Інстытута гісторыі НАН і Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Вядомыя навукоўцы і маладыя даследчыкі сустрэліся з навучэнцамі, выступілі ў школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах з навукова-папулярнымі лекцыямі.
24 студзеня 2020 года ў НАН Беларусі адбыўся рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля пяцісот прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, маладыя навукоўцы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Лепшым навукоўцам і даследчыкам краіны ўручаны ўзнагароды.
Маргарыта Саковіч
«СП» http://www.kopyl.by



