Нягледзячы на тое, што віноўнікам урачыстасці споўнілася толькі па 14 гадоў, яны ўжо здолелі дасягнуць значных для свайго ўзросту перамог – прадэманстравалі высокія вынікі на розных спаборніцтвах, у алімпіядах і творчых конкурсах, зарэкамендавалі сябе выдатнікамі вучобы, спартсменамі, актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця.
Са знамянальнай падзеяй хлопцаў прыйшлі павіншаваць старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юхо, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Вераніка Падневіч, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Юлія Бурак і старшыня раённага Савета ветэранаў Людміла Каменка.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў маладога пакалення, Сяргей Пілішчык звярнуў увагу на тое, што пашпарт - гэта першы сур'ёзны крок у дарослае жыццё, гэта той дакумент, які пацвярджае, што малады чалавек ужо перасягнуў пэўную рысу і становіцца паўнавартасным грамадзянінам нашай краіны.

Пажаданне юным капылянам прагучала таксама ад Людмілы Каменкі.
– Вы – будаўнікі нашага будучага. І якім яму быць, залежыць ад вас — адзначыла Людміла Міхайлаўна. - Заставайцеся людзьмі, не скупіцеся на дабрыню, ідзіце заўсёды наперад і сваім асабістым прыкладам актыўна прыцягвайце сяброў да ўдзелу ў жыцці нашага горада і раёна.

Вучні гарадскіх устаноў адукацыі Ганна Шпак, Лідзія Сярожкiна і Кацярына Салавей рады атрыманню пашпартоў

Фота на памяць
Павіншавалі дзяцей і прадстаўнікі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.


Пасля цырымоніі ўручэння пашпартоў і падарункаў - маляўнічага выдання «Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь» – са словам у адказ ад моладзі выступіла Аляксандра Смаль, удзельніца абласнога этапу Усебеларускай акцыі «Мы - грамадзяне Беларусі». Школьніца таксама паднесла Сяргею Пілішчыку кнігу «Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь».


У завяршэнне праграмы мерапрыемстваў значылася наведванне Капыльскага раённага краязнаўчага музея, дзе для віноўнiкаў урачыстасці была падрыхтавана экскурсія.

Сваімі ўражаннямі аб удзеле ў цырымоніі хлопцы падзяліліся з намі
Лідзія СЯРОЖКIНА, навучэнка 8 класа сярэдняй школы № 2 г. Капыля, актыўны ўдзельнік агульнашкольных культурна-масавых мерапрыемстваў і патрыятычных акцый, член школьнага валанцёрскага атрада «Міласэрнасць»:
- Ад мерапрыемства, ад прагучаўшых падчас яго слоў засталіся вельмі добрыя, прыемныя, цёплыя адчуванні. І, што самае галоўнае, было вельмі ганарова атрымаць пашпарт і кнігу ў падарунак з рук прадстаўнікоў раённай улады.
Раман МАРУКIН, навучэнец 8 класа гімназіі № 1 г. Капыля, пераможца раённага конкурсу «Слова ў пераплёце», дыпламант 2-й Рэспубліканскай алімпіяды па чытацкай адукаванасцi, пераможца раённага конкурсу даследчых работ, юны карэспандэнт «СП»:
- Гэты дзень запомніцца назаўсёды, бо сёння мне ўручылі мой першы пашпарт. Пры гэтым я вельмі ганаруся, што для яго атрымання мяне запрасілі на такое сур'ёзнае і адказнае мерапрыемства.
ВЕСТА САПОЖНІКАВА, навучэнка 8 класа гімназіі № 1 г. Капыля, карыстаецца аўтарытэтам сярод сваіх аднакласнікаў, спагадная, самастойная, з добрым пачуццём гумару:
- Мне было вельмі прыемна атрымаць важны для любога чалавека дакумент у такой ўрачыстай абстаноўцы. Я адчула сябе на прыступку вышэй, адчула адказнасць за сябе, за сваіх таварышаў.
Кацярына САЛАВЕЙ, навучэнка 8 класа сярэдняй школы № 3 г. Капыля, пераможца рэспубліканскага конкурсу школьных СМІ ў намінацыі «Ты ў эфіры», спартсменка, выдатніца вучобы, юны карэспандэнт «СП»:
- Сёння мяне перапаўняюць невымоўныя эмоцыі. Уразіла і прыемная, сяброўская атмасфера, якая панавала на свяце. Я вельмі рада, што мне выпаў гонар трапіць у лік тых, каму пашпарт ўручылі менавіта напярэдадні Дня Канстытуцыі.
Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ



