Было адзначана, што творчыя працы ўсіх удзельнікаў конкурсу выкананы ў свабоднай, індывідуальна-аўтарскай манеры выкладу - у жанры эсэ. Канкурсанты адлюстравалі індывідуальныя перажыванні і свой погляд па абранай тэме, што не дае аб'ектыўна вычарпальны адказ на пэўнае пытанне, затое адлюстроўвае ўласнае аўтарскае меркаванне (як таго і патрабуе жанр эсэ). У сваіх працах хлопцы разважалі аб «Міфах і легендах Беларусі», выкарыстоўваючы пры гэтым інфармацыю, якая тычыцца роднай Капыльшчыны.

Пераможцам прызнана праца Лізаветы Валнiстай, вучаніцы 11 класа СШ № 2 г. Капыля ім. Цішкі Гартнага (кіраўнік Т. П. Міхайлоўская) на тэму «Погляд у мінулае, сучаснасць і будучыню майго народа». Дадзеная праца накіравана для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.

Свае працы на суд журы таксама прадставілі Ангеліна Ждановіч, вучаніца 7 «А» класа гімназіі № 1 г.Капыля ім. Н.У. Рамашко (кіраўнік Ж. М. Прохарава), Максім Лятчэня, вучань 9 «Б» класа гімназіі № 1 г. Капыля ім. М. В. Рамашко (А. В. Панашчык), Вікторыя Сківіцкая, вучаніца 9 класа СШ № 3 г. Капыля (Л. Л. Жылко).

Як распавяла Алена Міхайлоўская, конкурс праводзіўся ў мэтах папулярызацыі культурна-гістарычных і духоўных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а таксама заахвочвання і стымулявання творчай і грамадскай актыўнасці моладзі.

У якасці арганізатара творчага спаборніцтва выступіла РГА «Белая Русь» сумесна з Беларускім саюзам журналістаў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Саюза пісьменнікаў Беларусі і рэдакцый рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.

Алена Міхайлоўская (злева) з пераможцамі і ўдзельнікамі конкурсу
Маргарыта Саковіч



