Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Ніхто не забудзе: у Капылі прайшлі мерапрыемствы ў памяць пра вязняў гета ў Грозава

17.12.2020

2020-ы год высунуў на першы план пытанне жыцця і існавання не канкрэтных краін і нацый, а ўсёй цывілізацыі ў цэлым.

Слова «пандэмія» і «вірус» сталі звычайнымі ў штодзённым лексіконе. І ўсё ж няма страшней сітуацыі, калі чалавека не вынішчае нябачная хвароба, а іншы суродзіч Homo sapiens.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны ляглі на гісторыю беларускай зямлі незагойнай ранай. Ніколі не забудуць нашчадкі тых наступстваў, якія прынесла самая лютая і бессэнсоўная бойня ў гісторыі чалавецтва. Памятаеце гэтыя радкі Анатоля Вярцінскага:

«Кожны чацвёрты быў мёртвы —
мір і спакой ім вечны!
Кожны трэці быў змораны,
скалечаны і знявечаны.

Кожны другі на целе
меў раны, апёкі ці шрамы.
I ўсе мы, усе мы мелі
на душы сваёй раны». (с)

Зацягнутае хмарамі неба не перашкодзіла сабрацца людзям каля мемарыяла ў вёсцы Грозава Капыльскага раёна. Чацвер 17 снежня 2020 года стаў чарговым звяном у ланцужку людской памяці. Амаль 80 гадоў прайшло з таго часу, як над гэтай зямлёй раздаваліся крыкі малення людзей, стрэкат аўтаматных чэргаў і свіст куль.

Каля 600 чалавек былі закатаваны і забіты ў мясцовым гета падчас вайны. У чэрвені 1941 года Капыльскі раён быў цалкам акупаваны нацыстамі, якія ўключылі яго ў склад Генеральнай акругі «Беларуценiя» рэйхскамісарыяту «Остланд». Лёс мясцовых яўрэяў была прадвызначаны амаль адразу.

Мясцовы зондэрфюрэр, як называлі шэфа раёна, падпарадкоўваўся гебiткамiсару акругі, аддаў загад аб стварэнні гета ў вёсках Канюхі і Грозава, а таксама ў шэрагу іншых населеных пунктаў раёна. Нечалавечыя ўмовы, у якіх нацысты наўмысна ўтрымлівалі людзей, прывялі да таго, што ва ўмовах суровай восені і зімы 1941 года многія з вязняў загінулі. А 18 снежня 1941 здарыцца самае страшнае: 433 чалавекі з гета былі расстраляны. Гэта адбылося за вёскай, у сямі кіламетрах ад Грозава, у лесе, за кар'ерам.

Леў Слобін у сваім артыкуле «Барыс Гімельштэйн - апошні яўрэй мястэчка Грозава» прыводзіць успаміны відавочцаў, якія дайшлі да нас праз мінулыя дзесяцігоддзі: «Перад расстрэламі мясцовыя паліцаі-калабаранты апусцілі лесвіцы ў загадзя выкапаную ў лесе яму. Асуджаным людзям загадалі спускацца ўніз і класціся на бок побач адзін з адным. Калі шэраг запаўняўся, паліцаі расстрэльвалі іх. П'яныя карнікі стралялі абы як, і частка людзей яшчэ жывымі была завалена целамі наступных ахвяр. Дзяцей нават не стралялі, а проста кідалі ў яму»

Удзельнікі патрыятычнага праекта «Памяць сэрца», сабраліся каля памятнага знака і мемарыяла, усталяваных на месцы брацкай магілы. Знак быў пастаўлены ў 1966 годзе, а мемарыял - у 2006, пры садзейнічанні яўрэйскай абшчыны. Памяць загінулых ушанавалі ўскладаннем кветак і хвілінай маўчання. Затым начальнік Капыльскага ДТСААФ Аляксандр Касінскі звярнуўся да прысутных са словамі аб тым, што неабходна шанаваць па вартасці мужнасць сваіх продкаў і не дапускаць памылак мінулага. Член раённага Савета грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз афіцэраў» Барыс Дзенісюк нагадаў, што на Капыльшчыне ёсць мноства вёсак, пацярпелых ад дзеянняў нацыстаў. Адным з прыкладаў з'яўляюцца Свідзічы, у якіх былі забітыя 45 чалавек, сярод іх 15 дзяцей ва ўзросце ад 2 да 16 гадоў. «Вайна забрала нашых дзяцей, паступіўшы бязлітасна і бессэнсоўна. Можа і мiр быў бы іншым, лепш і дабрэй, калі б выжылі гэтыя дзеці», - адзначыў ён.

Першы сакратар раённай ячэйкі БРСМ Вольга Сцяпанава распавяла карэспандэнту МЛЫН.ВУ, што яшчэ са школьнай лавы мясцовым дзецям распавядаюць аб гісторыі роднага краю, аб слаўных старонках партызанскай барацьбы і сумных падзеях у гета. «Актыўная моладзь кожны год прыводзіць у парадак помнікі, сочыць за іх станам. Гэта не толькі даніна памяці, але і папросту наш чалавечы абавязак»

Наступная частка мерапрыемства прайшла ўжо ў Капылі, дзе ў будынку Дома культуры выступіла дырэктар мясцовага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. Яна нагадала прысутным, сярод якіх былі старшакласнікі раённых школ, работнікі сфер адукацыі і культуры, што на тэрыторыі Капыльскага раёна знаходзяцца 183 помніка і абеліска. «Гэта наша мінулае і мы робім усё, каб маладое пакаленне памятала пра свае карані і падзеі, якія адбываліся тут у гады вайны», — адзначыла яна.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, вядомы тэлевядучы Тэнгіз Думбадзэ, які прыбыў з Мінска спецыяльна дзеля сустрэчы з капылянамі, адзначыў, што беларуская зямля заўсёды славілася сваімі людзьмі: «Сёння такое ўражанне, што свет сыходзіць з розуму. Вельмі цяжка ў гэты няпросты час захаваць сваё «я». Вельмі хочацца верыць, што наша моладзь будзе ісці толькі наперад, як гэта рабілі нашы продкі. Сціпласць і жаданне дапамагчы - гэта рыса беларусаў».

Прысутныя ўбачылі 40-хвілінны фільм Тэнгіз Думбадзэ, прысвечаны памяці загінуўшых у гады вайны беларускім яўрэям.

Вельмі хочацца спадзявацца, што пад гэтым сонцам заўсёды будзе жыва памяць аб падзеях вайны і назаўжды ўрэжуцца ў памяць праўдзівыя словы: «Няма генацыду супраць «кагосці», генацыд заўсёды супраць усіх».

Крыніца https://www.mlyn.by

Аўтар артыкула: Дзмітрый Анацко

Аўтар фота: Кацярына Сейнава

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы