Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

На Капыльшчыне абвешчаны старт рэспубліканскаму месячніку, прысвечанаму абаронна-патрыятычнай і спартыўнай працы

04.02.2022

На Капыльшчыне 28 студзеня аб'яўлены старт рэспубліканскаму месячніку, прысвечанаму абаронна-патрыятычнай і спартыўнай рабоце, Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама 95-годдзю ўтварэння ДТСААФ. Пачаткам стаў аўтапрабег па месцах баявой славы.

У мінулую суботу старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый Аляксандр Касінскі сумесна з настаўнікамі і навучэнцамі, прадстаўнікамі першаснай арганізацыйнай структуры ДТСААФ СШ № 2 г. Копыля наведаў вёскі, якія пацярпелі ад агню.

Аляксандр Іванавіч распавёў, што за гады акупацыі (1941-1944) гітлераўцы правялі ў Беларусі больш за 140 буйных карных аперацый. За гэты перыяд імі спалены 9200 сёл і вёсак, 5295 з іх фашысты знішчылі разам з усім ці часткай насельніцтва. Вынікам нацысцкай палітыкі генацыду і «выпаленай зямлі» ў Беларусі сталі 2 230 000 чалавек, знішчаных за тры гады акупацыі. Згодна з удакладненымі звесткамі, загінуў кожны трэці жыхар нашай рэспублікі. Галоўная роля ў знішчэнні людзей на акупаваных немцамі тэрыторыях адводзілася спецыяльна створаным карным паліцэйскім органам і вайсковым фарміраванням нацысцкай арганізацыі СС.

Першай на маршруце ва ўдзельнікаў аўтапрабегу была вёска Вялікія Прусы. На яе ўскраіне знаходзіцца брацкая магіла і ўзвышаецца помнік – тры фігуры: жанчына, стары селянін і партызан, якія замерлі ў чаканні расстрэлу. А таксама бюст палкоўніка Савецкай арміі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза Казлоўскага Ігната Ігнатавіча. Фашысцкія акупанты 26 і 27 верасня 1942 года, не шкадуючы ні маладых, ні старых, забілі 258 мірных жыхароў вёскі Вялікія Прусы.

Да спісу вогненных вёсак адносіцца і Калодзезнае. У лютым 1943 года ў хаты ўрываліся каты, расстрэльвалі ўсіх, нікога не літуючы. Толькі 34 чалавекі з 247 перажылі зверствы гітлераўскіх акупантаў. У 1969 годзе быў узведзены велічны мемарыял у памяць аб ахвярах фашызму, які і наведалі хлопцы.

Яшчэ больш страшная трагедыя спасцігла вёску Жавулкі: 5 лютага 1943 года гітлераўцы ўрываліся ў дамы і аўтаматнымі чэргамі стралялі ў мірных жыхароў, а затым падпальвалі дамы. І як бы страшна гэта ні гучала, але ў асноўным знішчалі дзяцей, жанчын і старых. У перыяд нямецкай акупацыі карным атрадам было спалена 126 дамоў з надворнымі пабудовамі, забіта і спалена 512 мірных грамадзян з іх 113 дзяцей. Помнік, устаноўлены ў маі мінулага года на падмурку аднаго з дамоў, знаходзіцца на краі вёскі як вечны напамін аб страчаных жыццях.

Перад Вялікай Айчыннай вайной пасёлак Прагрэс знаходзіўся на тэрыторыі Пацейкаўскага сельсавета, дзе было 14 двароў і 46 жыхароў. Нямецка-фашысцкія захопнікі 4 лютага 1943 года амаль поўнасцю спалілі пасёлак і забілі 16 чалавек. У мірны час Прагрэс так і не здабыў другое жыццё, а застаўся толькі ва ўспамінах.

Зіма 1943 года аказалася асабліва трагічнай для жыхароў Капыльскага раёна - менавіта тады акупанты бязлітасна нішчылі і людзей, і населеныя пункты.

У вёсцы Масевічы 2 лютага нішто не прадвяшчала бяды. Нацысты прыйшлі нечакана: нібы прывіды выйшлі з лесу ў белай камуфляжнай вопратцы. Яны ўрываліся ў дамы і расстрэльвалі ўсіх, хто там быў. А потым падпальвалі ўсе будынкі... На наступны дзень на месцы Масевічаў пагарэльцы бачылі толькі рэшткі печаў. Тады выжыў толькі адзін чалавек, але будучыня яго невядома. А 130 мірных жыхароў, якія загінулі ахвярамі фашыстаў у той страшны дзень, пахаваны на грамадзянскiх могілках у Рудніках.

У маі 1996 года падчас мітынгу, на якім прысутнічала дэлегацыя з Германii, у падмурак манумента была закладзена капсула са зваротам да нашчадкаў, у якім утрымоўваюцца заклікаючыя да міру словы: «Мы за блакітнае бясхмарнае неба для нашых дзяцей, мы за далейшае прымірэнне двух народаў - беларускага і нямецкага, за ўмацаванне дружбы, даверу і супрацоўніцтва». Урачыстае адкрыццё мемарыяла ў памяць аб загінуўшых ад рук фашыстаў адбылося 23 мая 1998 года.

У 1941 годзе ў вёсцы Вялікая Раёўка было 114 дамоў і 578 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з 29 чэрвеня 1941 года вёска была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. А ў ліпені 1942 года спалена 103 двары і забіта 25 жыхароў. На брацкай магіле пахавана 23 воіна, сярод іх салдаты, сяржанты і афіцэры 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі, 125-га і 234-га гвардзейска-артылерыйскіх палкоў, якія загінулі ў 1944 годзе пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Для ўвекавечання іх памяці і 264 воінаў-партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, у 1967 годзе ўстаноўлены помнік у выглядзе засмучанай жанчыны і 5 пліт, на якіх высечаны прозвішчы загінуўшых.

У 2019 годзе адкрыта месца памяці спаленых вёсак Капыльскага раёна ў Вялікай Раёўцы. Мемарыял адрасаваны маладому пакаленню, у яго аснову легла сучасная канцэпцыя з арт-элементамі. І месца для яго было абрана не выпадкова, бо ў цэнтры ўвагі - дот, які ўваходзіў у агульную сістэму савецкіх фартыфікацыйных умацаванняў «Лініі Сталіна». Цяпер жа ён ператварыўся ў арт-аб'ект, кожны з чатырох бакоў якога мае сваю інсталяцыю і даносіць да гледачоў пэўную ідэю.

Уздоўж дарожкі, якая вядзе да помніка, - апаленыя ствалы дрэў з прымацаванымі да іх шыльдамі, на якіх указаны назвы вёсак Капыльскага раёна, спаленых фашыстамі ў гады вайны, і колькасць загінуўшых у акупацыі мірных жыхароў.

З вялікай цікавасцю хлопцы слухалі Аляксандра Касінскага, які расказваў пра падзеі тых далёкіх і страшных гадоў, якія прыйшлося перажыць мірным жыхарам беларускіх вёсак.

У кнізе «Я з вогненнай вёскі» можна прачытаць словы: «Суд народаў не скончыўся ў Нюрнбергу. Ён працягваецца - у памяці народнай. Суд гэты ідзе не толькі для гістарычнай справядлівасці, ён жывы патрэбны для жыцця. Нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны яго перажыць».

Падрыхтавала Наталля ДАВЫДЗЕНКА

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы з кнігі «Памяць. Капыльскі раён» і інфармацыйны рэсурс «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Крыніца http://www.kopyl.by

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы