На сённяшні дзень вельмі востра стаіць праблема крадзяжу грашовых сродкаў з рахункаў ашуканцамі пад выглядам ілжэбанкіраў, якія тэлефануюць на тэлефоны і выведваюць канфідэнцыйную інфармацыю.
Таму ў мэтах павышэння інфармацыйнай культуры супрацоўнікаў бібліятэк Капыльскага раёна ў раённай цэнтральнай бібліятэцы ім. А. Астрэйка быў праведзены круглы стол «Кіберзлачынствы і іх прафілактыка».
Экспертамі на круглым стале выступілі першы намеснік начальніка Капыльскага РАУС - начальнік крымінальнай міліцыі Дзмітрый Ліпніцкі і старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Арцём Мароцкі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў праінфармавалі аб сучасных метадах і спосабах падману, мерах супрацьдзеяння і прафілактыкі.
Падчас актыўнай гутаркі ўзнімаліся пытанні аб правілах бяспечных паводзін у Інтэрнэт-прасторы, выкарыстанні банкаўскіх пластыкавых картак, спосабах абароны асабістай і карпаратыўнай інфармацыі на электронных носьбітах, а таксама работнікі бібліятэк падзяліліся асабістым вопытам зносін з ашуканцамі. Важнай часткай круглага стала сталі адказы спецыялістаў на пытанні яго ўдзельнікаў.
Таццяна Бохан
Крыніца «СП»