Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

10 лютага - 95 гадоў з дня нараджэння Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага

10.02.2023

«Быць Вам заканадаўцам мод у сусветным аўтамабілебудаванні!» - прароцтва жонкі Генеральнага сакратара ЦК КПСС Раісы Гарбачовай спраўдзілася. Званне Героя Рэспублікі Беларусь было прысвоена нашаму земляку, чалавеку-легендзе Міхаілу ВЫСОЦКАМУ - Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2006 годзе за выключныя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі.

Сусветная навуковая грамадскасць ведае яго як «Чалавек года-1997», чыё імя ўнесена ў 25-е выданне «Слоўніка міжнародных біяграфій» і ў спіс 5000 навукоўцаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё навукі XX стагоддзя, які сваёй самаадданай працай і жыццёвым подзвігам праславіў Беларусь. А вось для аднавяскоўцаў ён запомніўся адкрытым і добрым, простым у зносінах, заўсёды прыходзячым на дапамогу. Я назірала, як, прыязджаючы ў роднае Семежава, Высоцкі не пакідаў без увагі суседзяў па бацькоўскай хаце, распытваючы пра здароўе, дзяцей і ўнукаў, прывозіў падарункі. Яго лёгкасць і весялосць праяўляліся ва ўдзеле ў калядным абрадзе «Цары», ва ўменні кіраваць ткацкім станком. У кампаніі ён мог быць балакам, а яго невычэрпны гумар ствараў усім настрой. Выдатна танчыў, мог заспяваць песню.

Прыходзілася назіраць за іх адносінамі з жонкай Валянцінай Мікалаеўнай. Усёпаглынальнае ўзаемнае каханне, павага. Як іголачка з нітачкай. Ён быў кумірам моладзі. Бо менавіта ён стварыў адзіную ў сваім прызначэнні машыну для вядомай групы «Ласкавы май». Шматфункцыянальную машыну, якая была і домам, і сцэнічнай пляцоўкай, і грымёрнай, і спальняй для таленавітых інтэрнатаўскіх хлопцаў, якія калясяць па ўсім СССР з гастролямі і збіраюць перапоўненыя залы. «Гэта машыны нашага дзядулі Мішы», – ганарылася семежаўская дзятва, убачыўшы МАЗы, якія баразняць абшары зямлі. Вось і родная школа носіць сёння яго імя. А ў 2008 годзе ў Семежаве ў бацькавым доме (Высоцкі перадаў яго бязвыплатна Капыльскаму раённаму краязнаўчаму музею) з'явілася экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці акадэміка, галоўнага канструктара аўтамабілебудавання Рэспублікі Беларусь М.С. Высоцкага. Пры адкрыцці экспазіцыі з намі было строга агаворана: гэта не музей Высоцкага, а беларускай машыне МАЗ, якая створана цэлым калектывам вучоных і інжынераў і вывела нашу краіну на міжнародную арэну.

Сціпласць, вялізная працавітасць і працаздольнасць. Яго патрыятызм быў у стварэнні эканамічнай незалежнасці Беларусі: ён працаваў над стварэннем тэхнікі XXI стагоддзя - аўтацягнікоў з модульнай кампанавальнай схемай. Я бачыла мадэлі гэтых машын, якія дэманстраваліся ў Інстытуце машынабудавання. Гэтаму ён прысвяціў усё сваё жыццё. А колькі ўсяго на гэтым цярністым шляху! Нечуваная смеласць і дзёрзкасць: прыгнаць для дэманстрацыі эксперыментальныя машыны МАЗ да сцен Крамля ў 1970 годзе (калі ўспомніць строгія норавы тых часоў). «…МАЗам было забаронена ўвогуле заязджаць унутр акруговай дарогі. Бо далей было Садовае кальцо, цэнтр, Чырвоная плошча…ДАІ глядзела на МАЗы, як на прышэльцаў з космасу. Інспектары нервова спрабавалі блакіраваць, але машыны рваліся наперад і апынуліся ля самых сцен Крамля каля Дзяржплана, дзе адбылася легендарная сустрэча М.С.Высоцкага з А.М. Касыгіным. Вынік таго неймавернага авантурызму: айчынная машына атрымала ўхвалу і была пастаўлена на канвеер. За яе стварэнне канструктар атрымаў ордэн Леніна.

Неўтаймоўны характар і няўменне дагаджаць каштавалі яму нярэдка дорага. За свой шлях, за свае машыны ён змагаўся як на фронце. І перамагаў. Хаця іх творца не стаў Героем Сацыялістычнай Працы, ні лаўрэатам Ленінскай прэміі. Аднойчы давялося пачуць у размове з Міхаiлам Сцяпанавічам, што хлапчуком ён быў партызанскім сувязным. Гэты факт даваў права лічыцца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, але Высоцкі не скарыстаўся ім. Знаходзячыся ў 1972 годзе ў Вашынгтоне на грандыёзнай выставе транспарту, Высоцкі на пытанне амерыканскага прамыслоўца Генры Форда пра ўражанне аб выставе з уласцівай яму шчырасцю заявіў, што, нажаль, уражанняў няма (савецкая дэлегацыя спазнілася на парад). Амерыканцу спадабалася такая шчырасць, і ён тут жа загадаў паўтарыць парад для савецкіх гасцей. Цалкам двухгадзінны шыкоўны парад усякіх рарытэтаў. Уявіце сабе, у якую капеечку ўляцела гэта Форду. Высоцкі, успамінаючы пра гэта, жартаваў, што атрымаў тады ў «косці», аднак «дыпламатычнасці» так і не навучыўся. Такім быў Міхаiл Сцяпанавіч. Не любiў прахалодных адносін, як кажуць кісла-салодкай міндальнасці. Проста, сапраўды, на ты, усё выразна чорнае і белае. Жыццёвы дэвіз «Будзем даганяць - ніколі не дагонім. Трэба перагнаць - не даганяючы!».

За 35 гадоў працы галоўным канструктарам пры яго ўдзеле і пад яго кіраўніцтвам створана 6 пакаленняў унікальнай аўтамабільнай тэхнікі грузападымальнасцю ад 8 да 240 тон (больш за 300 мадэляў). Мне давялося пабываць у яго кабінеце, бачыць яго за працай, такім эмацыйным, узбуджаным. Ён не баяўся спрачацца, пярэчыць аўтарытэтным людзям, калі бачыў, што суразмоўца памыляецца ці баіцца браць на сябе адказнасць, і добрая ідэя можа быць пахавана.

У яго былі натоўпы вучняў. «Вось што робіць мая моладзь!» – з гонарам гаварыў Высоцкі нашаму Прэзідэнту пры дэманстрацыі модульнага аўтацягніка. «Гэта светлыя галовы, творцы!» - пачуў Кіраўнік дзяржавы пра моладзь і «сярод вялікаўзроставай групы акадэмікаў павесялеў». Нават цяжка хварэючы, прымаючы віншаванні ў дзень свайго нараджэння, за 15 дзён да смерці Міхаiл Сцяпанавіч думаў пра іх, свой маладзёжны кампутарны аддзел, іх будучыню. І я чула яго наказ захаваць маладыя таленавітыя кадры, дапамагаць ім, не абсякаць крылы, бо ім будаваць далей незалежную, эканамічна магутную Беларусь. Там я пачула словы выступоўцаў: «Ніхто ў Беларусі не зрабіў столькі для народнай гаспадаркі, як генеральны канструктар аўтапрама!».

25 лютага 2013 года Міхаіла Сцяпанавіча не стала. Аднойчы ён сказаў: «Хто ведае, што будзе на нябёсах?» А ці праўда, як там яму на нябёсах без яго машын?..

Валянціна ШУРАКОВА

дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея

Крыніца «СП»

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы