Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Народны тэатр гульні і гумару «Капыльскія пацехі» адзначыў 30-гадовы юбілей

04.04.2023

Народны тэатр гульні і гумару «Капыльскія пацехі» адзначыў 30-гадовы юбілей. Адборныя жарты з пярчынкай і смех да слёз даўно ўжо сталі яго візітнай карткай.

1 красавіка, у Міжнародны дзень смеху, на сцэне раённага цэнтра культуры калектыў даў традыцыйную праграму. Дваццаць пятую па ліку! Як заўсёды, напоўненую бліскучым гумарам і самымі пазітыўнымі эмоцыямі.

Аб творчым шляху

Нязменным мастацкім кіраўніком калектыву ўвесь гэты час з’яўляецца Любоў Галубовіч, сапраўдны прафесіянал і чалавек, улюбёны ў сваю справу. А пачыналася ўсё з аднаго конкурсу…

— У 1993 годзе ў Мінскай вобласці ўпершыню быў аб’яўлены конкурс культарганізатараў, а паколькі на Капыльшчыне творчых людзей нямала, было вырашана стварыць адну агульную пастаноўку і выкарыстаць у ёй нашы мясцовыя гульні, — расказвае Любоў Пятроўна. — Да нас яны прыйшлі ў большасці сваёй ад нашых бабуляў і матуляў. Гулялі ў «Пана», білі боб, а яшчэ гаршкі з завязанымі вачыма. Упэўнена, што гэтыя назвы многім знаёмыя з дзяцінства, шчаслівага і бесклапотнага. Я разумела, што з гэтым матэрыялам можна добра папрацаваць, паказаць і расказаць са сцэны пра нешта сэрцу дарагое, проста крыху прызабытае. Гэтым і ўтрымаць гледача.

Любоў Галубовіч не памылілася ў выбраным творчым шляху: задумка трапіла ў цэль! «Капыльскія пацехі» (менавіта так называлася тая гульнёвая праграма) атрымалі ў вобласці першае месца. А далей, як кажуць, пайшло-паехала. Калектыў пачаў выступаць пад аднайменнай назвай.

З таго часу прайшло тры дзесяцігоддзі. За гэтыя гады гісторыя «Капыльскіх пацех» налічвае больш за сто шэсцьдзясят канцэртаў. Пагадзіцеся, нямала. Практычна кожны раз іх выступленні збіраюць аншлагі, а назвы першакрасавіцкіх прэм’ер застаюцца ў памяці многіх гледачоў. Гэдак, як і самі праграмы. Калектыў любяць, на яго канцэрты капыляне ідуць з вялікім задавальненнем. Кожны ведае: сумна сапраўды не будзе. І званне «народны», які тэатр носіць з гонарам і без цяжкасці, пацвярджае, існуе не толькі на паперы — нашы землякі, якія выступаюць у гумарыстычным жанры, даўно прызнаны гледачом.

Варта адзначыць, што «Капыльскія пацехі» неаднаразова станавіліся лаўрэатамі фестывалю народнага гумару, які ўжо шмат гадоў праходзіць у Аўцюках. Першы раз — у 1995 годзе. А ў 2000 годзе на гэтым конкурсе капыляне атрымалі дыплом лаўрэата. Паказвалі гульнёвую праграму на аснове твораў Васіля Шукшына «Да трэціх пеўняў». Гэта была першая гучная перамога тэатра, бо стаць лепшымі сярод мноства падобных калектываў дарагога каштуе.

— Я бралася нават за «Паўлінку» Янкі Купалы, і магу з упэўненасцю сказаць, што атрымалася, — кажа Любоў Галубовіч.

Мастацкі кіраўнік называе яркіх удзельнікаў калектыву, якія ў розныя гады ўваходзілі ў склад «Капыльскіх пацех». Гэта Сяргей Цвірка, Любоў Дубовік, Наталля Лятчэня, Марына Бурак, Святлана Папок і Сяргей Віннік. На юбілейным вечары яны сталі ганаровымі гасцямі. Пакінулі яркі след у гісторыі тэатра Генадзь Ярмак, Аляксандр Драніч, Ірына Дзямідчык і Уладзімір Драчан.

Сёння ў калектыве дзесяць чалавек. Гэта Сяргей Мялешка, Вольга Даманская, Любоў Курачава, Таццяна Вошкат, Антон Шышмароў, Наталля Бужынская, Дар’я Рубан, Захар Нікіценка, Вера Сінякова. І сама Любоў Галубовіч, якая з’яўляецца не толькі кіраўніком і рэжысёрам, але таксама цудоўнай артысткай і вакалісткай. Дарэчы, сцэнарыі да ўсіх выступленняў Любоў Пятроўна піша сама, прыдумляе мініяцюры і сатыру.

— А вось жарты выкарыстоўваем розныя. Вельмі часта тыя, якія нехта з удзельнікаў пачуе ад людзей. Часцяком менавіта яны бываюць самыя вострыя і запамінальныя, — адзначае яна. — Назіраем за побытам мясцовых жыхароў, запісваем небыліцы, анекдоты, жарты. Гэта ўжо на падсвядомым узроўні адбываецца (смяецца). І ведаеце, даўно стала зразумела, што за ўсімі гісторыямі, смешнымі і сумнымі, стаіць нешта большае, чым проста гумар… Гэта невычэрпная душа народа з адметным нацыянальным каларытам.

1 красавіка 2023-га…

У фае цэнтра культуры раскінулася невялікая, але змястоўная выстава. Міжволі звяртаеш увагу на сцэнічныя касцюмы, у якіх удзельнікі выступалі ў розныя гады. А яшчэ старыя афішы… Намаляваныя ад рукі, таму вельмі атмасферныя, вобразныя і экспрэсіўныя.

Шматлікія гледачы аглядалі выставу, а пасля спяшаліся ў залу. З хвіліны на хвіліну распачнецца чарговы канцэрт. «Капыльскія пацехі» парадавалі сваіх прыхільнікаў і сёлета. Цэласную праграму даваць не сталі, а сабралі самыя яркія мініяцюры з пастановак мінулых гадоў. Гэта былі дзве гадзіны шчырага гумару і ўнікальных самабытных традыцый. Першакрасавіцкі вечар ахапіла лавіна бліскучых народных жартаў.

Тут усё ішло ад душы і ад сэрца. Артысты імкнуліся весяліць так, каб хацелася жыць. Імкнуліся насыціць вітамінамі гумару, каб хапіла да наступнай прэм’еры.

Бурнымі авацыямі гледачы сустракалі вершаваныя радкі, напісаныя былым удзельнікам тэатра Мікалаем Майсюком. На юбілейным вечары аўтар прэзентаваў іх удзельнікам цяперашнім. «У Даманскай Вольгі рыса: і спявачка, і актрыса, усё да толку, усё па чыну, яна проста малайчына. Шышмароў Антон выходзіць, каб на сцэне верхаводзіць, талент нам яго раскрыўся, ён на сцэне нарадзіўся. Ёсць адказ на ўсе пытанні па жыцці ў Вошкат Тані, у камандзе першы нумар, яе крэда — смех і гумар. Зробім новую прабежку: пан-спартсмен Сяргей Мялешка, за сваіх заўжды гарой, застаецца ж сам сабой». І гэта толькі невялікі ўрывак з верша капыльскага паэта.

Пасля заканчэння мерапрыемства эмоцыі перапаўняюць, але меркаванні сыходзяцца на адным: канцэрт цудоўны!

— Калі смех падаўжае жыццё, то рыхтуемся рагатаць да глыбокай старасці. Такі зарад сёння атрымалі — надоўга хопіць, — прызнаюцца гледачы.

Пагадзіцеся, падобныя словы для кожнага артыста — самая вялікая ўзнагарода і наймацнейшая матывацыя.

Крысціна ЖОГАЛЬ

Источник «СП»

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы