Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

22 чэрвеня Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

22.06.2023

Яны прайшлі праз выпрабаванні болем, жахамі вайны, засталіся цэлымі і пранеслі сваю любоў праз усё жыццё, пражыўшы годна разам амаль 56 гадоў, не выпусціўшы гонару і павагі людзей. У іх сям'і шчасце вымяралася не матэрыяльнымі выгодамі, а нараджэннем семярых дзяцей.

Пачыналася ўсё ў вёсцы Свідзiчы Капыльскага раёна. У пачатку 1930-х гадоў сям'я Драловых бегла ад голаду з Гомельскай вобласці. Бацька, маці і пяцёра дзяцей запрэглі каня, нешта з рэчаў пагрузілі на павозку, да якой прывязалі карову, і дабраліся да Капыльшчыны. Пасяліліся ў закінутым доме і пачалі абжывацца на новым месцы. Старэйшыя працавалі ў калгасе «Барацьбіт», малодшыя наведвалі школу. Карней скончыў толькі 4 класы: трэба было дапамагаць сям'і. Затым адслужыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі і ў вайне з Фінляндыяй (узнагароджаны медалём «За адвагу»), пра якую ніколі нічога не расказваў.

Яўгенія таксама была са шматдзетнай сям'і. Выйшла замуж за аднавяскоўца, нарадзіла дачку Фаіну. Але шчасце жаночае доўжылася нядоўга: муж загінуў на Халхін-Голе, і яна ў 24 гады стала ўдавой.

Карней дэмабілізаваўся з войска вясной 1941-га. Ён яшчэ раней сімпатызаваў Яўгеніі, а зараз зрабіў маладой жанчыне прапанову, і яна дала згоду. Падалі заяву ў сельсавет і зрабілі памятны здымак. Планавалі не проста ажаніцца, а, як і ўсё, згуляць вяселле. Таму з вялікай стараннасцю працавалі ў калгасе, зарабляючы працадні. Планы парушыў вераломны напад Германіі на Савецкі Саюз. Усе ваеннаабавязаныя 1905–1918 гадоў нараджэння атрымалі позвы на 23 чэрвеня з загадам: з'явіцца ў Слабада-Кучынскі сельсавет да 9.00. Двое маладых людзей, Карней і Яўгенія, вырашылі прыйсці крыху раней, каб афіцыйна аформіць свае адносіны. Справавод сельсавета Астрэйка здзівіўся: «Вайна! А ў іх вяселле?!» Сёння ўжо ніхто не раскажа, хто ў іх былі сведкамі, хто з родных прысутнічаў на рэгістрацыі шлюбу.

Да самой Старыцы калону мужчын-прызыўнікоў суправаджала шматгалосае выццё і галашэнні маці, жонак і блізкіх. Праз некалькі дзён у Слуцку нямецкія самалёты ўначы разбамбілі вайсковыя казармы гарнізона. Нехта загінуў, нехта трапіў у палон, а Карнею з групай землякоў удалося вырвацца з акружэння і вярнуцца дадому. Так, у цяжкі для краіны час пачыналася простае чалавечае шчасце сям'і Драловых. Вайна жорстка прайшлася па іхнім лёсе, тры гады знаходзіліся на мяжы жыцця і смерці.

Выжывалі, як і ўсе аднавяскоўцы: займаліся сельскай гаспадаркай, збіралі дары лесу, лавілі рыбу. Цудам засталіся ў жывых падчас карнай аперацыі гітлераўцаў супраць партызан і мірных жыхароў у лістападзе 1942-га года. Нейкі ўнутраны голас падказаў, што не трэба бегчы ў лес. Ды і як сыходзіць? Акрамя дачкі жонкі ад першага шлюбу ў сям'і было яшчэ двое малых. У самы разгар вайны нарадзіліся сыны Аляксандр і Віктар. Мусіць, гэтая акалічнасць выратавала сям'ю ад смерці. Карнікі забілі ў лесе маці Карнея і 15-гадовую сястру Марыю, загінулі і сваякі Яўгеніі. Партызанская разведка перахапіла здрадніка з мясцовых, які хацеў перадаць у паліцыю спісы партыйна-камсамольскага актыву, дзе адным з першых значылася прозвішча Драловых.

Сам Карней дапамагаў партызанам, чым мог: перадаваў прадукты, цёплае адзенне, зброю і боепрыпасы, вазіў сена для коней. У доме ўвесь час спыняліся разведчыкі, сустракаючыся са сваімі сувязнымі. Спачатку народнымі мсціўцамі сталі яго браты Аляксандр і Іван (камандзір узвода), сястра Наталля, а затым і ён стаў радавым байцом атрада імя Дунаева 27-й брыгады імя У.І. Чапаева. Прызначылі на гаспадарчую пасаду. Вельмі дысцыплінаваны і адказны быў партызан, добра спраўляўся са сваімі абавязкамі.

Пасля вызвалення Беларусі Карней трапіў у 136-ы полк НКУС. Прыйшлося змагацца з акружанымі нямецкімі часткамі, недабітымі паліцаямі, вылоўліваць па лясах дэзерціраў, паваяваў і з польскімі атрадамі Арміі Краёвай, і з літоўскімі нацыяналістамі на тэрыторыі Літвы і заходніх абласцей БССР. Не раз жыццё было на валаску: ворагі стралялі ў спіну з засады, кідалі пад ногі гранаты, побач таварышы падрываліся на мінах. А яго бярог Бог і вялікае чалавечае каханне. Яшчэ душэўныя вестачкі Яўгеніі падтрымлівалі Карнея на ваеннай службе. І ён пісаў лісты добрыя, почырк у яго быў акуратны. Пасылачку прыемную стараўся даслаць: дзецям цукеркі, алоўкі і сшыткі, ёй - духмянае мыла, хустачку.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй у 1941–1945 гг.», «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені і інш. Пасля Перамогі вярнуўся да сям'і. Разам з жонкай былі шчаслівыя, што жывыя, радаваліся нараджэнню яшчэ чатырох дачок і сына. Іх каханне прайшло выпрабаванне часам. Асабістым прыкладам яны імкнуліся выхаваць самыя лепшыя чалавечыя якасці ў іх - цярпенне, працавітасць, любоў да радзімы і людзей. Нягледзячы на цяжкія гады пасляваеннага аднаўлення, ударна працавалі ў калгасе «Новы свет», былі на добрым рахунку. Абодва ўдастоены медалёў «Ветэран працы» і «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна», а Яўгенія Вікенцьеўна за нараджэнне дзяцей – медалём Мацярынства І ступені. Святыя рэліквіі - памятны фотаздымак, пасведчанне аб шлюбе 1941 года, узнагароды, дакументы - вымаюцца з сямейнага архіва ў дні памятных для краіны дат (Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь), калі нашчадкі Карнея і Яўгеніі Драловых збіраюцца ў бацькоўскай хаце ў Свідзiчах успомніць дарагіх ім людзей. Гэта святая падзяка за шчаслівае дзяцінства і пуцёўку ў дарослае жыццё.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

крыніца «СП»

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы