Адрас:

223927, Мінская вобласць,
г. Капыль, пл. Леніна, 6

Рэжым працы

x

Рэжым працы
панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30,
абед з 13.00 да 14.00 (прыём зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб - з 8.00)
субота-нядзеля - выхадны

Рэжым працы службы "адно акно":
панядзелак-аўторак з 8.00 да 17.00,
серада з 8.00. да 20.00
чацвер-пятніца з 8.00. да 17.00
абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00
Субота з 9.00 да 13.00
Нядзеля-выхадны

Прыём грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур

Тэлефон:

+375 (1719) 28-2-60

Факс:

+375 (1719) 55-2-41

Тэлефон «гарачай лініі»:

+375 (1719) 28-2-60

E-mail:

rik@kopyl.gov.by

Для Паўла Рудзені з ААТ «Прэснакі» гэта першае жніво, а для яго калегі Івана Кудзелкі — пяцьдзесят першае!

04.08.2023

Першая і пяцьдзесят першая!

Цяперашняя ўборачная ў якасці вадзіцеля для Паўла Рудзені з ААТ «Прэснакі» - першая. А вось у Івана Кудзелкi — пяцьдзесят першая! У кожнага з іх - свае дасягненні. Толькі ў кагосці пакуль што самыя хвалюючыя, тым асабліва каштоўныя, а ў кагосці — заробленыя шматгадовай працай.

Сезон у разгары

У гэтыя дні надвор'е аграрыяў адкрыта не песціць: праліўныя дажджы не даюць вывесці на палі збожжаўборачную тэхніку. Раніца чацвярга выдалася мокрай, асабліва ў райцэнтры. Але на раён мы ўсё ж выехалі, спадзяючыся, што лівень хоць крыху пацішэе. Як аказалася, не дарма. Сустрэцца з працаўнікамі ААТ «Прэснакі» нам такі ўдалося.

На тэрыторыі зернесушыльнага комплексу ў аграгарадку Камень ажыўлена. У гэтай частцы раёна ліўня не было, але пару кропель не-не ды і ўпадзе на зямлю. Таму ў полі камбайны не спяшаліся, а значыць, Павел Рудзеня і Іван Кудзелка былі заняты працай на КЗС: шустры «Амкадор» грузіў збожжа на МАЗы, а кіроўцы адвозілі яго наўпрост да зернесушылкі на дапрацоўку. І нядзіўна, бо сезон у самым разгары, і нават у такія нестабільныя ў адносінах надвор'я дні, калі тэхніка не ў полі, у сельгаспрадпрыемствах работа кіпіць у звычайным летнім рытме.

Удалы дэбют

Павел Рудзеня першым у раёне сярод моладзі перавёз з поля на збожжаток тысячу тон новага ўраджаю. У гаспадарцы ён не працуе яшчэ і года, але яго паказчыкі гавораць самі за сябе — за даручаную справу ўзяўся з усёй адказнасцю і ўласцівым маладосці энтузіязмам. І толькі песімісты гавораць, што навічкам проста вязе. Насамрэч, у працы на зямлі ўсё залежыць ад працавітасці і стараннасці. Ёсць мэта і жаданне працаваць - чалавек абавязкова знойдзе магчымасці дабіцца высокага выніку. Павел Рудзеня даказаў гэта сваім прыкладам.

Мяркуючы па ўсім, малады кіроўца ведае цану кожнай працоўнай хвіліне падчас уборкі. Выдатна разумее і тое, што хлеб новага ўраджаю будзе карміць нас цэлы год. Таму працуе Павел з поўнай аддачай і імкнецца перавозіць каштоўны груз без страт. Нягледзячы на зусім невялікі стаж працы, у гаспадарцы паспеў зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку. Гарачая пара для Паўла не толькі жніво, але і не менш важная кампанія для аграрыяў - корманарыхтоўка.

Павел Рудзеня

Рудзеня кіроўца хоць і малады, але працавіты. Працы не баіцца і заўсёды выконвае даручэнні, не спасылаючыся на іншых. У гаспадарцы - на добрым рахунку, ды гэта і не дзіўна, бо яго тут ведаюць ужо даўно. Родам ён з Лешні, а некалькі гадоў таму прыйшоў у ААТ «Прэснакі» на абавязковую адпрацоўку пасля Бабруйскага дзяржаўнага аўтатранспартнага каледжа. Потым паступіў у Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, пасля яго заканчэння вырашыў паспрабаваць сябе не ў сферы АПК і ўладкаваўся інжынерам у прыватную фірму. Але жыў увесь гэты час разам з сям'ёй у Прэснаках. З часам пастаянныя раз'езды надакучылі, і Павел вырашыў уладкавацца на працу ў гаспадарку. Ды і жонка Лізавета працуе тут юрыстам, праўда, зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём. А ў маладой сям'і дзетак двое - дачкі Сафія і Аліна. Пайшоў у вадзіцелі і першы ўборачны сезон азнаменаваўся ўдалым дэбютам: на рахунку — першая запаветная маладзёжная тысяча!

Адзін запіс у працоўнай

А вось папярэднія трынаццаць гадоў пальму першынства сярод вадзіцеляў у ААТ «Прэснакі» ўтрымліваў Іван Кудзелка.

— Надышоў час маладых, хай стараюцца і працуюць, — з усмешкай кажа Іван Іванавіч і, жартам, дадае: а мяне ўжо можна і з рахункаў спісваць.

Але не тут было: Іван Кудзелка яшчэ цалкам можа даць фору моладзі. Ды і досведу ў яго хоць адбаўляй, гэта пяцьдзесят першая ўборачная ў яго жыцці і адзін-адзіны запіс у працоўнай кніжцы — ён усё жыццё прапрацаваў у гаспадарцы кіроўцам. А зараз ужо шэсць гадоў як на пенсіі, але нягледзячы на заслужанае права на адпачынак, працягвае круціць абаранак свайго МАЗа.

— Ці то справа цяпер: тэхніка добрая, з кандыцыянерамі, у асноўным усё механізавана. А раней быў час, што новы ўраджай на збожжаток прыходзілася часам рукамі з бартавых машын згружаць, - распавядае Іван Іванавіч. - Цяпер, вядома, прасцей. Але, як бы там ні было, праца аграрыя лёгкай ніколі не была і не будзе.

«Хто, калі не мы?»

Пра такіх, як Аляксандр Рабко, кажуць: майстар на ўсе рукі. Працаўнік гаспадаркі працуе адразу на… дзвюх адзінках! Як гэта магчыма? Ды ўсё проста. На тэрыторыі зернесушыльнага комплексу ў сезон уборачнай рэгулярна знаходзіцца аўтамабіль і пагрузчык. У Аляксандра Анатольевіча ёсць права кіравання і адным, і другім відам тэхнікі. Вось і атрымалася так, што ў гарачы сезон даводзіцца загружаць машыну «Амкадорам», а пасля перасаджвацца і падвозіць збожжа да сушылкі. Вось так і працуе, па графіку «суткі-праз суткі».

— Сам гружу, сам ваджу. Вядома, стомленасць дае аб сабе ведаць, але хто, калі не мы? - кажа Аляксандр Рабко.

Для механізатара такі тэмп - справа цалкам звыклая. Тым больш, у гаспадарцы пастараліся стварыць усе ўмовы для камфортнай працы. Аграрыі забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, ёсць нядрэнныя санітарныя ўмовы.

Аб сітуацыі ў цэлым

У сельгаспрадпрыемствах Капыльшчыны збожжавыя і зернебабовыя культуры трэба будзе ўбраць на плошчы 32 758 га. Па стане на 2 жніўня ўбрана без малога 32% ад плана пры сярэдняй ураджайнасці 38,2 цэнтнера з гектара. Самую высокую прамежкавую ўраджайнасць паказваюць у ААТ «Капыльскае» (59,3 ц/га), «Семежава» (56,2 ц/га), філіялах «Вялікая Раёўка» (48,6 ц/га), «Лакнея» (46 ,6 ц/га) і ААТ «Ціміразеўскі» (42,1 ц/га).

У стопрацэнтным аб'ёме з палёў раёна ўбраны азімы ячмень. Сярэдняя ўраджайнасць гэтай культуры склала 42 цэнтнеры з гектара. Гэта на 13 ц/га менш, чым у мінулым годзе: анамальная двухмесячная засуха ў маі-чэрвені ўдарыла па намалотах і зрабіла каравай гэтага года на парадак лягчэй.

Крысціна ЖОГАЛЬ
Фота аўтара

Крыніца «СП»

Службы і структурныя падраздзяленні

Інфармацыйныя рэсурсы

Інфармацыйныя рэсурсы