Раніца серады на полі каля вёскі Коласаўшчына была не зусім звычайнай. Камбайны, прыехаўшы на працоўныя месцы, не апусцілі жняяркі ў саспелую ніву. МАЗы не занялі прывычную пазіцыю ў чаканні першага сігналу аб тым, што поўны бункер. Усе яны сталі роўным шэрагам на ўскраіне: у гэты дзень лясноўскія хлебаробы прымалі віншаванні з першай намалочанай і перавезенай тысячай тон. Заслужаныя падарункі аграрыям уручылі першы намеснік дырэктара УП «ПIК-Лясное» Сяргей Краўчанка і намеснік дырэктара па раслінаводстве Аляксандр Пнеўскі.
Хутчэй за ўсіх запаветную мяжу пераадолеў экіпаж у складзе Сяргея Міхеда і Антона Свістуна. Сяргей у гаспадарцы працуе даўно, таму сваю працу ведае на выдатна. Тысячу тон збожжа механізатары намалацілі на камбайне КЗС-1218. А дапамаглі ім - выключная працавітасць і жаданне заўсёды быць на вышыні.
Дарэчы, пераможную эстафету Міхед прыняў у леташняга лідэра жніва дасведчанага механізатара Сяргея Клачко. Аднак і Сяргей Уладзіміравіч не моцна саступае сваім калегам. На камбайне «Ньюхоланд» ён працуе ўжо не першы сезон, ведае і адчувае свайго «жалезнага сябра», як ніхто іншы. У 2022-м на старонках газеты Клачко як перадавік з'яўляўся, намалаціўшы першую, другую і трэцюю тысячу, прычым у раённым спаборніцтве.
Які год на лясноўскіх палях працуе і сямейны экіпаж. Гэта бацька з дачкой Аляксандр і Крысціна Рокач. Між іншым, Крысціна — адна з нямногіх маладых дзяўчат, якія з году ў год садзяцца на камбайн, каб убіраць хлеб. Ну і, канешне, нядрэнна зарабіць.
Віншаванні з працоўнымі перамогамі ў гэты дзень прымалі таксама вадзіцелі Сяргей Сянькевіч і Віктар Янушко. На рахунку кожнага — больш за тысячу перавезеных тон.
У жыцці Сяргея Сянькевіча было ўжо больш за сорак уборачных, а вадзіцельскага стажу ў яго без малога сорак пяць гадоў. Пачынаў калісці на машынах «ГАЗ», «ЗІЛ». Цяпер працуе на «МАЗе».
— Вядома, сучасную тэхніку складана параўноўваць са старой, — кажа кіроўца, — МАЗ больш магутны, ёмісты і шустры. Магчыма, хацелася б крыху больш камфорту, але ўвогуле, працуецца нядрэнна. Днямі Сяргей Сянькевіч афіцыйна стане пенсіянерам, але сыходзіць з працы не плануе. Прызнаецца, што пакуль ёсць жаданне і дазваляе здароўе, можна і папрацаваць. Чаму б і не? Тым больш, калі ганаровы ўзрост не перашкаджае ставіць працоўныя рэкорды. Ды яшчэ і працоўны тэмп у гаспадарцы задаваць!
Лясноўскія хлебаробы разумеюць, што палявыя работы трэба выканаць у сціслыя тэрміны. Усе сілы размеркаваны рацыянальна: яны вядуць уборачную, якасць якой на строгім кантролі. І ўсё ж такі перажыванні ёсць. Хлеб трэба прыбраць без страт, кожны колас дарагi. Трэба ўзяць усё, што дала родная зямля, і закласці будучы каравай з задзелам, каб ён быў яшчэ вагавіцей.
Крысціна ЖОГАЛЬ
Фота аўтара
Крыніца «СП»