Узначалілі дэлегацыю старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык і начальнік РАУС Андрэй Мамчыц. Каля Палаца культуры ім. Горкага працавалі выставы аўтатранспарту ДАІ і рэтра-аўтамабіляў, палявая кухня, тэматычная палатка «За бяспеку разам». У фае ўдзельнікаў свята цешылі сваёй творчасцю ансамбль мажарэтак «Фіеста» і іншыя калектывы.
Звяртаючыся да прысутных, начальнік УУС Мінскага аблвыканкама Аляксандр Астрэйка адзначыў, што слоган «100 гадоў з народам» - гэта рэальнае адлюстраванне той службовай дзейнасці, якая тычылася службы ўчастковых інспектараў міліцыі незалежна ад часу - у момант станаўлення службы або ў цяперашні час.
Урачыстым момантам стала ўзнагароджанне ветэранаў і найлепшых супрацоўнікаў, у тым ліку і ўчастковых інспектараў міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Капыльскага РАУС. У ліку ўзнагароджаных — маёр міліцыі Сяргей Лазоўскі, які адзначаны нагрудным знакам «За самаадданую службу» 1 ступені. Пасля заканчэння Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Сяргей Іванавіч вярнуўся ў родны горад. Пачынаў свой шлях у органах з аператыўнага работніка, але лічыць працу ўчастковага цікавейшай і разнапланавай. У зоне нагляду сёння ва ўчастковага знаходзіцца Грозаўскі сельскі савет.
- Дзень участковага інспектара міліцыі застаецца для мяне і маіх калег самым сапраўдным святам, - лічыць Сяргей Іванавіч. - Атрыманая ўзнагарода - стымул працаваць яшчэ лепш. Дарэчы, яшчэ ў 2020 годзе я быў адзначаны нагрудным знакам «За самаадданую службу» 2 ступені, а цяпер атрымаў яшчэ і 1 ступені. Галоўнае для мяне - дапамагаць людзям. Усё астатняе – другараднае.
Калі чалавек выдатна выконвае свае службовыя абавязкі, заахвочванне прыходзіць да яго неадкладна. Узяць, напрыклад, старшага ўчастковага інспектара міліцыі Вячаслава Паўловіча, які ў гэты дзень быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ служыць участковым з 2009 года. Прызнаецца, што задаволены выбарам прафесіі, бо яна дазваляе быць бліжэй да людзей, часцей размаўляць з насельніцтвам і дапамагаць яму. Участак у яго не з простых - Цімкавіцкі сельскі савет: тут пражывае шмат маладых сем'яў і пажылых людзей.
— Самае галоўнае — уменне знайсці агульную мову з чалавекам, зразумець яго праблему і дабіцца ўзаемаразумення, — лічыць участковы. — Гэта ўзнагарода — стымул працаваць лепш і якасней, прыемна, калі твая праца адзначана.
Галоўным героем дня таксама стаў і старшы ўчастковы інспектар міліцыі Дзмітрый Кукушкін, які адзначаны нагрудным знакам «За ўклад ва ўмацаванне правапарадку». Ганаровай граматай УУС Мінскага аблвыканкама капітан міліцыі Эдуард Шашкін, а Падзякай начальніка УУС Мінскага аблвыканкама - старшы лейтэнант міліцыі Дзяніс Баркоўскі.
Таццяна Бохан
«СП»