Штогод падчас акцыі кіраўнікі органаў дзяржкіравання, мясцовых улад, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам, Калядамі і ўручаюць падарункі, аказваюць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем. Да дабрачыннай акцыі далучацца грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі.
У раёне ў рамках правядзення дабрачыннай акцыі пройдуць маштабныя мерапрыемствы. Так, 28 снежня навагодні ранішнік сустрэне адораных дзяцей, дзяцей-сірот і пакінутых без бацькоўскай апекі, дзяцей-інвалідаў. Павіншуюць і тых, хто напярэдадні Новага года будзе праходзіць лячэнне ў стацыянары цэнтральнай раённай бальніцы.
Навагоднія віншаванні пройдуць для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, а таксама ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічным цэнтры Капыльскага раёна. Падарункі для гэтых віншаванняў падрыхтуюць райвыканкам, грамадскія і прафсаюзныя арганізацыі.
Падарунак ад райвыканкама і РК ГА «БРСМ» атрымае першы малы, які з'явіўся на свет у новым годзе. У рамках акцыі «Нашы дзеці» запланавана правядзенне яшчэ адной традыцыйнай дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды».
Кожны з нас можа далучыцца да гэтых мерапрыемстваў і падарыць цуд пад Новы год тым, хто ў ім асабліва мае патрэбу.
Крысціна ЖОГАЛЬ
«СП»