Традыцыйная ІХ зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу сёлета сабрала каля 150 удзельнікаў. Нарэшце, не так як у мінулыя гады, яна апраўдала сваю назву, што дало магчымасць уключыць у праграму хоць адзін па-сапраўднаму зімовы конкурс — лыжныя гонкі. І, вядома ж, снег і мароз стваралі святочны настрой. Такім чынам, 15 каманд-удзельніц паказалі свае ўменні і навыкі ў спорце.
Арганізатарам мерапрыемства, якое прайшло на базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, выступіла Капыльская раённая арганізацыя работнікаў аграпрамысловага комплексу. Адкрыў спартакіяду старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык: ён пажадаў аматарам здаровага ладу жыцця ніколі не губляць імкнення перамагаць, а ў маючых адбыцца выступленнях — поспеху, выдатнага самаадчування і найлепшага настрою. Так і атрымалася.
Камандам неабходна было прадэманстраваць свае сілы і майстэрства ў васьмі відах спорту. Праграма спартакіяды ўключала агульнадаступныя спартыўныя дысцыпліны: як ужо адзначалі, лыжныя гонкі, плаванне, баскетбольны конкурс, дартс, кіданне набіўнога мяча (дарэчы, у апошніх дзвюх асобна ўдзельнічалі і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў). Трэба было таксама паскакаць са скакалкай. Акрамя таго ўдзельнікі спаборнічалі ў перацягванні каната — самым відовішчным конкурсе. Забягаючы наперад, скажу, што вельмі ўразіла каманда з ААТ «Прагрэс 2010», асілкі якой, на першы погляд, атлетычна скла-дзеныя хлопцы, прайшлі амаль ўсе этапы, не змаглі толькі перацягнуць сапраўдных цяжкавагавікоў з Семежава. Захапляльнай стала і камбінаваная эстафета, дзе спартсменам трэба было паказаць спрыт і ўменне ў вядзенні футбольнага і баскетбольнага мячоў паміж конусамі, бегу з утрыманнем тэніснага мяча на ракетцы, перамяшчэнні па купінах.
Падчас актыўнага адпачынку час ляціць незаўважана. Вось і спаборніцтвы наблізіліся да завяршэння. Судзейская калегія падвяла вынікі, а першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталь Ракевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Сцяпура ўручылі заслужаныя ўзнагароды пераможцам.
Такім чынам, перамогу святкавалі спартсмены з ААТ «Старыца-Агра», на другім месцы — Капыльскі дзяржаўны каледж, на трэцім — ААТ «Семежава». Некаторыя каманды былі ўдастоены падарункаў вытворчасці УП «Капыльскі кааппрам», якія ўручыла дырэктар прадпрыемства Тамара Абрамовіч.
Гутарым з пераможцамі і ўдзельнікамі
Марыя КРАЎЧАНКА, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Старыца-Агра»:
— Вельмі радуе, што выступілі так паспяхова. Каманда падрыхтаваная, зладжаная, энергічная. Вельмі шмат моладзі, якая сябруе з фізкультурай і спортам. У склад каманды ўвайшлі як спецыялісты, так і простыя рабочыя.
Яўген ЗДАНОВІЧ, загадчык мехмайстэрняў ААТ «Піянер-Агра»:
— Спаборніцтвы спадабаліся. Мы вельмі стараліся, каб з лепшага боку паказаць сябе. Дарэчы, прымаем удзел кожны год. У нашай гаспадарцы многа маладых людзей, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. выступілі паспяхова, наколькі ведаю, у выніку з райаграсэрвісам падзялілі 6-7 месца. Нам дапамагла маладосць і актыўнасць. Быць здаровым — гэта зараз модна!
Фота аўтара
Автор: Сергей Козел
«СП»