Наш раён годна прадставіў навучэнец Капыльскага дзяржаўнага каледжа Кірыл Кальцоў. За бізнэс-праект «Кейтэрынг як сродак прамоўтынгу турыстычных паслуг у рэгіёне» хлопец быў узнагароджаны каштоўнымі падарункамі і сертыфікатам удзельніка.
На думку Кірыла, удзел у конкурсе дазволіў яму атрымаць каштоўны вопыт, парады і крытыку ад журы. Бо ўбачыць на свае вочы астатніх удзельнікаў і іх праекты - гэта добрая матывацыя развівацца і станавіцца лепш.
З ПЕРШЫХ ВУСТ
- Адзначу, што кейтэрынг - гэта аказанне паслуг па арганізацыі харчавання на аддаленых пунктах, - распавядае сутнасць сваёй працы навучэнец Капыльскага дзяржаўнага каледжа. - І гэта тэма для мяне стала цікавай. Рэалізацыя праекту пачалася з працы даследчага характару па вывучэнні рэгіянальнай кухні. Было важным сабраць інфармацыю пра кухню ад мясцовых жыхароў рэгіёна, бо многія стравы могуць стаць упрыгожаннем нашага стала, дапоўніўшы сучаснае меню, зрабіць яго разнастайным і карысным. «Кейтэрынг як сродак прамоўтынгу турыстычных паслуг у рэгіёне» з'яўляецца найбольш перспектыўным напрамкам у развіцці сядзібы «Мядовая заімка», там наш каледж спрабуе наладзіць турыстычныя маршруты Капыльскага раёна. Унікальнасць бізнес-праекта заключаецца ў прыцягненні турыстаў за кошт выкарыстання аўтэнтычнай кухні рэгіёну з абслугоўваннем па метадзе кейтэрынгу. Стравы прыгатаваны на аснове агародніны, садавіны, ягад і духмяных траў, якія вырошчваюцца на тэрыторыі «Мядовай заімкі». І ўсе яны з'яўляюцца эка-прадуктамі, бо пры іх вырошчванні выкарыстоўваюцца выключна натуральныя ўгнаенні і ручная апрацоўка.
Сумесна з выкладчыкамі каледжа была не толькі вывучана мясцовая кухня, але дапоўнена і ўдасканалена. У якасці прыкладу служыць страва «Мяса ў збанку «Яблычны Рай». Акрамя традыцыйна тушанага мяса з сезоннай гароднінай, мы ўвялі ў рэцэптуру свежыя ці сушаныя яблыкі ў залежнасці ад сезону. Гэта дапамагае выкарыстоўваць рэсурсы пладовага саду, закладзенага на «Заімку». Для надання сучаснасці страве выкарыстоўваем зеляніну, духмяная трава, якія гадуюцца ў секцыі «Зялёная аптэка». Таксама мы прапануем выкарыстоўваць эка-посуд: кераміку, дрэва, паперу.
Безумоўна, у развіццё праекта неабходна ўкладваць фінансавыя і маральныя рэсурсы, але мы ўжо вылучылі некалькі ідэй, якія з'яўляюцца асноватворнымі. Таксама распачалі працу над стварэннем сайта. У дадзены момант існуе яго макет, дзе існуюць дзве старонкі, на якіх размешчаны кароткая інфармацыя аб праекце, гісторыя зараджэння ідэі, этапы развіцця і дасягненні, а таксама намаляваны стравы і іх рэцэптура, якія мы можам прапанаваць. У будучыні макет можа дапаўняцца. Так, напрыклад, можна стварыць сістэму зваротнай сувязі з кліентам і водзывы. Прадугледжваецца і супрацоўніцтва з мясцовымі фермерамі, рамеснікамі, якія займаюцца выпускам посуду па старажытных беларускіх тэхналогіях, і жыхарамі рэгіёну. Адзначу, што наш праект пераследуе не толькі камерцыйныя інтарэсы, але і садзейнічае захаванню нацыянальнай культуры, традыцый, фарміраванню патрыятычных пачуццяў.
Аўтар: Таццяна Бохан
«СП»