– Лічу, што прыняць удзел у выбарах і аддаць свой голас за аднаго з дэпутатаў – святы абавязак кожнага беларуса, – гаворыць Яўген Сівец. - Ад нашага выбару залежыць, хто будзе прымаць рашэнні на рэспубліканскім, абласным і мясцовым узроўнях. Гэтыя людзі напрамую ўплываюць на развіццё эканомікі нашай рэспублікі. А значыць, і на дабрабыт яе жыхароў. Мы разам павінны ствараць квітнеючую Беларусь. Краіну, адкрытую для жыцця і вольную ад войн і іншых хваляванняў. Бо самае страшнае - гэта вайна.
Сапраўды, каму, як не Яўгену Сіўцу лепш за ўсё пра гэта ведаць. Не па чутках... Ён - былы малалетні вязень канцлагера падчас Вялікай Айчыннай вайны. Хоць і быў зусім яшчэ ў юным узросце, ведае пра тыя страшныя гады пазбаўленняў, голаду і холаду.
- Сёння я маю ўсе даброты цывілізацыі, бытавы камфорт і своечасовыя пенсійныя выплаты. І гэта мой выбар! Менавіта такім я бачу сваё жыццё. Таму да выбараў я і ўся мая сям'я падыходзім адказна, галасуючы розумам, - падсумоўвае выбаршчык.
Фота аўтара
«СП»