Сёння, у светлы велікодны панядзелак, Капыльшчына далучылася да традыцыйнай дабрачыннай акцыі. Старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык, яго намеснік Ірына Юхо, настаяцель Спаса-Узнясенскага храма, протаіерэй Сергій Чарны наведалі Грозаўскі сацыяльны пансіянат «Ліпавы рай», каб асабіста павіншаваць пастаяльцаў з Вялікаднем і падарыць ім святочны настрой.
Ганаровых гасцей сустракалі супрацоўнікі пансіяната ў яркіх касцюмах з традыцыйным велікодным пірагом, які сімвалізуе гасціннасць і святочную ўрачыстасць.
Звяртаючыся да пастаяльцаў пансіяната Сяргей Пілішчык адзначыў, што Вялікдзень — гэта свята дабра, міласэрнасці і надзеі.
— Для нас важна, каб ніхто не адчуваў сябе самотным, асабліва тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльных установах. Бачыць шчырыя ўсмешкі і падзяку — гэта самае каштоўнае, — падкрэсліў кіраўнік раёна.
— Вялікдзень Хрыстовы — гэта час асаблівай радасці і адзінства, калі мы пакліканы дзяліцца любоўю і міласэрнасцю з тымі, хто асабліва мае патрэбу ў падтрымцы, — кажа айцец Сергій. — Няхай святло Уваскрэсення Хрыстовага сагравае сэрцы ўсіх, хто сёння прыняў нашы сціплыя дары і словы суцяшэння.
Падчас акцыі «Падары радасць бліжняму», якая праходзіць пры падтрымцы Мінаблвыканкама і Мінскай мітраполіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, пажылыя людзі і людзі з абмежаванымі магчымасцямі атрымалі не толькі цёплыя словы і ўвагу, але і святочныя падарункі.
Акцыя «Падары радасць бліжняму» ўжо некалькі гадоў аб’ядноўвае прадстаўнікоў улады, царквы і грамадскасці, каб падтрымаць самых уразлівых членаў грамадства. Гэты дзень — яшчэ адно пацвярджэнне таго, што дабро і міласэрнасць застаюцца неад’емнай часткай нашых традыцый.



